Беларусь разлічвае на адмену Расіяй абмежавальных мераў адносна беларускай прадукцыі
Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі па выніках сустрэчы з губернатарам Курганскай вобласці Расіі Алегам Багамолавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўсе выходзім з фінансавага крызісу. Рост расійскай эканомікі за папярэдні перыяд (за 4 месяцы гэтага года — 106 працэнтаў) і беларускай эканомікі (рост 106 працэнтаў) сведчаць аб тым, што мы можам адмовіцца ад многіх мераў, якія прынялі ўрады ў антыкрызісных праграмах па пратэкцыянізму, па абароне ўласных рынкаў", — сказаў Сяргей Сідорскі.
Як вядома, на сёння дзейнічаюць абмежавальныя меры па пастаўках некаторай беларускай прадукцыі на расійскі рынак. "Я лічу, што такія нашы кантакты, разуменне пытанняў кааперацыі, узаемных паставак прадукцыі на таварныя рынкі Расіі і Беларусі павінны і абавязаны зняць усе перашкоды, якія мелі месца на працягу 2009 года", — лічыць прэм'ер-міністр. "Прынамсі, мы на гэта разлічваем", — дадаў ён.
Паводле слоў Сяргея Сідорскага, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі таксама пацвярджае, што сігналы для гэтага ёсць.