Пры ператрусах «Гавары праўду» грашова найбольш пацярпела Святлана Навумава
Святлана Навумава (злева) на прэс-канферэнцыі «Гавары праўду». © Фота Юліі Дарашкевіч |
Дырэктара прадпрыемства, вядомага паэта Ўладзімера Някляева знаходжу праз мабільны тэлефон. Пытаюся, чаму не ўдаецца аднавіць працу?
«Спрабуем неяк аднавіць структуру, маёмасьць хоць нейкую вярнуць. Структуру аднаўляем, людзі ня надта напалохаліся, толькі некаторыя сышлі, большасьць гатовыя далей працаваць. Але вось з маёмасьцю ўсё наладзіць даволі складана. Бо нічога нам не аддаюць, проста нічога. Не рэагуюць на ўсе нашы заявы. Робяць выгляд, што нічога ў нас ня бралі і нічога ня вінныя нам».
У самога Ўладзімера Някляева забралі кнігі, дакумэнты, рукапісы, у іншых актывістаў кампаніі — кампутары, тэлефоны, аргтэхніку, безь якіх немагчыма працаваць далей.
Шмат у каго забралі грошы, у тым ліку не кішэнныя, а сродкі, якія людзі зьбіралі шмат гадоў на асабістыя мэты. Сьвятлане Навумавай патрэбныя донарскія ныркі, яна назьбірала грошы на апэрацыю.«Мы стараемся сьледчым гэта давесьці, што сюды ня мае дачыненьня палітыка, гаворка пра гуманнасьць, але — ня чуюць», — наракае Някляеў.
У сьледчай управе Ленінскага райаддзелу міліцыі Менску, дзе вядзецца справа кампаніі «Гавары праўду», камэнтаваць сытуацыю з маёмасьцю і грашыма актывістаў адмаўляюцца. Кіраўнік управы Зьміцер Сімкоў спасылаецца на тое, што сьледзтва яшчэ не завершанае.
Радыё «Свабода»