Аляксандр Лукашэнка: Мы павінны дасягнуць у самай блізкай перспектыве еўрапейскага ўзроўню і якасці жыцця

Источник материала:  

Сёлетняе Пасланне кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і парламенту, з якім Аляксандр Лукашэнка звярнуўся ўчора на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат, можна назваць асаблівым. Гэта датычыцца як зместу, так і самога падыходу. Пра адкрытасць і настрой беларускага лідара на шчырую сумленную размову з парламентарыямі гаворыць той факт, што тэлебачанне ўпершыню транслявала не толькі ўласна зварот, але і адказы Прэзідэнта на пытанні парламентарыяў. Забягаючы наперад, адзначым, што сярод іх былі і даволі вострыя, меркаванне кіраўніка дзяржавы па якіх хвалявала многіх. У тым ліку і за межамі Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка пачаў размову з таго, што супакоіў скептыкаў: нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, Беларусь не адмаўляецца ад абавязкаў, якія ўзяла на гэтую пяцігодку. 2010 год — ключавы. Менавіта сёлета трэба закласці падмурак хуткага якаснага прарыву. Беларусь павінна выйсці з крызісу больш сучаснай і гатовай да жорсткай канкурэнцыі ва ўмовах не дакрызіснага, а паслякрызіснага свету, заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што асноўным арыенцірам ва ўсіх сферах дзейнасці з'яўляецца якасць. Гэта якасць тавараў і паслуг, кіравання і самае важнае — якасць жыцця людзей. "Для нашай краіны пытанні якасці заўсёды былі ў шэрагу прыярытэтных. Але асаблівую актуальнасць яны набываюць ва ўмовах выхаду з сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння на міжнароднай арэне ідзе перагляд прынцыпаў функцыянавання эканамічных сістэм. І мае вялікі поспех тая з іх, якая пастаянна абнаўляецца, пераймаючы ўсё лепшае з сусветнага вопыту.

"У сувязі з гэтым нам жыццёва неабходны якасны прарыў у айчыннай эканоміцы", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Каб дасягнуць пастаўленай мэты, неабходныя новыя стратэгіі. Першая з іх — тэхналагічная. Яе складальнікамі павінны стаць: структурныя пераўтварэнні эканомікі, якія прадугледжваюць пераважанне галін, што вырабляюць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю; стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцяў, здольных прапанаваць свету прынцыпова новыя віды тавараў і паслуг; фарміраванне рыначных стымулаў для павышэння інавацыйнай актыўнасці ўсіх суб'ектаў гаспадарання.

Наступны найважнейшы напрамак — выпрацоўка стратэгіі дзелавой актыўнасці. "Яе галоўны прынцып: канкурэнцыя на змену манаполіям, — сказаў беларускі лідар. — Лічу, што наспела неабходнасць прыняцця Дырэктывы № 4 аб далейшай лібералізацыі эканомікі, накіраванай на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы".

Далей Аляксандр Лукашэнка назваў транзітную стратэгію, якая прадугледжвае пашырэнне транспартных, камунікацыйных і фінансавых калідораў. "Гэта павінна стаць тым асноўным звяном, якое забяспечыць якасны рывок у эканамічным развіцці краіны і дасць магчымасць, выкарыстоўваючы геаграфічныя перавагі Беларусі, заняць сваю нішу ў міжнародным падзеле працы", — заявіў ён.

Энергетычная стратэгія павінна быць узмоцнена за кошт больш актыўнага выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, будаўніцтва новых сучасных энергетычных магутнасцяў, а таксама дыверсіфікацыі паставак традыцыйных рэсурсаў. "Больш за тое, у будучай пяцігодцы энергетычная стратэгія стане асноўным напрамкам дзейнасці ўсіх органаў улады, у тым ліку Прэзідэнта. Паколькі гэта галоўны фактар забеспячэння незалежнасці нашай дзяржавы", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прарыў у эканоміцы немагчымы без рэалізацыі стратэгіі ўсёабдымнай інфарматызацыі, якая арыентавана на прапанаванне шырокага спектра электронных паслуг для грамадзян і бізнэсу, пераход дзяржапарату на работу па прынцыпе інфармацыйнага ўзаемадзеяння. "Гэта мае для нашага грамадства вялікае эканамічнае і сацыяльнае значэнне. Тым больш што мы гэта ўмеем рабіць не горш за самыя перадавыя краіны свету", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэтыя стратэгічныя напрамкі дадуць магчымасць Беларусі не толькі захаваць дастойнае месца ў сучасным зменлівым свеце, але і ісці наперад, працаваць значна больш эфектыўна, чым раней, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вось адкуль аб'ектыўна вынікаюць імператыў якасці ў нашай дзяржаўнай палітыцы і матывацыя таго, што 2010 год аб'яўлены Годам якасці".

