Пасол Скэнлан: ЗША застануцца адданымі духу дыялогу з Беларуссю
«Як Тадэвуш Касцюшка, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, усё сваё жыццё прысвяціў свабодзе і дэмакратыі, так і ЗША застануцца адданымі духу дыялогу, які заснаваны на каштоўнасцях і прывядзе да супрацоўніцтва на карысць дзвюх краін», — сказаў Скэнлан.
«Сёння мы адзначаем не толькі дасягненні Амерыкі і яе барацьбу, мы таксама адзначаем намаганні і адданасць тых, хто прысвяціў сябе справе дэмакратыі ў Беларусі», — адзначыў часовы павераны.
Ён падкрэсліў, што цяперашні Дзень незалежнасці ЗША апошні раз адзначаецца ў рэзідэнцыі амерыканскага пасла ў Раўбічах. «З сакавіка 2008 года яна пуставала. Нам будзе шкада ў хуткім часе пазбавіцца гэтага дома, які бачыў многія прыёмы і сустрэчы ў гонар нашых беларускіх сяброў і калег, прадстаўнікоў усіх сфер жыцця і грамадства.
На жаль, апошнія два гады былі часам страчаных магчымасцей у адносінах паміж нашымі краінамі», — сказаў Скэнлан.Адносіны Беларусі і ЗША пагоршыліся ў сакавіку 2008 года пасля апублікавання ўдакладненняў да санкцый адносна дзяржаўнага канцэрна »Белнафтахім». 7 сакавіка з Вашынгтона для кансультацый быў адкліканы пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка па настаянні беларускага боку Мінск пакінула пасол ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка Мінск пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў, работу прадоўжылі 15 супрацоўнікаў. Яшчэ 11 амерыканскіх дыпламатаў пакінулі Мінск па прапанове беларускага боку 3 мая 2008 года.
БелаПАН