Улады Кыргызстана будуць патрабаваць выдачы Бакіева праз міжнародныя суды
Пра гэта заявіў намеснік старшыні часовага ўрада Кыргызстана Азімбек Бекназараў інфармацыйнаму агенцтву 24.kg у адказ на афіцыйную адмову Беларусі выдаць скінутага прэзідэнта.
Паводле слоў Бекназарава, пра тое, што рашэнне будзе менавіта такім, «было вядома з самага пачатку». «Яны спасылаюцца, што гэта палітычная справа. Але ж мы асуджаем не самога Курманбека Бакіева, а хочам толькі прыцягнуць яго да адказнасці за смерць 90 маладых хлопцаў. Я яшчэ раніцай казаў генпракурору, каб ён даў тлумачэнне ў прэсе. Раз ён гэтага яшчэ не зрабіў, то, напэўна, заўтра выступіць з адпаведнай заявай», — сказаў намеснік кіраўніка часовага ўрада Кыргызстана.
Сітуацыю таксама пракаментаваць намеснік старшыні часовага ўрада Амурбек Тэкебаеў.
«Улада будзе мяняцца і ў Кыргызстане, і ў Беларусі, але нашы патрабаванні аб выдачы Курманбека Бакіева застануцца нязменнымі»,— заявіў ён інфармагенцтву 24.kg.
Паводле слоў Тэкебаева, адмова экстрадаваць скінутага 7 красавіка прэзідэнта Кыргызстана, нягледзячы на настойлівыя патрабаванні часовага ўрада, «не здзіўляе і цалкам прадказальная».
«Для Лукашэнкі гэта быў палітычны ход.Я маю на ўвазе, што ён даў прытулак у сябе Бакіеву і заяўляў, што ён легітымны прэзідэнт. Увесь час казаў пра сумнеўны статус часовага ўрада. Але я яшчэ раз паўтараю: мы будзем і надалей звяртацца да спадара Лукашэнкі з патрабаваннем выдаць нам Бакіева, каб тут, у Кыргызстане, аддаць яго пад суд», — падкрэсліў Тэкебаеў.
Скінуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі з 19 красавіка паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Запыт на выдачу Бакіева і неабходныя для гэтага дакументы паступілі ў Генеральную пракуратуру Беларусі ў дваццатых чыслах мая.
Вечарам 15 чэрвеня стала вядома, што беларускія ўлады адмовіліся выдаць Бакіева часоваму ўраду Кыргызстана. «Генеральнай пракуратурай пакінуты без задавальнення запыт Генпракуратуры Кыргызстана аб выдачы Бакіева», — паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Генпракуратуры Пётр Кісялёў. Прычыну такога рашэння ён не назваў.
Паводле слоў Кісялёва, адказ на запыт кіргізскага боку быў накіраваны па пошце яшчэ 10 чэрвеня.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.