Журналісцкая супольнасць бароніць «Салідарнасць» ад Ярашука
Група вядомых беларускіх журналістаў 19 ліпеня выступіла з заявай у падтрымку інтэрнет-газеты «Салідарнасць». Нагодай для публічнай заявы стаў ціск на інтэрнет-рэсурс з боку прафсаюзных функцыянераў.
Падаем тэкст заявы цалкам:
«Традыцыйна напярэдадні выбараў узмацняецца ціск з боку ўлады на незалежныя сродкі масавай інфармацыі. У гэтых умовах недзяржаўным грамадска-палітычным СМІ асабліва патрэбныя не толькі салідарнасць і спрыянне з боку грамадскіх арганізацый, палітычных партый ды іншых структураў дэмакратычнай супольнасці, а і наогул стратэгія ўзаемадзеяння.
У звязку з гэтым мы выказваем сваю занепакоенасць з нагоды таго, што асобныя прафсаюзныя функцыянеры спрабуюць паставіць пад кантроль дзейнасць незалежнага інтэрнэт-выдання «Салідарнасць». Прынцыповая пазіцыя гэтага сайту ў дачыненні да некаторых негатыўных момантаў у беларускім прафсаюзным руху прывяла да таго, што супраць рэдакцыі былі высунутыя недарэчныя і беспадстаўныя абвінавачванні.
Стаўленне да свабоды слова вызначае ўзровень дэмакратычнасці поглядаў саміх палітыкаў.
Асаблівае шкадаванне выклікае інцыдэнт, які адбыўся 1 чэрвеня. Старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук аднаасобна забараніў журналісту «Салідарнасці» Алене Якжык прысутнічаць на паседжанні Рады БКДП.
Гэты крок ніяк не стасуецца ні з дэмакратычнымі стандартамі, ні з заявамі самога Аляксандра Ярашука, які ў адным са сваіх нядаўніх інтэрв’ю сцвярджаў: «Будет очень непростой год. Мне кажется, это будет момент истины и для всего демократического сообщества. Проверка на то, как оно относится к солидарности с независимыми средствами массовой информации… Если не будем защищать независимые СМИ, которые и так немногочисленны, то не стоит размышлять и об участии в политических кампаниях».
Сапраўды, гэта так. Таму мы
заклікаем спыніць атакі на «Салідарнасць» і спадзяемся, што ў сваёй далейшай дзейнасці Аляксандр Ярашук і яго прыхільнікі будуць з павагай ставіцца да свабоды слова і друку, а таксама да права на бесперашкоднае атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі».
Заяву падпісалі:
1. Галоўны рэдактар газеты «СНплюс. Свободные новости плюс» Васіль Зданюк
2. Галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль
3. Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай
4. Старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна
5. Галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва» Андрэй Скурко
6. Галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Юлія Слуцкая
7. Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч
8. Галоўны рэдактар газеты «Белорусы и рынок» Вячаслаў Хадасоўскі
9. Старшыня сходу сябраў Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі» Уладзімір Янукевіч
Аляксандр Ярашук (справа) з Леанідам Сініцыным. © photo.bymedia.net