Заціснуты трубамі
Уявіце сітуацыю: на гадзінніку 23.00, вы вярнуліся з камандзіроўкі, а ў вас на парозе — госць. Ды не з самых блізкіх, а такі, з якім вы апошнім часам усё нешта дзеліце, высвятляеце, спрачаецеся і канфліктуеце... Прыблізна на такім эмацыйным фоне праходзілі і апошнія сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве.
Галодны госць і «біты воўк»
Беларускі кіраўнік ужо знаходзіўся ў расійскай сталіцы, але ні прэс-служба прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, ні прэс-служба старшыні ўрада Уладзіміра Пуціна не маглі пацвердзіць, што сустрэчы адбудуцца. “Дзмітрый Анатольевіч у Ташкенце на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва”, — тлумачылі адны. “Уладзімір Уладзіміравіч у Парыжы, сёння ў яго перамовы з прэзідэнтам Францыі Нікаля Сарказі”, — дакладалі другія. І разгублена дадавалі: “Магчыма, сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам адбудуцца вечарам...”
“Вечарам” — не тое слова. Па крайняй меры, да Уладзіміра Пуціна беларускі кіраўнік прыехаў ужо бліжэй да ночы. І відавочна, што працаваць па такім графіку прымусіў нейкі форс-мажор.
Журналісты бачылі толькі пачатак сустрэчы. І па лентах навін інтэрнет-сайтаў (газеты ў такі час ужо проста не працавалі) адразу пайшлі прама супрацьлеглыя навіны. Адны рабілі ўпор на тое, што Пуцін і Лукашэнка сустрэліся цёпла і нефармальна, загалоўкі другіх былі нават здзеклівымі: “Лукашэнка прыехаў да Пуціна за кавалкам хлеба”, “Лукашэнку ў Маскве не накармілі”, “Масква пасадзіла Лукашэнку на дыету”...
Сустрэча пачыналася сапраўды незвычайна, як мінімум — непратакольна. Асабліва калі ўспомніць, што ад беларускага кіраўніка на адрас Пуціна апошнім часам прагучала нямала “добрых слоў”, і пасля завочнай сваркі бакі фактычна ігнаравалі адзін аднаго. Але каб пазбегнуць абвінавачанняў у тым, што журналісты “заўсёды нешта дадумваюць і перакручваюць”, прыводзім стэнаграму пачатку сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на мове арыгінала.
“В.В.Путин: — Александр Григорьевич! Пока вы ужинали с Дмитрием Анатольевичем, я успел...
А.Г.Лукашенко: — Да ничего не накормили...
В.В.Путин: — ...спортом позаниматься.
А.Г.Лукашенко: — Ужинали?! Я приехал, думал, хоть дадите кусок хлеба поесть...
В.В.Путин: — Уже поплавал, сходил в спортивный зал.
А.Г.Лукашенко: — Я тоже поплавал, но до встречи с Дмитрием Анатольевичем. Но вы не заговаривайте (так и хочется добавить — зубы. — Ред.) , ужин за вами!
В.В.Путин: — Да ладно.
А.Г.Лукашенко: — Или вы не едите так поздно?
В.В.Путин: — Ем в любое время суток.
А.Г.Лукашенко: — Я шучу.
В.В.Путин: — Александр Григорьевич! Мы очень рады вас видеть. Тем более в связи с нашим праздником (на следующий день соседи праздновали День России. — Ред.). Спасибо большое, что вы приехали, приняли наше приглашение. Разумеется, будет возможность поговорить и по текущим делам.
А.Г.Лукашенко: — Абсолютно.
В.В.Путин: — У близких соседей, у таких союзных государств, как наши, всегда много...
