Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі ствараецца ў Беларусі
Дзяржаўная ўстанова "Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі" ствараецца ў Беларусі. Указ аб гэтым № 273 Прэзідэнт Беларусі падпісаў 25 мая.
Такім чынам, у краіне фарміруецца спецыялізаваная арганізацыя па комплексным суправаджэнні інвестараў (перш за ўсё замежных).
Агенцтва ствараецца на аснове існуючага РУП "Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва", якое знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства эканомікі, шляхам яго пераўтварэння.
Асноўным прадметам дзейнасці агенцтва з'яўляецца забеспячэнне прыцягнення інвестыцый у Беларусь, у тым ліку пры прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.
Агенцтва падпарадкоўваецца ўраду і падкантрольна наглядальнаму савету, які ажыццяўляе каардынацыю работы і кантроль за яго дзейнасцю, і прадстаўляе інтарэсы дзяржавы па пытаннях прыцягнення інвестыцый у Беларусь, у тым ліку пры прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.
Новы статус дасць магчымасць агенцтву весці паўнацэнную работу з органамі дзяржаўнага кіравання, забяспечваць якаснае і аператыўнае ўзаемадзеянне інвестараў і рэгіянальных органаў кіравання, стаць "адным акном" для інвестараў незалежна ад спосабу іх прыходу ў Беларусь, а таксама павысіць эфектыўнасць правядзення прыватызацыйных працэсаў у краіне і прыцягнення інвестыцый у эканоміку Беларусі.