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што змест гэтага імператыва іншы, больш глыбокі. "Сёння мала адміністрацыйнымі метадамі забяспечваць якасны выраб прадукцыі. Неабходна фарміраваць агульную культуру якасці ў краіне. Выхоўваць у нашых людзей устойлівае жаданне якасна жыць, працаваць, вучыцца, выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. Гэта павінна стаць ладам жыцця! Таму што якасць пачынаецца з канкрэтнага чалавека, з кожнага з нас — нашай кваліфікацыі, адказнасці, ініцыятыўнасці", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Вельмі важна мысліць па-новаму, пераадолець інерцыю і пасіўнасць, нявер'е ў свае сілы, недаацэнку ўласных магчымасцяў", — падкрэсліў ён.

"Неабходна дабіцца дынамічнага прарыву ў цяперашніх умовах. Гэта значыць прывесці ў дзеянне не толькі эканамічныя рычагі, але і сацыяльныя, культурныя, духоўныя фактары. Стварыць умовы для творчай рэалізацыі чалавека. Толькі тады буйнамаштабная дзяржаўная дзейнасць па забеспячэнні якасці можа стаць арганізуючым элементам грамадскага развіцця", — адзначыў беларускі лідар. Ён дадаў, што мэтай намаганняў усяго народа павінна быць фарміраванне па-сучаснаму канкурэнтаздольных як эканомікі, так і дзяржавы, і нацыі ў цэлым. "Мы павінны дасягнуць у самай блізкай перспектыве еўрапейскага ўзроўню і якасці жыцця нашых людзей", — заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь пачынае эканамічны ўздым. Ужо зараз нашу краіну можна прылічыць да тых нямногіх краін у свеце, якія змаглі дабіцца ў крызісным 2009 годзе хоць і нязначнага, але росту ВУП.

"Своечасовасць і правільнасць нашых дзеянняў не толькі ў апошнія некалькі гадоў, але і ў цэлым збалансаванасць беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця пацверджаны міжнароднымі экспертамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд, ацэнкі якіх заўсёды вызначаліся скептыцызмам адносна Беларусі, былі вымушаны прызнаць, што стадыю рэцэсіі Беларусь прайшла ўжо. І краіна пачынае ўздым". Ён таксама адзначыў, што ў першым квартале 2010 года ўжо атрымана каля 5 працэнтаў росту, а да канца года ён павінен дасягнуць як мінімум 11 працэнтаў.

Як падкрэсліў Прэзідэнт, у няпростых умовах у Беларусі ўдалося захаваць вытворчасць і не страціць навуковы і кадравы патэнцыял. Не было дапушчана масавых звальненняў, як гэта было практычна ва ўсіх еўрапейскіх краінах і ЗША. Не скарачаліся ў Беларусі сацыяльныя расходы, не згортваліся важнейшыя дзяржпраграмы. "Насельніцтва не адчувала і не адчувае праблем з забеспячэннем цяплом, электраэнергіяй, палівам, прадуктамі харчавання. У выніку нам удалося захаваць галоўнае — давер людзей, грамадзянскі мір і спакой у грамадстве, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак не хачу, каб склалася ўражанне, быццам у нас поўная ідылія. Праблем дастаткова. І, на жаль, суб'ектыўных, г. зн. у поўнай меры залежных ад нас, не менш, чым аб'ектыўных". Па многіх напрамках работу ўрада, Нацыянальнага банка, мясцовай улады, кіраўнікоў вядучых прадпрыемстваў нельга прызнаць здавальняючай, падкрэсліў ён.

Сярод іншага, на думку Прэзідэнта, трэба перагледзець Інвестыцыйны кодэкс. Гэты асноватворны дакумент быў прыняты дзевяць гадоў таму, і цяпер наспела неабходнасць яго кардынальнага перагляду. Прэзідэнт указаў на неабходнасць рэалізацыі комплексу мер, накіраваных на значнае павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці нашай эканомікі.

