Аляксандр Лукашэнка: Неабходна выпрацаваць дакладны механізм міжведамаснай каардынацыі антытэрарыстычнай дзейнасці

Источник материала:  
Неабходна выпрацаваць дакладны механізм міжведамаснай каардынацыі антытэрарыстычнай дзейнасці сілавых структур. Пра гэта заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях удасканалення работы міжведамасных дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння бяспекі Беларусі, якая адбылася на базе Групы "А" КДБ Беларусі.

"Цяпер на заканадаўчым узроўні ў Беларусі распрацавана сістэма рэагавання на экстрэмісцкія дзеянні. Павысіць эфектыўнасць яе функцыянавання — надзённая задача", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, апошнім часам усё часцей даводзіцца звяртацца да тэмы барацьбы з тэрарызмам, хоць рэспубліцы і ўдалося пазбегнуць гэтай бяды. Тым не менш даводзіцца канстатаваць, адзначыў кіраўнік дзяржавы, што радыкальныя сілы ў якасці сродку дасягнення сваіх палітычных мэтаў як у глабальным маштабе, так і на рэгіянальных узроўнях нярэдка бяруць на ўзбраенне крывавыя экстрэмісцкія метады. "Гэта зло, імкліва распаўзаючыся па планеце, сёння вельмі блізка падышло да граніц нашай дзяржавы. Сведчанне таго — нядаўнія тэрарыстычныя акты ў Маскве. Мы не маем права аслабляць увагу да такіх пагроз бяспецы людзей, спадзяваючыся на стабільнасць сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў Беларусі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка:  Неабходна выпрацаваць дакладны механізм міжведамаснай каардынацыі антытэрарыстычнай дзейнасці

  Разуменне гэтага патрабуе пастаяннай работы па аптымізацыі і ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы мераў супрацьдзеяння тэрарызму, па інтэграванні яе з адпаведнымі міжнароднымі структурамі. Неабходны таксама адзіная стратэгічная лінія, якая вызначае канцэптуальныя асновы супрацьдзеяння гэтаму злу, і канкрэтныя дзеянні па яе рэалізацыі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2008 годзе па яго ўказанні была праведзена праверка службовай дзейнасці спецпадраздзяленняў КДБ, МУС, Дзяржпагранкамітэта і Мінабароны. Яе вынікі паказалі, што гэтыя падраздзяленні здольныя вырашаць пастаўленыя задачы. Але адначасова былі выяўлены і вузкія месцы, звязаныя з неабходнасцю карэкціроўкі прававога становішча гэтых структур, паляпшэння іх вучэбна-трэніровачнай базы, аснашчэння сучасным узбраеннем і спецсродкамі, сацыяльнай абароненасці супрацоўнікаў. "Але галоўнае — былі выяўлены недахопы пры ўзаемадзеянні спецыяльных падраздзяленняў у вырашэнні агульных задач. У ходзе рэалізацыі маіх даручэнняў, дадзеных па выніках праверкі, многае ўжо зроблена. Але і нявырашаных праблем яшчэ дастаткова", — адзначыў Прэзідэнт.