А.Г.Лукашенко: — Мы только что с президентом России обсудили ряд вопросов. Я сказал, что поеду к Владимиру Владимировичу. Я подробно все расскажу, как мы тут очень бурно обсуждали эти вопросы. Но поскольку, говорю, он волк уже битый, поэтому мы быстрее с ним обсудим те оставшиеся вопросы, которые есть. Я действительно очень рад побывать у вас дома опять. Вспоминаю некоторые тропинки, по которым мы ездили на вашем автомобиле тут, на электромобиле. Поэтому я действительно с большим удовольствием говорю спасибо, что пригласили к себе. И по делу поговорим, ну и, наверное, мы уже давно с вами не виделись, нам есть о чем поговорить.”
Ці накарміў Уладзімір Пуцін Аляксандра Лукашэнку, так і засталося нявысветленым. Бо па выніках сустрэч ні адзін з бакоў не сказаў ні слова. Традыцыйна гэта азначае, што дамовіцца не здолелі, і маўчаць яны па простай прычыне — каб не нагаварыць чаго лішняга ў злосці.
Грошападзел
Беларуска-расійскія канфлікты навідавоку. Мы адмаўляемся ад Мытнага саюза паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам, бо ў гэтым саюзе захоўваюцца самыя балючыя для нашай эканомікі пошліны — на нафту. Расія не саступае.
Мы сварымся з-за цэн на газ і ўпарта плацім за блакітнае паліва па цэнах мінулага года, нібы 2010-ы і не наступаў. Нам пагражаюць судом і спыненнем паставак.
Беларусь выказвае катэгарычную нязгоду з тым, што з наступнага года “Газпром” прапаноўвае сусветныя цэны, бо якая ж гэта “адзіная эканамічная прастора”, калі суб’екты гаспадарання розных краін атрымліваюць энерганосьбіты па розных коштах? Але ў Расіі гэтых аргументаў і слухаць не хочуць. Бо энерганосьбіты — гэта аснова бюджэту суседняй краіны. І таму ўжо не аднойчы гучала ад расійскіх экспертаў: маўляў, уваходзьце ў склад Расіі — тады і будуць вам унутрырасійскія цэны і на газ, і на нафту, а паколькі Беларусь — сяброўская, але іншая дзяржава, то няма чаго на чужое рот разяваць.
Менш радыкальныя прапановы — прадавайце ўласнасць расійскаму бізнесу, і тады магчымы некаторыя саступкі. І чым далей — тым адносіны больш напружаныя.
Зразумела, што гэта шантаж. Непрыемны і абуральны. Але такое развіццё падзей трэба было прагназаваць яшчэ ў 1996 годзе, калі “добрая Расія” пагадзілася даціраваць нашу эканоміку. Эксперты падлічылі, што толькі на розніцы паміж сусветнымі цэнамі на газ і нафту і кантрактнымі цэнамі для Беларусі датацыі склалі амаль 40 мільярдаў долараў! Няўжо ёсць сур’ёзныя палітыкі, якія лічаць, што ў сённяшнім свеце нехта будзе ахвяраваць такімі грашыма проста так, па шчодрасці душы?.. Няўжо нехта ў беларускім кіраўніцтве ўсур’ёз разлічваў, што ніколі не знойдзецца ў Расіі чалавек, які задасца простым пытаннем: “А за што плацім?”
Праўда, на гэтае пытанне беларуская прапаганда даўно падрыхтавала адказ: “Калі расійская дзяржава не шкадавала грошай для алігархаў, то лічыць капейчыны, што выдаткоўваліся сяброўцы-Беларусі, — гэта проста грэх”. І ўсё ж не нам у гэтым пытанні кагосьці павучаць. Бо вельмі дасведчанымі ў сферы капіталаў людзьмі (напрыклад, старшынёй праўлення “Прыорбанка” Сяргеем Касцючэнкам) агучвалася і колькасць беларускіх доларавых мільянераў. Па экспертных ацэнках, такіх у нашай краіне не менш за 10 тысяч чалавек. І ў пераліку на душу насельніцтва гэта ў паўтара раза больш, чым у Расіі. Мы шмат чаго ведаем пра расійскіх алігархаў, але амаль нічога — пра беларускіх. І ўсё ж калі падлічыць, то атрымліваецца, што ў Беларусі на 948 чалавек знойдзецца адзін мільянер, а ў Расіі — адзін на 1493 чалавекі. Так што нам лепей памаўчаць наконт расійскіх алігархаў, бо Беларусь, не маючы сваіх нафты, газу, золата-брыльянтаў, значна абагнала Расію па іх колькасці. І гэта сапраўды эканамічны цуд.