"Усё больш і больш салідных інвестараў прыходзяць у Беларусь. Але з чым яны часам сутыкаюцца? З непаваротлівасцю на месцах і адкрытым бюракратызмам", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Два з паловай гады не мог пачаць рэалізацыю праекта па будаўніцтве транспартна-лагістычнага цэнтра ў раёне Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" бельгійскі інвестар. Амаль два гады пайшло ў яго толькі на ўзгадненне праекта інвестыцыйнага дагавора. А пытанне вылучэння зямельнага ўчастка ў арэнду было вырашана толькі пасля звароту інвестара да Прэзідэнта ў лютым гэтага года.

І такія факты не адзінкавыя. "Нягледзячы на тое, што ўсе ведаюць пра маю пільную ўвагу да рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў, бюракратычныя перашкоды не ўстараняюцца", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Спатрэбілася пяць гадоў, каб было прынята канкрэтнае рашэнне аб супрацоўніцтве з іранскай кампаніяй "Кейсан". А інвестыцыйны дагавор з ёю да гэтага часу не заключаны. Хоць даручэнні Прэзідэнтам дадзены яшчэ ў 2004 годзе.

На яго думку, нельга разбураць адкрытым галавацяпствам прывабнасць Беларусі як транзітнай дзяржавы, якая мае значны навукова-вытворчы патэнцыял, развітую інфраструктуру, кваліфікаваныя кадры.

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду, Нацыянальнай акадэміі навук і парламенту распрацаваць і прыняць комплексны закон "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы". Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі для гэтага наспелі ўсе перадумовы, а таксама што гэтым трэба заняцца ў самыя сціслыя тэрміны. Ён вызначыў першачарговыя крокі далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Прэзідэнт запатрабаваў большай дынамікі інавацыйнай дзейнасці. "Мы яшчэ не можам пахваліцца прарыўнымі інавацыямі, звязанымі з распрацоўкай і ўкараненнем уласных найноўшых тэхналогій. І на гэтым стратэгічным напрамку недапрацоўваюць як айчынная навука, так і рэальны сектар эканомікі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У аб'ёме прадукцыі, што выпускаецца, доля высокатэхналагічнай застаецца нізкай. Навукаёмістасць ВУП знаходзіцца на ўзроўні менш за 1 працэнт, у той час як у развітых краінах гэты паказчык у 2-3 разы вышэйшы. Невялікая і доля інавацыйна актыўных прадпрыемстваў.

"Да гэтага часу мы не здолелі зрабіць галоўнае — павярнуць галіны эканомікі тварам да інавацый, нацэліць іх на актыўнае ўкараненне навуковых дасягненняў і найноўшых тэхналогій", — лічыць Прэзідэнт. Чацвёрты год рэалізуецца праграма інавацыйнага развіцця краіны, але адчувальнай аддачы ад тысячы інавацыйных праектаў, якія павінны былі змяніць эканоміку, няма.

Пэўныя надзеі на ўкараненне навукова-тэхнічнага прагрэсу ўскладаюцца на рэалізацыю Нацыянальнай касмічнай праграмы і будаўніцтва атамнай электрастанцыі, але гэтым нельга абмяжоўвацца. Для нарошчвання прадпрыемствамі інавацыйнай актыўнасці патрэбны ўсебаковыя стымулы, як рыначныя, так і прававыя, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў радыкальна спрасціць падатковую сістэму і парадак вядзення бухуліку. Нягледзячы на крокі, што прымаюцца, у аўтарытэтных міжнародных рэйтынгах, якія датычацца прастаты і зразумеласці падатковай сістэмы, Беларусь знаходзіцца вельмі далёка ад высокіх пазіцый, адзначыў Прэзідэнт. Скажам, у адпаведным рэйтынгу Сусветнага банка мы занялі апошняе, 183-е месца. Паводле ацэнкі экспертаў гэтага банка, у Беларусі для выплаты падаткаў трэба затраціць у сярэднім 900 гадзін у год, а, напрыклад, у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах — усяго 12.

"Прадпрымальнікі літаральна стогнуць — высокія стаўкі падаткаў і штрафаў, ускладнены дакументаабарот сталі непасільнай абузай для айчыннага бізнэсу. А гэта ж, акрамя ўсяго іншага, мільярды долараў упушчаных інвестыцый, тысячы няствораных рабочых месцаў, мільёны адзінак непрададзенай прадукцыі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама дадаў: "Мяне запэўнівалі, што ўведзеная ў дзеянне з 1 студзеня гэтага года Асаблівая частка Падатковага кодэкса ўстановіць больш дасканалы, набліжаны да сусветных стандартаў парадак прымянення кожнага з падаткаў. Але, як аказваецца, гэтага зусім недастаткова, каб правілы вядзення бізнэсу па ўмовах падаткаабкладання былі простыя і зразумелыя".