Ён асабліва падкрэсліў неабходнасць выпрацоўкі дакладнага механізма міжведамаснай каардынацыі антытэрарыстычнай дзейнасці сілавых структур у цэлым і іх спецпадраздзяленняў у прыватнасці. "У цяперашніх умовах нельга дапусціць распылення сілаў і сродкаў. На стварэнне гэтых структур у некалькіх сілавых ведамствах мы пайшлі не таму, што нам няма куды дзяваць грошы, а для таго, каб быць гатовымі да адэкватнага супрацьдзеяння сучасным экстрэмісцкім выклікам", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў свой час, калі ішла размова аб стварэнні ў сілавых ведамствах спецпадраздзяленняў, ён палічыў неабходным ствараць не адну-дзве магутныя структуры (хоць і гэта можна было зрабіць), а некалькі. У першую чаргу яны павінны быць мабільнымі, а па-другое, адзначыў Прэзідэнт, важна пэўная здаровая канкурэнцыя. Але ў цяжкую хвіліну ўсе спецпадраздзяленні павінны дзейнічаць у адным ключы, выконваць агульную задачу, дадаў кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі нямала зроблена для таго, каб спецпадраздзяленні мелі дастойны ўзровень. "Да нас едуць з многіх краін, каб навучыцца антытэрарыстычнай рабоце і выкананню спецыяльных мерапрыемстваў", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Калі раней адчувалася няхватка зброі і спецыяльных сродкаў у спецпадраздзяленнях, то сёння ёсць усё. "Але ёсць лепшыя ў свеце ўзоры, мы гэта ведаем, і гэта лепшае вы, безумоўна, атрымаеце. Усё гэта павінна быць накіравана на тое, каб абараніць нашу краіну, наш народ", — сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, ён падкрэсліў, што "беларускія спецпадраздзяленні павінны ўмець рабіць усё, што трэба ў сучасным свеце для таго, каб дастойна адрэагаваць на захоп заложнікаў або тэрарыстычны акт". Прэзідэнт Беларусі дадаў, што на дзейнасць спецпадраздзяленняў будзе звяртацца сур'ёзная ўвага, ім будзе аказвацца падтрымка, але адпаведным будзе і патрабаванне.   Падчас наведвання Групы "А" кіраўнік дзяржавы азнаёміўся са станам вучэбна-матэрыяльнай базы спецпадраздзялення, перспектывамі яго развіцця, вынікамі і задачамі службова-баявой дзейнасці Групы "А".

Цяпер у адпаведнасці з планам развіцця КДБ ужо завершана рэканструкцыя асноўнага адміністрацыйнага будынка Групы "А", дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для асабовага складу. У далейшым плануецца стварэнне сучаснага тактычнага гарадка для падрыхтоўкі байцоў спецпадраздзялення. У прыватнасці, пачынаецца абсталяванне 400-метровага ціра для снайперскай падрыхтоўкі. У тактычным гарадку будзе створана інфраструктура для адпрацоўкі дзеянняў на розных відах транспарту. З'явіцца таксама катэджны гарадок (як частка тактычнага) для адпрацоўкі дзеянняў у малых населеных пунктах. Паралельна плануецца развіваць і спартыўную інфраструктуру.

Байцы Групы "А" прадэманстравалі вучэбна-баявую аперацыю па нейтралізацыі ўмоўных тэрарыстаў. Потым Прэзідэнт агледзеў службовыя памяшканні адміністрацыйнага корпуса спецпадраздзялення, трэнажорную залу, залу рукапашнага бою, клас снайперскай падрыхтоўкі, кабінет спецыяльнай тэхнікі. Ён таксама азнаёміўся з арганізацыяй службы і падрыхтоўкі асабовага складу, узбраеннем розных спецпадраздзяленняў Беларусі. Сярод арсенала, які ёсць у наяўнасці ў псіхолагаў спецпадраздзялення, былі прадэманстраваны кантактны і бескантактны паліграфы, апарат для аналізу псіхалагічнага стану чалавека, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое дае магчымасць вызначыць схільнасці кандыдатаў і тыя аптымальныя функцыі, якія яны могуць выконваць у складзе спецпадраздзялення.

Цяпер у Беларусі адсутнічаюць перадумовы для шырокамаштабнай тэрарыстычнай дзейнасці. Разам з тым, пры неабходнасці байцы Групы "А" гатовыя выканаць задачы па яе спыненні. Таму пры ўдасканаленні вучэбна-матэрыяльнай базы ўлічваецца міжнародны вопыт дзейнасці гэтых падраздзяленняў у такіх краінах, як Азербайджан, Германія, Чэхія, Венгрыя, Расія і інш.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з байцамі спецпадраздзялення і сфатаграфаваўся з імі на памяць.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Караван идет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика