Падатковая патрабуе ад Дзмітрука 6 тысяч даляраў
Такі падарунак на 600‑годдзе Грундвальдскай перамогі Георгій Дзмітрук атрымаў па выніках чатырохмесянай працы кобрынскіх падаткавікоў.
«Чатыры месяцы я хадзіў у падатковую інспекцыю амаль як на працу. Спачатку яны правяралі мае даходы за год, потым за два, тры, чатыры…, нарэшце за апошнія 10 гадоў, — распавядае прэсавай службе БХД Георгій Дзмітрук. — Яны правяралі ўсё, што толькі можна і ў выніку, не знайшоўшы прэтэнзій да даходаў, вызначылі, што расходы аказваецца ў маёй сям’і завялікія, і розніцу ў памеры 6 тысяч долараў паміж імі і маімі даходамі я павінен сплаціць. Я лічу гэта нонсэнсам і чарговай праявай беззаконнага ціску на мяне, як сустаршыні БХД і ўдзельніка мясцовай выбарчай кампаніі».
У спадара Дзмітрука пяцёра дзяцей: 19‑ці, 18‑ці ,15‑ці ,13‑ці і шасці гадоў, уся сям’я жыве разам. У сваіх разліках падаткавікі аперыравалі даходамі выключна Георгія Дзмітрука, а расходамі — усіх членаў сям’і. Сустаршыня БХД мае намер абскардзіць незаконны на яго думку штраф у судовым парадку.Сябры БХД звязваюць ціск на Георгія Дзмітрука з ягонай актыўнай палітычнай дзейнасцю, у тым ліку з прэзідэнцкай кампаніяй: Дзмітрук адзін з кіраўнікоў штабу прэтэндэнта ў прэзідэнты ад БХД Віталя Рымашэўскага.
Прэсавая служба БХД