"Таму ўжо да восені чакаю ад урада рашэнняў па кардынальным спрашчэнні падатковай сістэмы. Да гэтай работы трэба актыўна прыцягваць спецыялістаў-практыкаў і прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці", — запатрабаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што экспарт па-ранейшаму з'яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Беларусі. Наша не вельмі вялікая па тэрыторыі і насельніцтву краіна вырабляе больш за 10 працэнтаў сусветнага аб'ёму калійных угнаенняў. У сусветнай вытворчасці кар'ерных самазвалаў доля Беларусі складае амаль 30 працэнтаў. Мінскі трактарны завод на сусветным рынку адпаведнай прадукцыі займае каля 7 працэнтаў. Беларусь вырабляе каля 1,5 працэнта малака ў свеце.

"Гэтыя пазіцыі нам трэба не проста ўтрымаць. Трэба сур'ёзна пашырыць разнастайнасць нашай прысутнасці на сусветным рынку", — лічыць кіраўнік дзяржавы. "Нам ёсць што прапанаваць замежнаму спажыўцу. Мы канкурэнтаздольныя па цане і якасці. Проста трэба працаваць у гэтым напрамку, а не сядзець і чакаць, калі да вас прыйдзе пакупнік, — сказаў ён. — Трэба дзейнічаць больш агрэсіўна, адваёўваючы па сегменту нават тыя рынкі, якія даўно падзелены. Нам не хапае прадпрымальнасці і дзелавога азарту".

"Я шукаю любую магчымасць, каб прапанаваць наш тавар усюды, дзе толькі можна. І там, дзе раней здавалася нерэальным. Так павінны паступаць усе — і дырэктары прадпрыемстваў, і міністры", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад старшыні Камітэта дзяржкантролю і кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі прадставіць канкрэтны аналіз выніковасці дзейнасці ўрада ў гэтым годзе па заваяванні новых рынкаў.

Уся сельская гаспадарка Беларусі павінна быць пабудавана на прынцыпах кааперацыі і інтэграцыі. "Думаю, для нас аптымальна мець два ўзроўні кааперацыйна-інтэграцыйных структур: мясцовы і рэспубліканскі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Пры гэтым структуры мясцовага ўзроўню павінны фарміравацца пад дзейныя і тыя, што ствараюцца, буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, перапрацоўчыя і харчовыя прадпрыемствы".

На рэспубліканскім узроўні важна сфарміраваць пад рыначны спажывецкі попыт скразныя кааперацыйна-інтэграцыйныя структуры па тыпе транснацыянальных карпарацый, якія замыкаюць увесь тэхналагічны ланцужок, — ад атрымання сыравіны да вытворчасці гатовых высакаякасных прадуктаў харчавання, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду ў гэтым годзе распрацаваць праект новай дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі, разлічанай да 2015 года. "Паляпшэнне эканомікі аграпрамысловага комплексу — цэнтральная задача новай аграрнай праграмы краіны на наступны пяцігадовы перыяд, — сказаў Прэзідэнт. — У ёй павінны быць закладзены механізмы ўзмацнення канкурэнтаздольнасці і ўстойлівасці рыначнага развіцця АПК".

Трэба ажывіць прадпрымальніцкую ініцыятыву ў вёсцы, узмацніць асабістую зацікаўленасць кадраў у росце эканамічных вынікаў і зніжэнні непрадукцыйных затрат. "Важна аднавіць прамую матэрыяльную адказнасць за стан спраў у аграрнай вытворчасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Для гэтага, магчыма, трэба пайсці на змяненне адносін уласнасці на маёмасць, на вырабленую прадукцыю, а значыць, і на даходы, што атрымліваюць у складзе дзейных аграпрамысловых прадпрыемстваў".

Важна, каб устойлівыя тэмпы росту вытворчасці забяспечваліся зыходзячы выключна з наяўных рэсурсаў і эканамічнай мэтазгоднасці.

"Уся сукупнасць галін і прадпрыемстваў АПК павінна набыць экспартную накіраванасць, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Аб'ём экспарту і памер валютнай выручкі павінны стаць аднымі з асноўных паказчыкаў ацэнкі дзейнасці аграпрамысловых арганізацый усіх формаў. У структуры экспартнага збыту павінна пераважаць прадукцыя, якая мае высокую дабаўленую вартасць".

