Лукашэнка: Сярод грамадзян Беларусі ўсё менее прыхільнікаў глыбокай інтэграцыі з Расіяй
Беларускі прэзідэнт палічыў неабходным праінфармаваць выданне »аб рэальнай сітуацыі, што склалася па гэтак званым газавым канфлікце» паміж Беларуссю і Расіяй. У лісце падрабязна выкладаецца перадгісторыя канфлікту і пазіцыя беларускага боку.
«Адразу хачу падкрэсліць, што перамоўны працэс па віне расійскага боку фактычна аказаўся сарваны, — зазначае Лукашэнка. — Хоць мы ўвесь час займалі гібкую канструктыўную пазіцыю, прапаноўвалі розныя варыянты ўзаемавыгаднага вырашэння пытання, былі гатовыя да прымальных кампрамісаў. Беларускія ініцыятывы ігнараваліся, а нашых прадстаўнікоў, уключаючы членаў урада высокага ўзроўню, прымушалі гадзінамі праседжваць у газпромаўскіх прыёмных».
«Аказваецца, што, на словах разважаючы аб недапушчальнасці перагляду ўрокаў гісторыі, расійскае кіраўніцтва насамрэч святасць братэрскіх сувязей ацэньвае ў кубаметрах газу і барэлях нафты», — падкрэсліваецца ў лісце.Мы абсалютна не супраць прагматычнасці ў эканамічным супрацоўніцтве, — працягвае Лукашэнка. — Але яна павінна ў роўнай ступені тычыцца абодвух бакоў, улічваць увесь спектр двухбаковых узаемаадносін і адпавядаць духу інтэграцыйных працэсаў. І, вядома, засноўвацца на няўхільным выкананні ўсімі бакамі прынятых абавязацельстваў, без выключэнняў, абмежаванняў і адвольнага тлумачэння».
«Давайце будзем шчырыя: няўжо за дзеяннямі «Газпрома» ва ўсёй гэтай гісторыі ляжыць толькі грашовы інтарэс? Хіба ж пара соцень мільёнаў долараў можа быць вырашальнай для фінансавага становішча адной з найбуйнейшых транснацыянальных карпарацый? Упэўнены, што для ўсіх адказ вядомы», — піша беларускі прэзідэнт.
Падаплёка канфлікту, на думку Лукашэнкі, абсалютна ў іншым:
«Ён толькі частка той недружалюбнай палітыкі, якая на працягу апошніх гадоў планамерна праводзіцца ў адносінах да Беларусі.Дастаткова ўспомніць нядаўнія «малочныя», «мясныя», «цукровыя», «нафтавыя» і іншыя войны. Я ўжо не кажу пра тую лінію, якую мэтанакіравана праводзіць большасць расійскіх СМІ і якая набыла характар сапраўднай інфармацыйнай агрэсіі».
Аўтар ліста мяркуе, што мэта відавочная: «пастроіць» кіраўніцтва Беларусі, прымусіць пайсці на ўступкі ва ўрон нацыянальным інтарэсам суверэннай дзяржавы, атрымаць смачны кавалак беларускай уласнасці.
«Мы, у Беларусі, усё гэта бачым і ацэньваем адпаведным чынам. Як вынік, сярод нашых грамадзян, на жаль, становіцца ўсё менш прыхільнікаў глыбокай інтэграцыі з Расіяй.
Беларусы пачынаюць ставіцца да самай блізкай для нас краіны — Расіі — з насцярожанасцю, чакаючы ад яе самых непрадказальных удараў», — сцвярджае Лукашэнка.Тэкст адкрытага ліста апублікаваны ў «Правде» 29 чэрвеня.
БелаПАН