Кіраўнік Беларусі, Аляксандр Лукашэнка, прывёз на нефармальны саміт лідэраў
краін-удзельніц АДКБ, які адбыўся 8 траўня ў Маскве, заяву Курманбека Бакіева, у якім той заклікае ўвесці ў Кыргызстан ваенны кантынгент,
паведамляе «Время новостей».
Па дадзеных выдання, падчас жорсткай дыскусіі гэтую прапанову адкінулі. Замест яе была прынятая заява кіраўнікоў дзяржаў-членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, у якой «падзеі красавіка у Кыргызскай Рэспубліцы, што прывялі да неканстытуцыйнай змены ўлады», разглядаюцца членамі АДКБ «ўнутранай справай» гэтай краіны.
Адзначым, што раней Аляксандр Лукашэнка назваў бесперспектыўнай далейшую дзейнасць АДКБ, паколькі арганізацыя не рэагуе на «дзяржаўны пераварот у адной з краін-членаў».
Курманбек Бакіеў быў вымушаны пакінуць пасаду кіраўніка дзяржавы пасля масавых беспарадкаў, якія пачаліся ў Кыргызстане 6 красавіка. Падставай для дэманстрацый стала затрыманне практычна ўсіх лідэраў апазіцыі. Ахвярамі сутыкненняў 7 красавіка сталі каля 80 чалавек, больш за тысячу атрымалі раненні.
20-га красавіка Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Мінску. Ён таксама заявіў, што не мае намеру перадаваць часоваму ўраду Кыргызстана звергнутага прэзідэнта. 11-га траўня стала вядома, што Генпракуратура Беларусі атрымала запыт ўладаў Кыргызстана з просьбай выдаць Бакіева.
АП, паводле vremya.ru