Беларусь пераходзіць ад датацыйнай сельгасвытворчасці да рэнтабельнага аграбізнэсу. "Я перакананы, што ў гэтым годзе мы і без датацый дзяржавы ў сельскую гаспадарку будзем мець рэнтабельную вытворчасць, — сказаў Прэзідэнт. — Раней без датацый дзяржавы мы выраблялі стратную сельгаспрадукцыю, а цяпер мы выйшлі на рэнтабельнасць гэтай прадукцыі — малака, мяса, збожжа".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аграрны сектар эканомікі можа і павінен быць крыніцай паступлення валютных сродкаў у краіну. У мінулым годзе Беларусь экспартавала сельгаспрадукцыі на суму больш як $2 млрд. "Пастаўлена задача ў два разы перасягнуць гэты рубеж у бліжэйшыя гады, а да канца пяцігодкі, можа, і раней — перасягнуць 10-мільярдны рубеж у доларавым эквіваленце", — нагадаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт перакананы, што гэтая мэта дасягальная.

Нягледзячы ні на якія цяжкасці, найважнейшым прыярытэтам дзяржавы, як і раней, з'яўляецца правядзенне моцнай сацыяльнай палітыкі. "Абсалютна ўсё, што робіцца ў краіне, нацэлена на далейшае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця нашых людзей", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Апошнія дзесяць гадоў адносна росту даходаў насельніцтва, прадастаўлення дадатковых сацыяльных гарантый для сем'яў з дзецьмі, моладзі, пажылых людзей, жыхароў вёскі, малых гарадоў у Беларусі ўсё рабілася па максімуму.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым годзе ў поўнай меры захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту. Сродкі, якія выдаткоўваюцца на сацыяльную сферу, не толькі не скарочаныя, але і па важнейшых пазіцыях нават павялічаныя. Расходы бюджэту на фінансаванне сацыяльна-культурнай сферы ў гэтым годзе ў параўнанні з мінулым павялічаны на 14 працэнтаў.

"У Беларусі па-ранейшаму будзе праводзіцца палітыка стрымлівання росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, нават з улікам павышэння цэн на энерганосьбіты", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён папярэдзіў урад, што магчымыя рашэнні па змяненні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва могуць быць прынятыя толькі па меры росту даходаў насельніцтва.

Адна з істотных мер сацыяльнай абароны ў Беларусі — сацыяльны складнік у палітыцы цэнаўтварэння.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб урад праводзіў пастаянны маніторынг цэн на спажывецкія тавары і паслугі. Неабходна "зрабіць усё для таго, каб, нягледзячы на кан'юнктуру рынку, рознічныя цэны на асноўныя прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці, а таксама лекі падтрымліваліся на прымальным для насельніцтва ўзроўні".

У той жа час, на думку Аляксандра Лукашэнкі, самай дзейснай мерай сацыяльнай палітыкі з'яўляецца забеспячэнне занятасці, калі чалавек можа самастойна рэалізаваць свае сацыяльныя запатрабаванні. Нават на фоне крызісных усплёскаў беспрацоўя ва ўсім свеце колькасць беспрацоўных у Беларусі застаецца на мінімальным узроўні на працягу шэрагу гадоў (1-1,5 працэнта).

Акрамя таго, з года ў год у краіне павялічваецца колькасць новых рабочых месцаў. У мінулым годзе створана амаль 170 тыс. рабочых месцаў, з іх чацвёртая частка — у малых гарадах і ў вёсцы. У 2010 годзе трэба арганізаваць яшчэ 175 тыс.

"Разам з тым, і ў нас мелі месца выпадкі, калі асобныя прадпрыемствы часова пераходзілі на рэжым няпоўнай занятасці, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ураду і наймальнікам у такіх сітуацыях неабходна прымаць меры па падтрымцы людзей, якія апынуліся ў цяжкіх умовах". Размова ідзе аб перападрыхтоўцы, перанавучанні і павышэнні кваліфікацыі без адрыву ад вытворчасці, аб адраснай дапамозе тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Далейшае паляпшэнне матэрыяльнага становішча пенсіянераў, інвалідаў, тых, хто не можа ўдзельнічаць у грамадскай вытворчасці або знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з'яўляецца адной з прыярытэтных задач дзяржавы, заявіў Прэзідэнт.

