Еўракамісар Фюле абвергнуў словы Лукашэнкі
Фюле зазначыў, што «пакарыстаўся першым афіцыйным візітам у Беларусь, каб нагадаць: павага фундаментальных правоў і свабод — аснова палітыкі ЕС у адносінах да суседзяў і ключавы фактар развіцця двухбаковых адносін».
«Толькі паважаючы гэтыя фундаментальныя, усеагульныя каштоўнасці, Беларусь зможа поўнасцю пакарыстацца патэнцыялам, які прапаноўвае ЕС як у межах Еўрапейскай палітыкі добрасуседства ў цэлым, гэтак і палітыкі „Усходняга партнёрства“ ў прыватнасці», — сказаў Фюле.
Як паведамлялася раней, на сустрэчы ў Мінску з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных партый еўракамісар запэўніў, што абмяркуе з афіцыйнымі структурамі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, каментуючы сустрэчу са Штэфанам Фюле, паведаміў журналістам: «Дзякуй богу, мы не закраналі ні пытанні палітыкі гэтай, ні дэмакратызацыі і г.д.».Паводле слоў прэзідэнта, галоўнымі пытаннямі перамоў былі візавы рэжым («чым нашы грамадзяне правініліся перад вамі?»), «Усходняе партнёрства» і зона свабоднага гандлю («чаму вы блакіруеце нашы тавары, мы ж вашы не блакіруем»).
Марына Рахлей, БелаПАН.