Міліцыя паспрабуе ўзламаць паролі паштовых скрынак Калінкінай, Коктыш, Халіп, Радзінай
Сьледчы аддзелу дазнаньня Гомельскай міліцыі Аляксандар Пусеў не задаволены вынікамі экспэртызы ў справе распаўсюджваньня паклёпніцкіх зьвестак пра старшыню гомельскага ЎКДБ Івана Каржа. Ён даручыў крыміналістам узламаць паролі электронных паштовых скрыняў журналістак Сьвятланы Калінкінай, Марыны Коктыш, Ірыны Халіп, Натальлі Радзінай і прачытаць іх ліставаньне.
Нагадаем: крымінальную справу распачалі напрыканцы году. У сакавіку на кватэрах журналістак правялі ператрусы і забралі ўсе носьбіты інфармацыі.
Журналістка сайту charter97.org Натальля Радзіна паведаміла, што сьледчы Аляксандр Пусеў, азнаёміўшы яе з вынікамі экспэртызы, правёў новы допыт. Ён прызначыў дадатковую экспэртызу, у якой паставіў задачу экспэртам высьветліць, ці не адбывалася адміністраваньне charter97.org кампутарамі, якія забралі падчас ператрусу.
Перад допытам ёй патэлефанаваў участковы інспэктар Ленінскага раёну і паведаміў, што яму даручылі напісаць на яе характарыстыку.
Марына Коктыш таксама будзе чакаць вынікаў другой экспэртызы. Найбольш яе абурыла тое, што сьледчы будзе чытаць яе ліставаньне:
«Вельмі непрыемна, што экспэрты дакрануцца да майго асабістага жыцьця, чытаючы, што я пішу каму-небудзь. Я сказала, што супраць таго, каб сыстэмныя блёкі, флэшка і карта ад фотаапарату былі накіраваныя на дадатковую экспэртызу, бо лічу, што тая экспэртыза, якая была праведзена, адказала на ўсе іхныя пытаньні».
Ірыне Халіп сьледчы не вярнуў кампутар, але аддаў дыскі, сярод якіх быў дыск са здымкамі сына.
Паводле радыё «Свабода»