Не можа не хваляваць іншае: на фоне купкі доларавых мільянераў у Беларусі мільёны людзей жывуць, можна сказаць, жабракамі. Ледзь канцы з канцамі зводзяць і тыя, хто на заводзе, у калгасе зарабляе ў месяц 700—900 тысяч рублёў, і тыя, у каго пенсія — палова ад гэтых сум.
У аблозе
Памятаеце, як здзекаваўся беларускі прэзідэнт з эканамістаў Беларускага Народнага Фронту, якія дзеля таго, каб Беларусь пазбегла энергетычнай залежнасці ад Расіі, яшчэ на пачатку 90-х гадоў прапаноўвалі стварэнне Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара? І смешна яму было, і дзіўна, і ніяк ён не мог зразумець, навошта нам нечая нафта, калі хапае расійскай. А зараз нават танкеры з далёкай Венесуэлы даспадобы — толькі б не спыніліся заводы.
Літаральна пару тыдняў таму Лукашэнка лятаў за азербайджанскай нафтай у Баку — па маршруце таго самага праекта Балта-Чарнаморскага калектара. Ды толькі, кажуць, вярнуўся ні з чым, бо са сваімі прапановамі аб пастаўках нафты з Каспія ў Беларусь і далей у Еўропу ён спазніўся мінімум на дзесяць гадоў. Падзелена ўжо гэтая нафта па розных калідорах, якія пабудаваны і будуць будавацца ў абход нашай краіны.
Па крайняй меры, з-за нашых “добрых адносін з Еўропай” на сённяшні дзень для каспійскай нафты ў еўрапейскім накірунку зацверджаны іншы маршрут: Азербайджан—Грузія—Украіна—Польшча—Літва. Вядуцца размовы, што гэтай жа трубой на Еўропу можа пайсці нафта з Туркменістана, Узбекістана, Казахстана... У абход Беларусі, міма нас. Бо непрадказальная краіна з непрадказальным кіраўніцтвам, незразумелым Еўропе, недамоваздольным.
Тыя, для каго беларускі рэжым зразумелы, — напрыклад, Венесуэла і Іран, — гатовы даць нам нафту. Але як яе даставіць? Пастаўкі праз балтыйскія порты вельмі рызыкоўныя, паколькі Злучаныя Штаты Амерыкі не адмянялі эканамічных санкцый супраць галоўнага спонсара беларускага рэжыму — “Белнафтахіма”. А Літва і Латвія ў сваёй палітыцы пільна сочаць за рэакцыяй ЗША.
Але ж і Адэса, праз якую зараз ідзе венесуэльская нафта, — не лепшае выйсце. Бо толькі на першы погляд Адэскі марскі порт належыць украінскаму ўраду, і дастаткова паціснуць руку Віктару Януковічу, каб вырашыць усе пытанні. Праблема ў тым, што нафтаперавалачны комплекс порта знаходзіцца пад кантролем прыватнага бізнеса грамадзяніна ЗША расійскага паходжання Міхаіла Некрыча. Так што ў выпадку сур’ёзнага палітычнага абвастрэння і Адэса можа закрыцца. Больш за тое, у гэтым порце для нас падвойная рызыка, бо бізнес амерыканца Некрыча цалкам завязаны на Расію.
Дык што ўзамен?
Мала хто сумняваецца, што разлічвацца з Расіяй прыйдзецца ўласнасцю. Урад ужо выключыў са спісу прадпрыемстваў, якія не могуць быць прыватызаваны, нафтаправоды. Аляксандр Лукашэнка ўжо агучыў прапанову прадаць “Газпрому” кантрольны пакет “Белтрансгаза” ў абмен на ўнутрырасійскія цэны на газ для Беларусі. Ёсць звесткі, што пачаліся перамовы аб продажы Мазырскага НПЗ, у якім расіяне і так маюць больш за 40% акцый.
