Лукашэнка паляцеў у Маскву
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, на 11 чэрвеня запланаваны сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым і старшынёй урада Уладзімірам Пуціным, а таксама наведванне Усерасійскага навукова-даследчага інстытута электрамеханікі. Асноўнай тэмай сустрэч стануць пытанні функцыянавання Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Парадак перамоваў таксама ўключае «шэраг актуальных пытанняў двухбаковага беларуска-расійскага супрацоўніцтва».
7 чэрвеня Лукашэнка і Мядзведзеў кантактавалі па тэлефоне і вызначылі прыкладны пералік пытанняў, якія плануецца абмеркаваць падчас сустрэчы на вышэйшым узроўні. Бакі дамовіліся «даручыць віцэ-прэм’еру ўрада, які курыруе пытанні Мытнага саюза, падрыхтаваць да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў розныя кампрамісныя варыянты рашэння праблем, якія стрымліваюць эфектыўнае функцыянаванне гэтага саюза і стварэнне АЭП».
«Лідэры Беларусі і Расіі адзіныя ў меркаванні, што сустрэча павінна быць максімальна канкрэтнай і дзейснай. Яна закліканая стаць важным імпульсам у развіцці інтэграцыйных працэсаў з удзелам нашых краін», — адзначалася ў паведамленні прэс-службы беларускага прэзідэнта.
У сваю чаргу прэс-служба Крамля паведаміла, што размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку. У ходзе гутаркі «была пацверджана дамоўленасць працягнуць абмеркаванне пытанняў фарміравання Мытнага саюза ў святле рашэнняў, прынятых Расіяй і Казахстанам у ходзе пасяджэння вышэйшага органа МС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў у Санкт-Пецярбурзе 21 мая гэтага года».
21 траўня ў Санкт-Пецярбургу кіраўнікі ўрадаў Расеі, Беларусі і Казахстана ў ходзе шматгадзінных перамоваў не змаглі ўрэгуляваць спрэчкі аб уступленні ў сілу Мытнага кодэкса 1 ліпеня гэтага года. Уладзімір Пуцін адзначыў тады, што рознагалоссі тычыліся аўтамабільнай і авіяцыйнай прамысловасці, мытных пошлін, увозу тавараў фізічнымі асобамі для ўласных патрэб.
28 траўня ў Санкт-Пецярбургу прэм’ер-міністры Расіі і Казахстана дамовіліся аб увядзенні Мытнага кодэкса Мытнага саюза на двухбаковай аснове. Дакумент адкрыты для падпісання Беларуссю. Кіраўнік беларускага ўрада на перамовы не прыбыў. Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея і Казахстан будуць уступаць у СГА ўдваіх, калі Мінск не далучыцца да дамоваў Мытнага саюза.
1 чэрвеня на сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам Расеі Ігарам Шувалавым у Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «Беларусь можа пайсці на кампрамісныя рашэнні ў Мытным саюзе пры ўмове раўнапраўнага і паважлівага стаўлення з боку іншых удзельнікаў».
Аляксей Арэшка, БелаПАН