У краіне забяспечана стабільнае функцыянаванне пенсійнай сістэмы. Пенсійным забеспячэннем ахоплена амаль 2,5 млн жыхароў, а гэта больш за 26 працэнтаў насельніцтва. На выплату пенсій штогод расходуецца 10 працэнтаў ВУП.

Усё магчымае будзе зроблена і для паляпшэння жыцця і побыту студэнтаў. "Мяне хвалюе і студэнцтва, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ведаю пастаянныя скаргі на нізкі памер стыпендый, праблемы з інтэрнатамі. Усё магчымае для паляпшэння жыцця і побыту студэнтаў мы робім і будзем рабіць. Рашэнні прынятыя, і яны рэалізоўваюцца, як бы ні было цяжка".

"Але студэнты павінны разумець, што і ім самім трэба варушыцца, як мы варушыліся ў добрыя, як прынята лічыць, савецкія часы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я, напрыклад, помню, як з вагонаў насіць мяшкі... У студэнцкія атрады ехалі, каб нейкую капейку зарабіць, і гэтак далей".

Прычым дзяржава нясе затраты не толькі па выплаце стыпендый, але і па ўтрыманні ВНУ, аплаце працы выкладчыкаў — а гэта немалыя грошы. "Мы вымушаныя сёння плаціць за адукацыю трыльёны рублёў", — адзначыў беларускі лідар.

Вялікія надзеі Прэзідэнт ускладае на працаўладкаванне студэнцкай моладзі, перш за ўсё на Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Федэрацыю прафсаюзаў.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава будзе падтрымліваць і студэнтаў, і інвалідаў, і пенсіянераў, усіх, хто мае патрэбу, але выключна зыходзячы з магчымасцяў эканомікі.

Прэзідэнт адзначыў, што трэба развіваць формы сацабслугоўвання як звязаныя з пастаянным знаходжаннем ва ўмовах сацыяльных устаноў, так і нестацыянарныя. "Гэтай тэмай трэба ўважліва заняцца. Стварыць цывілізаваныя ўмовы па доглядзе пажылых людзей", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён растлумачыў, што клопат пра адзінокіх возьме на сябе дзяржава, а за ўтрыманне астатніх будуць плаціць дзеці, калі па нейкіх прычынах яны не змогуць ці не захочуць даглядаць сваіх бацькоў самі.

На думку кіраўніка дзяржавы, пільную ўвагу неабходна надаць павышэнню эфектыўнасці медыка-сацыяльнай дапамогі састарэлым грамадзянам і інвалідам, якія маюць патрэбу не толькі ў матэрыяльнай дапамозе. Гэтым людзям патрэбна і маральна-псіхалагічная падтрымка, належны догляд, медыцынскі нагляд. Колькасць устаноў, якія аказваюць дапамогу састарэлым грамадзянам і інвалідам, не забяспечвае ў поўнай меры іх патрэбы.

Акрамя таго, ураду варта распрацаваць комплексную праграму развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў краіне.

Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў ад урада сур'ёзна заняцца пытаннем распрацоўкі гнуткіх сістэм аплаты працы, якія максімальна ўлічвалі б выніковасць укладу кожнага работніка, фінансавыя магчымасці прадпрыемстваў і асаблівасці галін эканомікі. "Важнейшая задача, якую мы павінны вырашыць у гэтым годзе, — павышэнне рэальнай заработнай платы ва ўсіх сферах і галінах эканомікі, на прадпрыемствах усіх форм уласнасці, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта вельмі няпроста. Але тое, што мы абяцалі людзям, абавязаны выканаць".

Пры гэтым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, справа не толькі ў выкананні запланаваных паказчыкаў росту зарплаты — неабходна мадэрнізацыя сістэмы аплаты працы, адыход ад фармалізму і ўраўнілаўкі ў яе пабудове.

У рэальным сектары эканомікі неабходны дадатковыя меры па ўстанаўленні прамой залежнасці павышэння зарплаты ад паказчыкаў эфектыўнасці вытворчасці і якасці прадукцыі, павышэння прадукцыйнасці працы. "Ёсць грошы — плаці, разлічыся з бюджэтам па падатках, іншых плацяжах — і плаці", — сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі ў будучыні захаваецца сацыяльная накіраванасць жыллёвай палітыкі, аднак гэта не азначае разгулу ўтрыманства.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў многіх захоўваецца імкненне незаконна атрымаць ад дзяржавы льготнае жыллё. Аднак дзяржава абавязкова дапаможа тым, хто сапраўды мае ў ім патрэбу. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што прыярытэтным напрамкам застаецца падтрымка шматдзетных, маладых сем'яў, якія сёння жывуць у цесных, неўладкаваных здымных кватэрах, у інтэрнатах, і самі палепшыць умовы свайго пражывання проста не могуць.

