Рыгор Кастусёў: Застаюцца палітычныя сілы гатовыя да рэвізіі нацыянальнага выбару
Кастусёў асабіста перадаў тэкст звароту ў канцылярыю Савета міністраў. Таксама зварот быў разасланы ў Адміністрацыю прэзідэнта, генеральнаму пракурору, спікерам палат парламента, у камітэт дзяржкантролю, рэдактару «Советской Белоруссии».
«Як і 20 гадоў таму, БНФ верны прынцыпам, абвешчаным у Дэкларацыі. У той жа час па‑ранейшаму застаюцца палітычныя сілы, якія гатовыя да рэвізіі нацыянальнага выбару, што быў зроблены беларусамі дваццаць год таму. Імперскія амбіцыі, скіраваныя супраць прынцыпаў Дэкларацыі 27 ліпеня, будуць асуджаныя на паразу незалежна ад формы выяўлення гэтага імперыялізму, нават калі ён апране ліберальную тогу», — мяркуе Р.Кастусёў.Намеснік старшыні Партыі БНФ заклікае правесці справядлівыя выбары. «Я заклікаю ўсе палітычныя сілы краіны, партыі, дзяржаўныя і грамадскія структуры аб’яднаць намаганні і не дапусціць нарастання пагрозаў дзяржаўнаму суверэнітэту нашай краіны. Гэта магчыма толькі пры ўмове правядзення бліжэйшай выбарчай кампаніі ва ўмовах дэмакратычнай канкурэнцыі і свабоды выбару. Калі кампанія будзе весціся па звыклым адміністратыўна‑рэпрэсіўным сцэнары, то гэта зробіцца важкім козырам у руках знешніх сілаў, якія прагнуць дэстабілізацыі і разбурэння нацыянальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, з мэтай штучнага стварэння падставаў для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы нашай краіны».
ЗП