У Беларусі будзе распрацавана праграма па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак да 2015 года
У Беларусі неабходна распрацаваць праграму па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак да 2015 года, зрабіўшы яе зразумелай і даступнай. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 мая на нарадзе па пытаннях развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян.
"Асабістыя падсобныя гаспадаркі ў нас ёсць і будуць. Іх няшмат. У асноўным гэта сяляне, якія жывуць у вёсках. І тут галоўнае для нас — зрабіць так, каб захаваць гэтыя асабістыя падсобныя гаспадаркі", — адзначыў Прэзідэнт.
"А як мы ім тут дапамагаем? Як сведчыць Камітэт дзяржкантролю — ніяк. Больш таго, старшыні райвыканкамаў, сельсаветаў сабатуюць рашэнні Прэзідэнта", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што калгасы павінны дапамагаць сваім работнікам. У выпадку калі па дапамогу звяртаюцца тыя вяскоўцы, якія не працуюць у калгасе або саўгасе, то тады калгас мае права ўстанавіць яму больш высокую плату за патрэбную паслугу. Калі не задаволяць яго просьбу ў калгасе, тады гэты селянін павінен звяртацца ў сельсавет. Калі і там не вырашаюць пытанне, трэба звяртацца ў райвыканкам.
Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў работу сельсаветаў у частцы падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян.
"Калгас павінен займаць дзяржаўную пазіцыю яшчэ і таму, што праграма развіцця вёскі рэалізуецца за кошт дзяржавы. Таму калгасы павінны вырашаць дзяржаўную праблему — падтрымліваць насельніцтва, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Старшыні калгасаў, дырэктары саўгасаў, кіраўнікі сельгаскааператываў абавязаны выконваць гэту дзяржаўную функцыю. Няўхільна. Трэба — падпішам нарматыўны акт, каб яны адказвалі за гэта галавой".
Акрамя таго, Прэзідэнт даручыў кіраўнікам калгасаў аказваць падтрымку асабістым гаспадаркам у забеспячэнні ўгнаеннямі.
"Галоўнае, каб чалавек перш за ўсё забяспечыў сябе, сваю сям'ю, а арганізацыям спажыўкааперацыі прадаў свае лішкі", — лічыць Прэзідэнт.
Старшыня праўлення Белкаапсаюза Сяргей Сідзько адзначыў факты празмернай забюракратызаванасці працэсу здачы сельгаспрадукцыі нарыхтоўчым арганізацыям. Прэзідэнт тут жа распарадзіўся выправіць сітуацыю і ўстараніць лішнія бюракратычныя перашкоды, напрыклад, прадастаўленне даведак аб тым, што яблыкі вырашчаныя менавіта гэтым гаспадаром і менавіта ў гэтым садзе.
Прэзідэнт пагадзіўся з неабходнасцю распрацоўкі праграмы па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак да 2015 года.
Прэзідэнт лічыць, што неабходна стымуляваць насельніцтва да імкнення мець уласны надзел зямлі, ствараць сядзібы. Але пры гэтым не разлічваць на фінансаванне ўсіх расходаў з боку дзяржавы.