Інстытут пагранічнай службы Беларусі ствараецца ў Мінску
Інстытут пагранічнай службы Беларусі ствараецца на базе пагранічнага факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі ў Мінску. Адпаведны ўказ № 237 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 мая.
Такое рашэнне прынята ў мэтах удасканалення кадравага забеспячэння органаў пагранічнай службы.
Інстытут будзе ўваходзіць у сістэму органаў пагранічнай службы і з'яўляцца юрыдычнай асобай. Падпарадкоўвацца ён будзе Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту, старшыня якога зацвярджае колькасць, структуру і штат інстытута ў межах агульнай колькасці органаў пагранічнай службы і расходаў на іх утрыманне.
Узначаліць гэту навучальную ўстанову начальнік, які будзе падпарадкоўвацца старшыні Дзяржпагранкамітэта і назначацца на пасаду і вызваляцца з яе Прэзідэнтам Беларусі па прадстаўленні старшыні Дзяржпагранкамітэта. Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня 2010 года.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.