Беларусь і Расія маюць намер паглыбляць кааперацыю ў сферы касмічнай прамысловасці
Аб гэтым учора ішла размова ў час наведвання Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам навукова-вытворчага прадпрыемства "Усерасійскі навукова-даследчы інстытут электрамеханікі з заводам імя А. Г. Іасіф'яна", перадае БЕЛТА.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у свой час, калі абмяркоўвалася неабходнасць стварэння ў Беларусі ўласнага спадарожніка, было шмат скептыкаў гэтага праекта. Аднак Прэзідэнт зыходзіў з таго, што, па-першае, неабходна было захаваць існуючы ў рэспубліцы вытворча-навуковы патэнцыял, а па-другое, значна рушыць наперад. "Трактары вырабляліся і будуць вырабляцца, а гэта зусім новае", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, растлумачыўшы, што калі ў будучым якая-небудзь дзяржава і зможа пражыць без гэтых сучасных тэхналогій, то лічыцца перадавой яна ўжо не будзе.У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі прапанаваў расійскім партнёрам унесці канкрэтныя прапановы па перспектыўных напрамках супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі. Ён адзначыў, што няма неабходнасці дубліраваць ужо існуючую ў Беларусі базу і ствараць новую школу. "Яны ёсць у нашай Беларусі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Гэта прапанова выклікала цікавасць з боку расійскіх партнёраў. Яны ў сваю чаргу таксама прапанавалі Беларусі супрацоўніцтва па пашырэнні спектра задач, якія выконваюцца беларускімі спецыялістамі ў інтарэсах касмічнай прамысловасці ў Саюзнай дзяржаве. Пры гэтым удзел у розных сумесных праектах будзе ісці паралельна з падрыхтоўкай і навучаннем персаналу. Фактычна размова ідзе аб стварэнні ў Беларусі паўнацэннай уласнай касмічнай прамысловасці з вытворчай і навуковай базай. "Мы павінны атрымаць новы напрамак у эканоміцы", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.