Супернік Лукашэнкі — паляк
За пост прэзідэнта на будучых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будзе змагацца паляк з паходжання, эканаміст Яраслаў Раманчук.
Я. Раманчук нарадзіўся ў Сапоцкіне Гродзенскага раёна, і на малой радзіме мае рэпутацыю чалавека, які зрабіў ашаламляльную кар’еру, хоць ніколі не займаў высокіх дзяржаўных пасадаў, а яго даходы (каля $400 у месяц) параўнальная з сярэднімі па краіне. У Сапоцкіне няма чалавека, які б не хваліўся, што «наш Ярык будзе змагацца з Лукашэнкам за пасаду прэзідэнта».
З праграмай
У афіцыйна яшчэ не абвешчанай, але ўжо актыўна ладжанай апазіцыйнымі кандыдатамі прэзідэнцкай кампаніі Раманчук выступае з найбольш развітай і найбольш комплекснай праграмай, якая праходзіць пад лозунгам «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі». Па словах Раманчука — прыхільніка свабоднага рынку —
рэформы, праведзеныя ім, за два гады могуць павялічыць сярэдні заробак у Беларусі да $600 (Аляксандр Лукашэнка абяцаў $500 да канца году).У геапалітычных пытаннях Раманчук з’яўляецца прыхільнікам партнёрства з Расіяй, Украінай і ЕС. Адсутнасць антырасійскіх лозунгаў у яго праграме і ладжаныя ім мерапрыемствы могуць сведчыць пра неблагія шанцы гэтага кандыдата быць падтрыманым Крамлём, які ўсё больш канфліктуе з Лукашэнкам. Такога кшталту спекуляцыі распаўсюдзіліся, калі Лябедзька і Раманчук сустрэліся ў Маскве з уплывовымі расійскімі палітыкамі — Анатолем Чубайсам і міністрам фінансаў Аляксеем Кудрыным.
Ганарыцца каранямі
У выказваннях палітыкаў пра Раманчука і артыкулах журналістаў рэдка згадваецца яго нацыянальнасць. Між тым, ён ніколі не хаваў, што ён паляк. У адным з інтэрв’ю ён прызнаўся, што за савецкай уладай яго праз польскае паходжанне не прынялі ва ўніверсітэт, які рыхтаваў вайскоўцаў. Раманчук адным з першых уступіў у 1989 у паўсталы Саюз палякаў Беларусі (у той час — Аб’яднанне імя Элізы Ажэшкі). Пасля канфлікту Саюзу палякаў з уладамі адназначна заняў бок непрызнанай уладамі арганізацыі. Дэкларуе прыхільнасць да каталіцызму.
Гутарка з Яраславам Раманчуком
Не мяркуйце пра мяне зыходзячы з майго паходжання, — кажа Яраслаў Раманчук, кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі ад апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі.— Апазіцыя не адмаўляецца ад магчымасці вылучэння адзінага кандыдата на блізкіх прэзідэнцкіх выбарах. Як вы ацэньваеце свае шанцы на тое, каб стаць прадстаўніком усёй беларускай апазіцыі?
Яраслаў Раманчук: Я лічу, што маю найлепшыя шанцы, таму што сярод многіх апазіцыйных палітыкаў, якія заявілі пра жаданне ўдзельнічаць у выбарах, на гэта рэальна могуць разлічваць толькі тры чалавекі. Акрамя мяне, гэта Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Някляеў. І калі апазіцыі патрэбны новы твар на выбарах, мая кандыдатура падыходзіць ідэальна.
— Нягледзячы на тое, што Вы паляк і сябра непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі?
— Тое, што я паляк, перашкаджае толькі зацятым нацыяналістам, але не нармальным людзям, беларусам, якія ацэньваюць палітыка па ягонай праграме, яго поглядах і ўчынках, а не па этнічным паходжанні. Маё сяброўства ў Саюзе палякаў Беларусі можа быць выкарыстанае супраць мяне з боку дзяржаўнай прапаганды. Пакуль, аднак, такога не было.
— Вы і Вашая партыя маеце цесныя кантакты з расійскімі палітыкамі. А якія польскія групоўкі Вам найбліжэйшыя?
— У Маскве ў нас ёсць партнёры і сябры, асабліва ў дэмакратычным асяроддзі, ад якога зыходзіць крытыка на адрас Крамля. Што да Польшчы, то наша партыя ўжо даўно мае партнёрскія стасункі з «Грамадзянскай платформай», але можна таксама казаць і пра паспяховае супрацоўніцтва з «Правам і справядлівасцю». Мы вельмі радыя, што гэтыя дзве асноўныя палітычныя сілы Польшчы, якія канкуруюць паміж сабой, маюць аднолькавы падыход да праблемы палякаў у Беларусі і праблемы дэмакратыі ў Беларусі.
Rzeczpospolita