Рубінаў запрасіў Гімпу ў Беларусь
Як паведамляецца, Рубінаў і Гімпу і абмяняліся думкамі па сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў абедзвюх краінах і рэгіёне.
Закраналася тэма рэалізацыі шэрагу сумесных праектаў, наладжвання партнёрства і стварэння малдаўска-беларускіх сумесных прадпрыемстваў у мэтах забеспячэння рынкаў збыту дзвюх краін якаснымі прадуктамі і паслугамі. Гімпу таксама падкрэсліў важнасць развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах грамадзян дзвюх дзяржаў. Ён заклікаў Беларусь ўсталяваць неабходныя эканамічныя механізмы для экспарту малдаўскіх вінаў на беларускі рынак. Міхай Гімпу таксама папрасіў беларускія ўлады аказаць дапамогу ў пераадоленні наступстваў паводак, што адбыліся ў Малдове, у першую чаргу ў будаўніцтве жылых дамоў для пацярпелых.
Суразмоўцы закранулі і важную для Малдовы прыднястроўскую праблему, адзначыўшы, што стабільнасць у рэгіёне залежыць ад добрых адносінаў паміж суседнімі краінамі -- Малдовай, Украінай і Беларуссю. Расея да суседзяў не была аднесеная.
Анатоль Рубінаў запрасіў Міхая Гімпу ў бліжэйшы час ажыццявіць афіцыйны візіт у Мінск для вызначэння мэтаў двухбаковага і рэгіянальнага супрацоўніцтва. Варта адзначыць, што Гімпу належыць да шэрагу персона нон грата для Масквы пасля таго, як ён увёў памятную дату Дзень савецкай акупацыі. Гімпу — лідэр Ліберальнай партыі Малдовы, што гуртуе правыя, нацыянальныя сілы ў краіне.
Такім чынам, услед за выступамі Саакашвілі і Затлерса беларусы змогуць пачуць і голас незалежнай Малдовы. Такія сігналы падае Мінск Захаду, на падтрымку якога ў канфлікце з Расіяй спадзяецца.
Цікава, што лукашэнкаўскае агенцтва БЕЛТА пакуль нічога пра сустрэчу і запрашэнне Гімпу не паведамляе. Інфармацыя пра тео прыйшла з малдаўскіх крыніц.
Сяргей Гезгала