Гродзенская вобласць павінна стаць узорнай у рэспубліцы

Источник материала:  

Сесія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў зацвердзіла Сямёна Шапіру старшынёй аблвыканкама. Яго кандыдатура па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі была ўнесена кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімірам Макеем і падтрымана ўсімі дэпутатамі.

Сваё рашэнне аб прызначэнні Сямёна Шапіры старшынёй аблвыканкама Аляксандр Лукашэнка падрабязна аргументаваў, выступаючы перад дэпутатамі, актывам Гродзенскай вобласці. Прэзідэнт адзначыў, што ён з асаблівай увагай, сімпатыяй ставіўся, ставіцца цяпер і будзе заўсёды ставіцца да Гродзеншчыны, пастаянна прыводзячы яе ў прыклад іншым рэгіёнам за высокую культуру земляробства, гаспадарлівасць, ініцыятыўнасць. У сацыяльна-эканамічным развіцці Прынёманскага краю за перыяд працы Уладзіміра Саўчанкі старшынёй аблвыканкама зроблена шмат, дасягнуты пэўныя поспехі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, адукацыі... Па выніках студзеня—красавіка сёлетняга года вобласцю забяспечана выкананне мэтавых прагнозных паказчыкаў па тэмпах росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, экспарту тавараў, суадносінах запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Сёлета сярод іншых рэгіёнаў рэспублікі Гродзенская вобласць па тэмпах прамысловай вытворчасці знаходзіцца на чацвёртым месцы, спажывецкіх тавараў — на другім.

Аднак, лічыць Прэзідэнт, вобласць, дасягнуўшы высокага ўзроўню, "фактычна застыла ў сваім развіцці", спынілася неабходная дынаміка, вытворчы і сацыяльна-культурны патэнцыял рэгіёна рэалізаваны не ў поўнай меры. У студзені—красавіку 2010 года ў Гродзенскай вобласці, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі, самыя нізкія тэмпы росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, упала эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці. Павялічылася колькасць стратных, нізкарэнтабельных суб'ектаў гаспадарання, трывожаць факты несвоечасовых разлікаў па зарплаце.

І справа не толькі ў аб'ектыўных цяжкасцях, уплыве нейкіх крызісных з'яў, але і ў суб'ектыўных фактарах, недахопах з боку абласных органаў як выканаўчай, так і прадстаўнічай улады. На думку кіраўніка дзяржавы, адбілася адсутнасць дакладнай стратэгіі ў максімальным выкарыстанні існуючых магчымасцяў.

"Гэта было галоўнай прычынай, якая прымусіла мяне самым сур'ёзным чынам заняцца кадравымі пытаннямі на любімай мной Гродзеншчыне", — адзначыў Прэзідэнт. І з мноства варыянтаў пры разглядзе кандыдатур на пасаду старшыні аблвыканкама выбар прыпаў менавіта на Сямёна Шапіру. Аргументы кіраўніка дзяржавы наступныя. Сямён Шапіра добра ведае аграпрамысловы комплекс, прайшоў шлях ад спецыяліста і кіраўніка сельгаспрадпрыемства да міністра сельскай гаспадаркі. Прэзідэнт бачыў яго ў канкрэтных справах. І ў гаспадарцы, прыклад якой сведчыць, як далёка можна рушыць наперад пры выкарыстанні найноўшых тэхналогій. І на пасадзе міністра, калі "прымаліся вельмі сур'ёзныя рашэнні, калі мы не ведалі, якім шляхам ісці ... і ўносіліся прапановы, якія давалі эканомію ў мільярды рублёў". У Сямёна Шапіры не толькі салідны практычны вопыт аграрыя, але і грунтоўная навукова-тэарэтычная база: доктар эканамічных навук, актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы маштабных дзяржаўных праграм.

"Вядома, страціць такога міністра — гэта рызыкоўны крок. Але ўсё ж пярэднія рубяжы нашай "абароны і атакі" — гэта губернатары, гэта нашы вобласці і горад Мінск, дзе засяроджана і кіпіць ключом асноўнае жыццё. І калі ў новага старшыні аблвыканкама ўсё складзецца, як было ў яго лёсе раней, то вобласць ад гэтага толькі выйграе", — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Гродзеншчына, на яго думку, павінна стаць узорнай у рэспубліцы, сапраўдным флагманам у цэнтры Еўропы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што кіраўніцтву вобласці трэба засяродзіцца на вырашэнні найбольш праблемных пытанняў. Гэта і больш дынамічнае развіццё аграпрамысловага комплексу, і забеспячэнне неабходных тэмпаў росту прамысловай вытворчасці, фінансавае аздараўленне суб'ектаў гаспадарання. У прыватнасці, экстраныя меры трэба прыняць у дачыненні не толькі стратных прадпрыемстваў, але і тых, што атрымліваюць мінімальны прыбытак і знаходзяцца на мяжы стратнасці.

