Беларускія міратворцы накіруюцца на падтрымку міру і бяспекі ў Ліван
03.08.2010
—
Новости Политики

Беларускія ваеннаслужачыя возьмуць удзел у місіі ААН у якасці афіцэраў штаба місіі, урачоў шпіталя, а таксама спецыялістаў па ваенна-грамадзянскім узаемадзеянні. Функцыянальныя абавязацельствы беларускіх прадстаўнікоў будуць звязаны з інфармацыйным забеспячэннем дзейнасці місіі, аказаннем медыцынскай дапамогі міратворцам, ажыццяўленнем узаемадзеяння Часовых сіл з цывільным насельніцтвам і грамадскімі арганізацыямі.
Рашэнне аб накіраванні беларускіх спецыялістаў "прынята на падставе абавязацельстваў Беларусі, якія вынікаюць з далучэння рэспублікі ў 2001 годзе да сістэмы Рэзервовых пагадненняў ААН, якія рэгулююць удзел дзяржаў — членаў арганізацыі ў міратворчай дзейнасці, а таксама ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2003 года № 254-З "Аб парадку накіравання ваеннаслужачых, асоб кіруючага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, цывільнага персаналу за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі".
Падрыхтоўка беларускіх міратворцаў "праводзілася ў строгай адпаведнасці з прынцыпамі добраахвотнага ўдзелу, прававой і сацыяльнай абароненасці міратворцаў, усебаковага матэрыяльнага і тэхнічнага забеспячэння".
Выкананне гэтага ўказа "пацвердзіць прыхільнасць Рэспублікі Беларусь справе ўмацавання міжнароднага міру пад эгідай ААН і ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права, а таксама дасць магчымасць узмацніць пазіцыі краіны на міжнароднай арэне, стварыць новыя механізмы для рэалізацыі яе знешнепалітычных інтарэсаў", гаворыцца ў паведамленні.
Крынiца: Народная Воля