І ўсё ж вялікай цікавасці да нашых прапаноў расійскі бок не дэманструе. Віцэ-прэм’ер расійскага ўрада Ігар Сечын публічна паведаміў, што на такіх умовах ягонай краіне “Белтрансгаз” не патрэбны. Задорага! Да нашых нафтаправодаў таксама стрыманая цікавасць. Абяцанні прадаць беларускія НПЗ выклікаюць значна большы інтарэс, але і тут Расія чакае “прымальных умоў” і не збіраецца пераплачваць. Што ж адбылося? Яшчэ нядаўна “Газпром” гатовы быў аддаць любыя грошы за “Белтрансгаз”, а зараз круціць носам. І тое ж самае — з нафтавай трубой.
Справа ў тым, што Расія даўно пачала рыхтавацца да ўскладнення адносін з традыцыйным саюзнікам. Мы і тут спазніліся са сваімі прапановамі.
Халодны душ Nord Stream
Палітычныя аналітыкі любяць паўтараць, што найбольшы ўплыў на беларускую сітуацыю аказваюць Расія і Германія. І што дамоўленасці паміж гэтымі краінамі — гарантыя трываласці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Зразумела, не таму, што некаторыя беларускія і еўрапейскія гісторыкі карані нашага славянскага паходжання знаходзяць у мясцінах, якія носяць назвы “Прусія”, “Барусія” і гэтак далей. Усё значна больш прагматычна і бліжэй да дня сённяшняга.
Германія ў значнай ступені залежыць ад расійскага газу. Па ўмовах кантрактаў праз краіны-транзіцёры пастаўкі гарантуе “Газпром”. Гарантыі стабільнасці беларускага газавага транзіту — гэта, па сутнасці, гарантыі эканамічнай бяспекі Германіі і стабільнасці расійска-германскіх адносін. Таму зусім не выпадкова гучалі меркаванні, што пакуль Беларусь спраўна перакачвае газ у Еўропу, і Расія, і Германія будуць скрозь пальцы глядзець на тое, што адбываецца ў нашай краіне з палітычнымі свабодамі.
Мы сапраўды спраўна перакачвалі газ. І перакрылі трубу толькі аднойчы — падчас газавай вайны на пачатку 2004 года. Але гэтага аказалася дастаткова, каб, не чакаючы іншых “званочкаў”, Масква і Берлін прыступілі да абмеркавання праекта будаўніцтва газаправода ў абход Беларусі. Адпаведнае пагадненне аб будаўніцтве газаправода “Nord Stream” (“Паўночны паток”) было падпісана ўжо ў 2005 годзе.
Ён пройдзе ад Выбарга (Ленінградская вобласць) да Грайфсвальда (Германія) па дне Балтыйскага мора. Чакаемая магутнасць — 55 мільярдаў кубічных метраў газу ў год. Будаўніцтва вядзецца паскоранымі тэмпамі, і, як запланавана, запуск першай ніткі газаправода адбудзецца ўжо ў наступным годзе.
Аляксандр Лукашэнка называў Nord Stream “самым дурацким проектом России”. Прапаноўваў замест яго пабудаваць праз Беларусь другую нітку газаправода “Ямал—Еўропа”. Абураўся: “Будаўніцтва “Газпромом” балтыйскага газаправода — гэта што, нармальная палітыка? Што, мы можам весці з такім кіраўніцтвам нармальныя перамовы?..” Але на гэтыя выпады ананімная крыніца ў Крамлі праз расійскія інфармацыйныя агенцтвы перадала толькі адно: “Эти слова являются еще одним хорошим подтверждением необходимости строительства такого трубопровода”.