Асаблівую ўвагу, адзначыў кіраўнік дзяржавы, неабходна надаць тым праблемам і недапрацоўкам, якія перашкаджаюць людзям жыць дастойна. Трывожным сігналам у гэтым плане з'яўляецца значны рост зваротаў жыхароў рэгіёна ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Людзі скардзяцца на недапрацоўкі ў сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, на бюракратызм і валакіту пры разглядзе многіх пытанняў. Таму ў першую чаргу павінна быць забяспечана выкананне ўсіх сацыяльных стандартаў для жыхароў горада і вёсак. "Асабліва прашу звярнуць увагу на рэалізацыю такога дзяржаўнага прыярытэту, як будаўніцтва жылля", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра нядаўнія выбары ў мясцовыя Саветы, Прэзідэнт адзначыў, што яны былі максімальна адкрытымі і празрыстымі. Людзі прагаласавалі за тых, хто кіруецца не асабістымі амбіцыямі, а патрэбамі беларускага народа. Цяпер дэпутатам трэба засяродзіцца на непасрэднай працы з людзьмі. "Неабходна пастаянна адсочваць сітуацыю і аператыўна аказваць людзям дапамогу ў вырашэнні прафесіянальных, бытавых, сацыяльных праблем. Для гэтага ёсць шырокія паўнамоцтвы, замацаваныя законам, — сказаў Прэзідэнт. — Трэба ўзаемадзейнічаць з усімі галінамі ўлады, грамадскімі аб'яднаннямі, працоўнымі калектывамі. Толькі пры гэтай умове Савет дэпутатаў стане эфектыўна працаваць".

Трэба зрабіць усё, што датычыцца патрэбнасцяў простых людзей, але і ўтрыманцаў з іх рабіць нельга, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт засяродзіў увагу ўладаў і актыву Гродзеншчыны на праблемах кадравага забеспячэння. У прыватнасці, у рэгіёне не хапае спецыялістаў у сельгаскааператывах, шмат вакансій урачоў. "Ніводны малады спецыяліст не павінен з'ехаць, не адпрацаваўшы належны тэрмін", — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў і другую прынцыповую пазіцыю: "Я не дапушчу ніякай карупцыі ў органах улады і кіравання, з гэтым злом буду змагацца жорстка. Бо там, дзе ёсць карупцыя, — няма краіны, няма эканомікі. Гэта ржа, якая раз'ядае ўсё".

З другога боку, адзначыў Прэзідэнт, "не павінна быць нейкіх накатаў". Ён прывёў прыклад з дырэктарам аднаго гродзенскага прадпрыемства, які нядаўна апынуўся ў наручніках у следчым ізалятары: " ... Ён што, уцякаў? Няма такіх матэрыялаў. Тады навошта яго арыштоўвалі? Завялі крымінальную справу — вядзіце следства... А тут: сёння затрымалі — заўтра выпусцілі. Гэта сігнал каму? Дэманстрацыя чаго? Навошта было затрымліваць чалавека, каб суткі патрымаць?"

Парушыў закон — павінен адказваць, але без прыніжэння чалавека, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым "трэба адрозніваць звычайныя памылкі і дзеянні, звязаныя з рызыкай, ад злачынстваў. Нам не патрэбна дзяржава, дзе кожны кіраўнік павінен дрыжаць..."

...Атрымаўшы ад Прэзідэнта пасведчанне старшыні Гродзенскага аблвыканкама, Сямён Шапіра з павагай адазваўся аб Прынёманскім рэгіёне і яго працаўніках. Ён паабяцаў сістэмна і мэтанакіравана працаваць на карысць Гродзеншчыны, і не толькі што датычыцца эканомікі, маштабных інвестыцыйна-інавацыйных праектаў, а і ва ўсіх сферах жыцця вобласці.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Беларусь интересует практическое наполнение программы "Восточное партнерство"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика