Штрафы за кветкі ў Дзень незалежнасці
Па словах абвінавачвання, 27 ліпеня чатыры чалавекі на плошчы Якуба Коласа хапалі міліцыянтаў за рукі ды форму, адштурхоўвалі, брыдка лаяліся ды пагражалі праблемамі на службе. Адным словам — паводзілі сябе неадэкватна.
Для ўсіх падсудных з боку абвінавачвання сведкамі выступілі капітан міліцыі Дзмітры Валынцаў, супрацоўнікі міліцыі спецыяльнага прызначэння Багдан Жакун, Андрэй Целіхавец, якія 27 ліпеня пасля ускладання кветак на плошчы Якуба Коласа затрымалі самых актыўных удзельнікаў, якія нібыта парушалі грамадскі парадак і спакой грамадзянаў.
Вячаслаў Сіўчык заявіў хадайніцтва аб беларускамоўным вядзенні судовай справы. Атрымаў адмову. Астатнія просьбы: у дапамозе адваката, далучэнні да справы фотаздымкаў з мерапрыемства, прыцягненні новых сведак — былі задаволены.Мікола Дземідзенка на судовае паседжанне не з’явіўся. Юнак перадаў заяву, дзе прасіў разглядаць судовую справу ў яго адсутнасць.
Як распавёў у судзе Дзмітры Валынцаў, сабраныя на плошчы Якуба Коласа людзі выкрыквалі лозунгі, сярод якіх прысутнічала нецэнзурная лаянка. Па словах капітана міліцыі, на плошчы Коласа былі менавіта лозунгі, якія — не памятае, сэнсу не ведае. Але цвёрда перакананы, што чуў іх. “Гэта быў мітынг — там была сімволіка ў выглядзе бела-чырвоных кветак,” — пракаментаваў на судзе Багдан Жакун.
На пытанне Кацярыны Давыдзік, што было ў яе руках, Андрэй Целіхавец адказаў: “Вашыя рукі былі на маіх плячах, пагонах і на нагах. Можа ў вас нож быў!” Аналагічныя паказанні даў другі сведка. Як маленькая дзяўчынка адначасова прыставала да двух мажных міліцыянтаў сведкі не патлумачылі.Пасля суду сведкі з боку міліцыі каментаваць свае паказанні адмовіліся. Сведкі з боку абароны наракалі на гнілую судовую сістэму ў Беларусі.
27 ліпеня пасля ускладання кветак на плошчы Якуба Коласа дэмакратычных актывістаў традыцыйна абвінавацілі ў брыдкаслоўі па адміністрацыйным артыкуле 17.1. Пасля ночы ў размеркавальніку на Акрэсціна, судовыя разбіральніцтвы былі перанесеныя на 5 жніўня.
Юльян Місюкевіч