Кыргызстан мае намер дабівацца экстрадыцыі Курманбека і Жаныша Бакіевых
Улады Кыргызстана маюць намер зноў звярнуцца да кіраўніцтва Беларусі з просьбай аб экстрадыцыі звергнутага прэзідэнта Курманбека Бакіева. Пра гэта заявіў 7 ліпеня на прэс-канферэнцыі віцэ-прэм'ер часовага ўрада Кыргызстана Азімбек Бекназараў.Як паведамляе БелаПАН, "Кыргызстан паўторна накіруе запыт у Беларусь аб экстрадыцыі экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева", — цытуе Бекназарава кіргізскае інфармагенцтва "24.kg". Віцэ-прэм'ер адзначыў, што, калі часовы ўрад першы раз адпраўляў запыт у Мінск, улада ў Кыргызстане не была легітымізаваная. "Натуральна, гэта адбівалася на адказе замежнай дзяржавы. Я даручыў генпракурору Кіргізскай Рэспублікі Байтэміру Ібраеву накіраваць паўторны запыт у Беларусь", — заявіў Бекназараў.
Ён таксама паведаміў, што "звярнуўся ў Інтэрпол з пытаннем, ці праўда, што браты Бакіевы знаходзяцца ў Беларусі". "Кажуць, Жаныша Бакіева бачылі на прэс-канферэнцыі Курманбека Бакіева", — сказаў віцэ-прэм'ер.
Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі з 19 красавіка па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі.
У пачатку мая кіраўнік часовага ўрада Кыргызстана Роза Атунбаева падпісала дэкрэт аб пазбаўленні Бакіева прэзідэнцкай недатыкальнасці на падставе крымінальнай справы, па якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам. Браты Бакіева вышукваюцца па абвінавачанні ва ўчыненні цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойстваў.
У канцы мая ў генеральную пракуратуру Беларусі паступіў запыт на выдачу Курманбека Бакіева і неабходныя для гэтага дакументы. 10 чэрвеня Генпракуратура Беларусі накіравала ў Бішкек афіцыйную адмову ў выдачы. Яшчэ раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не збіраецца выдаваць Бакіева, які, паводле яго слоў, "знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзідэнта".
У канцы чэрвеня ў Кыргызстане прайшоў усенародны рэферэндум, паводле вынікаў якога Роза Атунбаева абвешчана прэзідэнтам пераходнага перыяду. Згодна з афіцыйнымі данымі, давер часоваму ўраду і яго кіраўніку выказалі больш за 90% грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.