Добрасумленная праца на беларускай зямлі традыцыйна шанавалася як самы вялікі здабытак
Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, уручаючы дзяржузнагароды грамадзянам Беларусі.
Прэзідэнт адзначыў, што яму прыемна бачыць у ліку ўзнагароджаных працаўнікоў вёскі, перадавых рабочых, супрацоўнікаў міліцыі, ваенных, таленавітых кіраўнікоў, дзяржаўных служачых, работнікаў сферы культуры і спорту. "Вы — людзі розных узростаў, прафесій, нацыянальнасцяў, але вас аб'ядноўвае агульная мэта — шчасце нашай краіны. Няхай гэта цырымонія стане не толькі чарговым ушанаваннем лепшых грамадзян нашай краіны, але і сімвалам духоўнай еднасці, стабільнасці і патэнцыялу беларускага грамадства", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Спецыяльная прэмія Прэзідэнта "Беларускі спартыўны алімп" за дасягненне высокіх прафесійных вынікаў і заваяванне алімпійскага золата ў Ванкуверы была ўручана спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды па фрыстайле Аляксею Грышыну. "Уся наша рэспубліка балела за яго, і ён апраўдаў надзеі. І гэта можна сказаць пра кожнага, хто атрымлівае сёння заслужаныя знакі прызнання і пашаны. Вы апраўдалі чаканні, ажыццявілі нашы самыя смелыя планы", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Узнагароды былі ўручаны працаўнікам сельскагаспадарчага сектара, якія складаюць большасць узнагароджаных. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яны на справе даказалі, што задача павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці сельгаспрадукцыі абсалютна рэальная.
Узнагароды сёння атрымалі людзі, якія звязалі свой лёс са сферамі вытворчасці і будаўніцтва. Яны прадэманстравалі ўжо вельмі высокі прафесіяналізм пры ўзвядзенні такіх аб'ектаў, як падземны гандлёвы цэнтр "Сталіца" і спартыўны комплекс "Мінск-Арэна". Цяпер перад айчыннымі праекціроўшчыкамі і будаўнікамі стаіць задача змяншэння кошту квадратнага метра жылля, каб новыя кватэры не толькі адпавядалі ўсім патрабаванням грамадзян, але і былі даступнымі.
За значны ўклад у будаўніцтва аўтамабільных дарог і мастоў падзяка Прэзідэнта аб'яўлена работнікам дарожнай галіны. "У тым, што рэспубліка прыгажэе, а ўмовы жыцця становяцца больш камфортнымі, ёсць і ваша заслуга", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падзякаваў работнікам Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі (кіраўнік ведамства Уладзімір Зіноўскі ўзнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені), раённых аддзелаў статыстыкі. Ён адзначыў, што пры правядзенні перапісу насельніцтва ў Беларусі ў 2009 годзе выкарыстоўваліся найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, спецыяльна распрацаваныя праграмныя сродкі для збору і аналізу звестак. "Нельга не адзначыць высокі ўзровень арганізацыі і правядзення гэтага мерапрыемства", — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за працу служачым падатковых органаў, за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, бескампрамісную і паслядоўную барацьбу са злачыннасцю — супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі таксама адзначана работа таленавітых кіраўнікоў, арганізатараў, педагогаў — людзей, якія прысвяцілі жыццё служэнню Радзіме — кожны на сваім рубяжы.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што традыцыйна на беларускай зямлі добрасумленная праца шанавалася як самы вялікі здабытак і сёння яна працягвае заставацца галоўным рэсурсам краіны. "Сучаснае жыццё пастаянна выстаўляе ўсё новыя патрабаванні да вытворчай прадукцыі, узроўню адукацыі, майстэрства кіраўнікоў. Упэўнены, дзякуючы такім людзям, як вы, мы заўсёды зможам паспяхова вырашаць самыя складаныя задачы ва ўсіх сферах нашага жыцця", — дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.