Чарнобыльскі шлях — 2010
18:27
Выступае акадэмік Іван Нікітчанка.
18:19
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі падчас выступу заклікаў аб пачатку нацыянальнай кампаніі па абароне беларусаў ад вымірання.На акцыі прысутнічаюць пісьменнікі Уладзімір Някляеў і Генадзь Бураўкін. Далучыліся да акцыі прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі». Яны прыйшлі са сваімі сцягамі.
Зараз у акцыі ўдзельнічае прыкладна 400-500 чалавек.
18:11
Спявае бард Андрэй Мельнікаў, адну песню выканаў сваю, другую - на словы інака Мікалая (Алега Бембеля).
Палітыкаў вобмаль, ёсць сустаршыні БХД Аляксей Шэін, Павел Севярынец, Георгій Дзмітрук, а таксама старшыня БСДП (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, з"явіліся таксама па адным сцягу «Народнай Грамады» і «Маладой Беларусі».
Людзі між сабой зазначаюць, што не варта ісці ў бок Бангалор, а правесці мерапрыемства тут, ля Прэзідыума Акадэміі навук.
18:02
На пляцоўцы перад будынкам Прэзідыума Акадэмі навук сабралося каля 150—200 чалавек.Міліцыя, як абяцала, паставіла агароджы і металашукальнікі. Некалькі дзясяткаў чалавек пакуль не заходзяць у загароджу.
Ва ўдзельнікаў акцыі пакуль толькі бел‑чырвона‑белыя сцягі. Нагадаем, аргкамітэт па стварэнні БХД — арганізатары акцыі — рэкамендавалі ўдзельнікам мерапрыемства адмовіцца ад партыйна‑арганізацыйнага піяру.
***
Арганізатары прасілі дазволу прайсці ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы, але гарвыканкам традыцыйна адпраўляе ўдзельнікаў шэсця вуліцай Сурганава на Бангалор.
Маладафронтаўцы трымаюць расцяжку «Чарнобыльскі шлях - 2010» і таксама транспарант «Чынввенства суда і пракуратуры прычыняюць такую ж шкоду народу, як радыяцыя».
***
«Акцыя Чарнобыльскі шлях - 2010» прысвечаная 24‑м угодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Першы раз такая акцыя прайшла ў трэція ўгодкі катастрофы, 30 верасня 1989 года ў Мінску па ініцыятыве БНФ «Адраджэнне».
26 красавіка 1996 года прайшла найбольш гучная акцыя, паводле розных ацэнак у ёй узялі ўдзел ад 30 да 50 тыс. чалавек, Шлях суправаджаўся сутычкамі з міліцыяй і спецназам, а скончыўся масавымі затрыманнямі і адміністрацыйнымі суткамі.
***
Некалькімі гадзінамі раней прадстаўнікі дзяржаўных структур і міліцыі ўшанавалі памяць ахвяр наступстваў катастрофы жалобнымі мерапрыемствамі ў храме ў гонар іконы Божай Маці "Спатоленне загінулых".Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка наведвае Чэрыкаўскі раён Магілёўскай вобласці, што пацярпеў ад наступстваў катастрофы.