Мытная пастка
Беларускія аналітыкі звярнулі мала ўвагі (хаця, а на што яны ўвогуле апошнім часам звяртаюць увагу?) на падаплёку мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстану. Навошта ён спатрэбіўся Расіі, калі, здавалася б, ужо быў мытны саюз з Беларуссю, а гандлю з Казахстанам нічога не замінала?
Тут усё проста. Мытная палітыка ў рамках саюза, вядома ж, ніколі не планавалася праводзіцца на раўнапраўнай трохбаковай аснове. Стыль паводзінаў Расіі ва ўсіх постсавецкіх стварэннях — «у сильного всегда бессильный виноват».
Дык вось,
у рамках двухбаковых адносінаў Беларусі неяк можна было адпірацца, то ўжо калі тры бакі — там ствараецца большасць.
Вядома ж, Расіі з Казахстанам, у якіх практычна аднатыпныя эканомікі і падобныя інтарэсы ў плане мытнага рэжыму.
То бок, мэтай «хаўрусу трох» было выключна падпарадкаванне і ўдушэнне беларускай эканомікі расійскім бокам, а сам
саюз і планаваўся, і ажыццяўляецца як інструмент эканамічнага і палітычнага шантажу Беларусі (і тут пытанні ўласнасці, кантролю над інфраструктурай і ўсё астатняе).
Усё, нічога больш у гэтым хаўрусе няма. Больш, дарэчы, нічога і не трэба.
Але ж ёсць нейкія законы, нормы, дамовы, міжнародныя правілы. Ну вось, скажам, каб заключыць новы шлюб, трэба разарваць існуючы. А тут выходзіць, што
«шлюб» з Беларуссю Расія разарвала ў аднабаковым парадку, заявіўшы пра тое, што з 5 ліпеня дзейнічае толькі саюз, падпісаны ў трохбаковым парадку. А як жа мытны хаўрус Беларусі і Расіі, які існуе з 1995 года? Яго хтосьці дэнансаваў? Хоць нейкую працэдуру разводу прайшлі?
Ды дзе там. выходзіць такая сітуацыя. У сям’і з двух партнёраў адзін партнёр прыводзіць каханку і заяўляе другому — або менаж, а труа, або прэч з хаты! Вось менавіта ў такой сітуацыі прававога бясчынства апынулася сёння Беларусь.
Дарэчы, яшчэ адна дамова, пра якую зараз ніхто не ўзгадвае — дамова пра саюзную дзяржаву. Канешне, вочы б мае гэтую дзяржаву не бачылі, але з яе, перад тым, як заключыць мытны хаўрус ў трохбаковым фармаце, Расія таксама мусіла выйсці, прычым рэферэндумам, як закладзена ў дамове.
І вось чаму.
У межах дамовы пра саюзную дзяржаву, «создание единого экономического пространства и правовых основ общего рынка, обеспечивающего свободное перемещение товаров, услуг, капиталов, рабочей силы в пределах территорий государств-участников, равные условия и гарантии для деятельности хозяйствующих субъектов» аднесена да выключнай кампетэнцыі саюзнай дзяржавы — Расія не мае права вырашаць гэтыя пытанні аднаасобна, а тым больш у тандэме з трэцяй краінай.
Далей, чытаем артыкул 27:
«Государства-участники проводят единую торговую политику в отношении третьих стран, международных экономических организаций и экономических объединений, применяют единые ставки ввозных и вывозных таможенных пошлин, единые таможенные режимы и единый порядок таможенного оформления и контроля, унифицируют законодательство о государственном регулировании внешнеторговой деятельности и о защите экономических интересов государств-участников при осуществлении внешней торговли».
Адзіная палітыка ў дачыненні да трэціх краінаў уключае і Казахстан дарэчы — а не адзіная палітыка ў хаўрусе з Казахстанам.
Ну і нарэшце — артыкул 29.
«В Союзном государстве действует единое таможенное пространство, в отношении которого применяются:
• единый порядок экспортного контроля;
• единые меры нетарифного регулирования, включая применение количественных ограничений, лицензирование ввоза и вывоза товаров, ведение единого перечня товаров, к которым применяются запреты или ограничения ввоза и вывоза;
• единый порядок взаимного признания лицензий, сертификатов и разрешений на ввоз или вывоз товаров».
Дык вось, згодна з гэтым артыкулам
чыста фармальна прэзідэнт Беларусі абсалютна мае рацыю, патрабуючы адзінага парадку цэнаўтварэння на нафту. Іншая справа, што «з ваўкамі жыць — па-ваўчынаму выць». Самі ведалі і бачылі, куды лезлі,
і варыянтаў для адступлення не пакінулі — рынкаў, акрамя расійскага, у прамысловага хламу няма, а адносіны з Захадам умудрыліся ізноў ушчэнт сапсаваць. Званочкі, якія прагучалі яшчэ тры гады назад, так і не былі ўспрынятыя ўсур’ёз.
Нам жа застаецца назіраць за фіналам сагі пра мытны хаўрус, у якой можа быць толькі адзін канец — дазволіць сабе не падпісаць хаўрус беларускае кіраўніцтва не можа.
Платай за няздольнасць забяспечыць дзейсную інфраструктуру незалежнасці краіны, у першую чаргу, знізіць спажыванне расійскай энергіі і падвысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі, стане палітычнае згвалтаванне, праз якое пройдзе беларуская эліта бліжэйшымі днямі (на тле як быццам бы гераічнага супраціву ў газавых войнах гэты ціхі акт капітуляцыі будзе выглядаць тым больш прыкра і агідна). Застаецца толькі рабіць высновы, прычым не толькі беларусам, але і іх суседзям, галоўная з якіх, што ўсе дамовы, заключаныя з сённяшняй Расіяй і яе апантаным маніяй велічы кіраўніцтвам, могуць так і застацца фількінай граматай, калі Крэмль убачыць магчымасць дзейнічаць па праве моцнага. Хай задумаюцца энтузіясты разнастайных «патокаў».