Сямён Шапіра асабіста ўнікне ў некаторыя крымінальныя справы
Сямён Шапіра мае намер прытрымлівацца стылю кіраўніцтва Аляксандра Дубко, які пасьпяхова кіраваў вобласьцю ў 90-ыя гады.
Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут кажа, што былога кіраўніка аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку за жорсткае стаўленьне да людзей называлі "лесарубам". На думку Пачобута, такі стыль кіраваньня завёў вобласьць у тупік, і гэта пабачыў і сам Лукашэнка.
Пачобут: "І гэтая дэклярацыя Шапіры, мне падаецца, — пэўны сыгнал для чынавенства, што ён будзе лагаднейшым кіраўніком, скажам так — бацькам-камандзірам".
Сваёй мэтай Сямён Шапіра ставіць дапамогу суб’ектам гаспадараньня, якія апынуліся ў крызісным стане, і іх кіраўнікам. Ужо зараз ён заяўляе, што "праз год-два падвоім аб’ёмы вытворчасьці ў вобласьці".
Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, камэнтуючы намеры новага старшыні, зьвяртае ўвагу на тое, што каля 11,5% прадпрыемстваў у вобласьці — стратныя, а яшчэ чвэртка — на мяжы стратнасьці.
Галоўная задача, на думку Істоміна, — знайсьці зараз для гэтых прадпрыемстваў зацікаўленага ўласьніка, які б ня толькі павялічваў аб’ёмы вытворчасьці, але пасьпяхова рэалізоўваў прадукцыю на ўнутраных і зьнешніх рынках.
"А яшчэ Лукашэнка сам казаў, калі выступаў у Горадні, што ўсяго 1% інвэстыцый, якія прыйшлі з-за мяжы ў Беларусь , аселі ў Гарадзенскай вобласьці. Гэта поўны правал былога кіраўніцтва".
Другая галоўная тэма ў плянах Сямёна Шапіры тычыцца працы праваахоўных органаў. Ён заявіў, што яны павінны разьмяжоўваць два паняцьці: рызыка кіраўніка дзеля ўратаваньня прадпрыемства, што апраўдана, і карысьлівы ўчынак, што недапушчальна.
У прыватнасьці, пасьля наведваньня шклозаводу "Нёман" Сямён Шапіра заявіў, што ягоная думка наконт дырэктара прадпрыемства не супадае з поглядамі праваахоўных органаў: маўляў, дырэктаравы недапрацоўкі не настолькі істотныя, як іх прадстаўляюць.
Наагул, Сямён Шапіра заявіў, як цытуе абласная газэта, што ў бліжэйшы час ён асабіста ўнікне ў некаторыя крымінальныя справы.
Андрэй Пачобут кажа на гэта: не ў кампэтэнцыі старшыні аблвыканкаму займацца ацэнкай дзейнасьці праваахоўных органаў. На яго думку, Лукашэнка дае гэтым адмашку.
Пачобут: "Але разам з тым беларуская сыстэма такая — дарэчы, гэта яскрава прагучала з выступленьня Лукашэнкі ў Горадні, і гэтыя словы Шапіры сьведчаць, — што толькі выканаўчая ўлада акрэсьлівае, хто сёньня вінаваты, а хто не".
У зьвязку з гэтым Юры Істомін зьвяртае ўвагу на тое, што новы кіраўнік вобласьці публічна нічога не сказаў пра лёс былога старшыня Ўладзімера Саўчанкі, былога старшыні абласнога савету Аркадзя Карпуця, які знаходзіцца пад сьледзтвам, а таксама пра тое, дзе зараз былы кіраўнік абласной гарадзенскай міліцыі Генадзь Хацько.
Істомін: "Вось гэта яго справа, і думаю, што гэта павінна было стаць першым крокам, каб сказаць людзям, якая сытуацыя з былымі кіраўнікамі вобласьці. Сказаць праўду, што, да прыкладу, вядзецца сьледзтва ў адносінах да гэтых людзей".
На думку Андрэя Пачобута, прызначэньне Сямёна Шапіры — гэта пралічаны крок Аляксандра Лукашэнкі.
Пачобут: "Разам з тым, на маю думку, Лукашэнка палічыў, што Саўчанка ўжо дастаткова зачысьціў Гарадзеншчыну і цяпер можна такога больш мяккага кіраўніка, бо ўжо так стружку спусьцілі, што можна нешта і паламаць. Вось такое маё меркаваньне".