“Паўночны паток” будуецца, Расія лічыць праект адным з найважнейшых, спыніць яго немагчыма. А гэта значыць, што геапалітычная роля Беларусі ў “вялікім транзіце” расійскага газу на Еўропу (і, адпаведна, роля беларускага прэзідэнта як гаранта гэтага транзіту) сыдзе амаль на нішто ў той самы момант, як гэты газаправод будзе запушчаны. Самі вінаватыя! Не трэба было гуляць у небяспечныя гульні з перакрыццём газавага вентыля.
Так трубы ляглі
Тое самае тычыцца і нафты. У 2007 годзе з-за беларуска-расійскіх спрэчак быў перакрыты транзіт нафты ў Еўропу, і адразу ж пасля гэтага канфлікту нарадзіўся праект будаўніцтва БТС-2 — Балтыйскай трубаправоднай сістэмы ў абход нашай краіны.
10 чэрвеня 2009 года з цырымоніі зваркі першага стыку ў Бранскай вобласці пачалося будаўніцтва. Па стане на 1 красавіка гэтага года ўжо пракладзена 575 кіламетраў новага трубаправода. Такім чынам, праект ажыццяўляецца з аперажэннем графіка, і эксперты спадзяюцца, што першы пускавы комплекс БТС-2 будзе ўведзены ў строй усё ў тым жа 2011 годзе. Прычым расіяне адкрыта гавораць, што будуюць “палітычную трубу”, якая дазволіць пазбегнуць залежнасці ад беларускага транзіту. І ўвогуле звесці гэты транзіт да мінімуму. Так што позна мы спахапіліся з прыватызацыяй беларускіх нафтаправодаў. Навошта “Транснафце” наш, калі яна ўжо пачала будаваць свой?
Безумоўна, нафтагазавыя скандалы, якія то ўспыхвалі, то заціхалі паміж Беларуссю і Расіяй, у выніку прывялі да таго, што наша краіна страчвае сваю геапалітычную ролю ў еўрапейскім рэгіёне як краіна транзіту расійскіх энерганосьбітаў, якой фактычна не было альтэрнатывы. Альтэрнатыва знойдзена. Гэта значыць, што больш не будзе важкіх аргументаў, каб прасіць для сябе саступак, зніжак, ільгот і гэтак далей. І менавіта па гэтай прычыне Аляксандра Лукашэнку ўжо не так ахвотна прымаюць у Крамлі, і яму даводзіцца дабівацца сустрэчы з расійскімі кіраўнікамі месяцамі.
Але ва ўсім гэтым ёсць і станоўчы момант. Няцяжка здагадацца, што пасля запуску газаправода і нафтаправода ў абход Беларусі, Расія больш не будзе так панічна баяцца беларускага фарс-мажору, нашага рэзкага развароту ў бок Еўропы, Кітая ці куды яшчэ; не будзе надта ўжо ўпірацца супраць змены ўлады; не будзе што ёсць моцы трымацца за Аляксандра Лукашэнку як за апошні бастыён на захадзе.
Як я разумею, менавіта гэта і страшыць беларускага прэзідэнта, які на самай справе ні дня не кіраваў краінай без расійскай дапамогі — і эканамічнай, і палітычнай. Таму, не паеўшы, не папіўшы, і ў дванаццаць ночы ён будзе сустракацца з расійскімі кіраўнікамі, і ў час, і пад раніцу. Бо гэта апошняя магчымасць атрымаць хоць нейкія прэферэнцыі, а значыць — утрымаць уладу.
Тым не менш, можна не сумнявацца, што пасля 2011 года пачнецца новы этап беларуска-расійскіх адносін і новы этап у гісторыі Беларусі. Так ляглі нафтавыя і газавыя трубы. А менавіта яны зараз вызначаюць палітыку. І не выпадкова расійскія аналітыкі аб перспектывах падтрымкі Расіяй Аляксандра Лукашэнкі персанальна і беларускай эканомікі ў цэлым пасля 2011 года гавораць: “Труба дело”. На беларускую мову, нагадаю, гэта перакладаецца як “справы дрэнь”...