ЗША заклікаюць Беларусь прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з абавязальніцтвамі ў рамках АБСЕ
Келі адзначыў, што ЗША занепакоеныя ціскам на апазыцыю і незалежныя СМІ ў Беларусі. «Пасля некаторых паляпшэнняў у канцы 2008 года мы з шкадаваннем адзначаем, што ў далейшым адбывалася толькі бесперапыннае парушэнне нормаў АБСЕ», — сказаў ён.
Па словах Келі, асаблівую заклапочанасць выклікае напад 8 ліпеня на актывіста «Маладой Беларусі» Артура Фінькевіча пасля наведвання ім амбасады ЗША; папярэджанне двум журналістам радыё «Свабода» за працу без акрэдытацыі; затрыманне 9 ліпеня ў Віцебску апазыцыйнага актывіста Сяргея Каваленкі; допыты журналіста сайта charter97.org Наталлі Радзінай; да гэтага часу не адменены артыкул 193 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
«Гэтыя выпадкі — толькі невялікая частка тых шматлікіх фактаў, якія сведчаць аб павелічэнні ціску і запалохванні незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі ў Беларусі, — сказаў Кэлі. — Мы працягваем заклікаць урад Беларусі перагледзець свае законы аб СМІ, свабодзе сходаў і асацыяцый, аб палітычных партыях і іх рэалізацыю для прывядзення ў адпаведнасць з абавязальніцтвамі ў рамках АБСЕ. Мы гатовыя супрацоўнічаць з Беларуссю ў гэтай справе».
БелаПАН