Экс-кандыдата вінавацяць у подкупе выбарцаў
29.04.2010
—
Новости Политики
Віцебскі актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч пайшоў у гарадзкую камісію, каб атрымаць адказ на свае скаргі. Адказу ў камісіі яму не далі, але заявілі, што пра незалежнага кандыдата высьветліліся «ганебныя факты».
Калі Ўладзімер Рамановіч сёньня па абедзе прыйшоў атрымаць адказы на скаргі пра парушэньні на выбарчых участках №№ 47 і 48 Тэхналягічнай выбарчай акругі, яны яшчэ былі не надрукаваныя. Але экс-кандыдат у дэпутаты гарсавету пачуў адказ у вуснай форме.Па-першае, яму сказалі, што скаргі назіральнікаў «напісаныя нібыта пад дыктоўку», а іх саміх камісія ўвогуле ня бачыла на ўчастку ў дзень галасаваньня.
Па-другое, актывісту паведамілі, што старшыні ўчастковых камісій дзейнічалі згодна з заканадаўствам і своечасова ды гучна абвяшчалі вынікі падліку па кожнай скрыні для галасаваньня, а калі гэтага ня чулі назіральнікі або кандыдат, то гэта іхныя праблемы.
Урэшце рэшт у гарадзкой камісіі заявілі, што маюць скаргу на самога Ўладзімера Рамановіча. Нібыта ён хадзіў па студэнцкіх інтэрнатах і плаціў студэнтам грошы, каб за яго прагаласавалі.
Калі першыя два адказы актывіста непрыемна ўразілі, то абвінавачаньне ў подкупе выбарцаў проста абурыла: Уладзімер Рамановіч кажа, што ня меў доступу ў інтэрнаты, бо яго туды проста не пускалі дзяжурныя ці камэндант.
Экс-кандыдат спадзяваўся ўвечары атрымаць адказы ў пісьмовай форме ды ўрэшце дазнацца падрабязнасьці пра скаргу з інтэрнату. Аднак у 18:20 у тым памяшканьні, дзе працуе камісія, ужо нікога не было — хоць паводле графіку камісія мусіць працаваць да 19-й гадзіны.