Эканоміка Беларусі пачынае паціху прыбаўляць пасля крызісу
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ў дзень гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС наведаў рэгіёны, што пацярпелі ад гэтай катастрофы. Учора кіраўнік дзяржавы пабываў у Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці, дзе азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёну, работай па ўдасканаленні сацыяльнай абароны насельніцтва, пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС.
Стварэнне аграгарадкоў у Беларусі ў гэтай пяцігодцы будзе завершана, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы аграгарадок Язёры. Усяго да канца пяцігодкі ў Беларусі будзе налічвацца звыш 1,5 тыс. аграгарадкоў. У будучым будуць прыводзіцца ў парадак буйныя вёскі, размешчаныя паблізу аграгарадкоў. Як адзначыў Прэзідэнт, у наступнай пяцігодцы асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваныя на развіцці ў краіне вытворчай базы.
Аграгарадок Язёры, які наведаў Аляксандр Лукашэнка, быў першым створаным у краіне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму падабаюцца менавіта такія аграгарадкі, дзе захаваўся дух вёскі. Акрамя таго, тут створаны ўсе ўмовы для нармальнага жыцця людзей: ёсць магазін, дзіцячы сад, школа, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва. Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі 30 працэнтаў насельніцтва пражывае ў сельскай мясцовасці, у свеце гэта колькасць складае 6 працэнтаў. "Я хацеў бы захаваць гэтыя 30 працэнтаў сельскага насельніцтва, — сказаў ён. — Нам трэба захаваць вёску, гэта наша галоўная задача".
Размаўляючы з жыхарамі аграгарадка, Прэзідэнт выказаў перакананне, што не дарэмна ў гэтыя раёны ўкладваліся сродкі, адраджаліся землі. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, у Чэрыкаўскім раёне захваральнасць дзяцей ніжэйшая на 30 працэнтаў, чым у цэлым па вобласці, а дарослага насельніцтва — на 20 працэнтаў. За апошнія 5 гадоў быў выяўлены толькі адзін выпадак "бруднага" малака, які адзначаўся ў 2006 годзе. На пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях назіраецца добрая тэндэнцыя зніжэння радыеактыўнага забруджвання зямель. У некаторых рэгіёнах вядзецца работа па вяртанні выведзеных раней з сельгасабароту зямель.Беларусь павінна павысіць канкурэнтаздольнасць сельгасвытворчасці. "Расія пойдзе наперад. У іх больш рэсурсаў, у іх грошай хапае. Яны ідуць услед за намі, пераймаючы вопыт. Мы не павінны адстаць. Мы павінны ў гэтай гонцы іх апярэдзіць на крок, на паўкроку", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе яго даручэнні, якія датычацца навядзення парадку на зямлі, вырашэння пытанняў у сельскай гаспадарцы, павінны няўхільна выконвацца.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спецыялістаў сельскай гаспадаркі неабходна зацікавіць у рабоце на зямлі. Звяртаючыся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Ніводны спецыяліст, ніводны начальнік участка з гэтага года не мае права звольніцца без вашага дазволу". На падрыхтоўку аднаго такога спецыяліста дзяржава затрачвае каля $15 тыс., адпаведна, яны павінны акупляцца.
Прэзідэнт таксама запатрабаваў ад Пятра Рудніка навесці парадак на зямлі ў рэгіёне. "Вобласць павінна быць "вылізана". Па контуры кожнае поле павінна быць прыведзена ў парадак", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Так-сяк не атрымаецца. Уводзьце ваенную дысцыпліну, стаўце задачы — ад сялян да кіраўнікоў выканкамаў. Вы ўмееце, ведаеце, як рабіць", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
"Мы пражылі самы цяжкі перыяд у навейшай гісторыі. Мы не адчулі таго страшэннага крызісу, які быў у іншых краінах, калі есці не было чаго, холадна, голадна было", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Кажуць, свет выходзіць з крызісу. І мы пачынаем паціху прыбаўляць. Калі мы выйдзем на ўзровень 2008 года, то мы жыць будзем", — дадаў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што калі тэндэнцыя прыросту захаваецца, "то і грошы будуць, і фермы новыя будуць будавацца, і заработную плату будзем мець нармальную".
Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.