Закрануў Прэзідэнт і тэму ашуканых дольшчыкаў. "Вострай праблемай, якая ўзнікла на глебе жыллёвага пытання, з'яўляюцца ашуканыя дольшчыкі. Толькі ў Мінску іх ужо налічваецца больш як 500 чалавек. Махлярам, якія нажываюцца на людской бядзе, трэба паставіць жорсткую заслону", — сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, урад павінен прыняць вычарпальныя меры, якія не дапускаюць з'яўлення такіх выпадкаў.

Сацыяльная абарона — гэта не толькі зарплата, пенсія, іншыя выплаты. На жаль, часта яна ўспрымаецца толькі праз прызму грашовых выплат, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Людзі бачаць толькі тое, што ім даюць у касе, што яны кладуць у кішэню, але забываюць пра тое, што ідуць у дзяржаўныя ўстановы, часам бясплатныя для іх (але ж для дзяржавы нічога бясплатнага няма)", — сказаў Прэзідэнт.

"Сацыяльная абарона — гэта пакет гарантый, якія дае дзяржава ў розных сферах жыццядзейнасці, што забяспечваюць дабрабыт і здароўе людзей: у жыллёвым будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя, адукацыі, спорце, транспартным абслугоўванні і іншых галінах".

"Якая краіна дазваляе сабе будаваць так, як мы, — практычна за капейкі для грамадзян? Што такое сёння пры інфляцыі 12 працэнтаў крэдыты пад 1 працэнт на 40 гадоў для тых, хто мае патрэбу? — спытаў беларускі лідар. — Мы на гэта ідзём свядома".

Што датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то квартплата ў насельніцтва складае 32 працэнты сабекошту, а 68 працэнтаў кампенсуе дзяржава.

"Хворы чалавек у нас не пакінуты на вуліцы, — адзначыў Прэзідэнт. — А гэта ж сотні мільярдаў рублёў штогод, якія дзяржава траціць на ахову здароўя". Ідзе рэформа і мадэрнізацыя ўсёй сістэмы — ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў праз раённыя і абласныя бальніцы да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Гэта каштуе каласальных грошай — і ўсё робіцца для людзей. "У Еўропе нямала плацяць за наведванне ўрача, а не дай бог, захварэў... — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Быць здаровым у развітых краінах пад сілу ў асноўным толькі багатым людзям". Так, прэзідэнт ЗША ініцыяваў рэформу ў ахове здароўя — у гэтай вельмі багатай краіне свету 50 млн чалавек не маюць медыцынскай страхоўкі. "Хіба наша насельніцтва сутыкнулася з гэтай праблемай?! — задаў Прэзідэнт рытарычнае пытанне. — Праблема адна — доўгія чэргі ў паліклініках".

Беларусі лідар адзначыў, што ў рэспубліцы захаваны савецкі ўзровень бюджэтнай адукацыі і нават павялічана доля бюджэтных асігнаванняў на гэтыя мэты. Бюджэт траціць каласальныя сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў, школ, ВНУ. "Мы развіваем навуку — не шкадуем на гэта грошай, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Самае страшнае — адстаць, а потым даганяць увесь цывілізаваны свет. Свет развіваецца больш дынамічна, чым гэта было ўчора".

Сістэма дашкольнай адукацыі аказалася не падрыхтаваная да "бэбі-буму", які ахапіў Беларусь. Прэзідэнт адзначыў, што дзіцячыя сады наведваюць толькі 79 працэнтаў дашкольнікаў. Асабліва вострая гэта праблема ў раёнах-новабудоўлях. На думку кіраўніка дзяржавы, Міністэрства адукацыі, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны знаходзіць шляхі яе вырашэння. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што будаўніцтва аднаго дзіцячага сада не павінна займаць шмат часу, а каля года. Ён павінен быць размешчаны недалёка ад дома (100—200 м), каб нехта з бацькоў змог адвесці дзіця пешшу і своечасова дабрацца да работы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праблему трэба вырашаць кардынальна і не шкадаваць грошай на будаўніцтва дашкольных устаноў. Любая сям'я павінна мець магчымасць аддаць дзіця ў сад. Ахоп паслугамі дашкольных устаноў жыхароў вёскі трэба давесці да ўзроўню гарадоў. Сацыяльны стандарт па забеспячэнні месцамі ў дзіцячых садах павінен выконвацца не толькі ў сярэднім па вобласці або раёне, але і ў кожным населеным пункце.

Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў краіне паспяхова рэалізуецца палітыка сямейнага дабрабыту, накіраваная на забеспячэнне эканамічнай устойлівасці сем'яў. Для падтрымкі сем'яў і сямейных каштоўнасцяў прадугледжаны шэраг сацыяльных стымулаў: забеспячэнне жыллём, ільготнае крэдытаванне, працоўныя гарантыі маці і іншыя. Так, з 1 студзеня гэтага года памер дапамогі на дзяцей да трох гадоў павялічаны да 100 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму.

Дэмаграфія — адзін з асноўных крытэрыяў вызначэння індэкса чалавечага патэнцыялу. Беларусь у наступным пяцігоддзі павінна ўвайсці ў лік 50 краін з найбольшым ІЧП. Гэта адзін з мэтавых крытэрыяў нашай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Па гэтым паказчыку ў постсавецкі перыяд Беларусь практычна штогод займала першае месца сярод краін СНД. Паводле звестак апошняга Даклада аб развіцці чалавека, выдадзенага ААН, рэспубліка заняла 68-е месца з больш як 170 краін.

"Усе нашы эканамічныя памкненні нацэлены на галоўнае — пастаяннае павышэнне ўзроўню развіцця чалавечага патэнцыялу", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер у нас назіраецца дадатная дынаміка па росце працягласці жыцця, узроўні адукацыі насельніцтва, а гэта важнейшыя складальнікі індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу. Значыць, ёсць добрыя перадумовы для далейшага павышэння гэтага паказчыка.

Большасць насельніцтва падтрымлівае будаўніцтва АЭС у Беларусі, паведаміў Аляксандр Лукашэнка. Ад атамнай электрастанцыі краіна атрымае электраэнергію, якая так патрэбна, падкрэсліў беларускі лідар. "Расія каля 30 рэактараў вырашыла дадаткова пабудаваць, хоць ёсць нафта і газ, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А нашы "свядомыя" бударажаць народ. — "Не патрэбна нам атамная станцыя!" Літве патрэбна, Калінінграду патрэбна, Польшчы, Балгарыі... У Еўропе паўсотні ўжо рэактараў. А нам не патрэбна?"

Сёння нават тыя дзяржавы, якія маюць вугляродныя рэсурсы, пачынаюць будаўніцтва атамных станцый, падкрэсліў Прэзідэнт.

Закранаючы тэму культуры, Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі трэба сфарміраваць сістэму, здольную павялічыць прыток пазабюджэтнага інвеставання ў гэтую галіну. Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць дзяржаўныя рэсурсы на падтрымку культуры і мастацтва, увязаўшы фінансаванне з той ідэалагічнай і творчай аддачай, якую атрымлівае ад іх грамадства. Адначасова трэба сфарміраваць сістэму, здольную павялічыць прыток пазабюджэтнага інвеставання ў культуру, каб гэтая сфера стала адной з прэстыжных для ўкладання капіталу.

Больш прагматычным павінен быць падыход да аднаўлення і выкарыстання помнікаў культуры. Ашчадна і асцярожна неабходна ставіцца не толькі да помнікаў, але і да аб'ектаў нематэрыяльнай культуры, і асабліва да дзяржаўных моў — беларускай і рускай, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка крытыкаваў творчую iнтэлiгенцыю за адсутнасць таленавiтых твораў.

Беларуская культура з'яўляецца неад'емнай часткай дзяржаўнага суверэнiтэту. Яна дапамагае адчуваць сябе адзiным, унiкальным i самабытным народам, з'яўляецца свайго роду вакцынай супраць вiрусаў духоўнай дэградацыi. Замацаваныя ў ёй маральныя ўсталёўкi, мадэлi паводзiнаў вызначаюць паспяховае развiццё асобы i народа ў цэлым.

"Чаго дзяржава чакае ад культуры? Па-першае, твораў, здольных падняць патрыятычны дух народа, ярка i сумленна паказаць усяму свету мiнулае i сапраўднае Беларусi, стварыць выявы праўдзiвых нацыянальных герояў. Па-другое, асцярожнай i карпатлiвай працы па захаваннi нашай спадчыны. Па-трэцяе, забеспячэння даступнасцi культурных выгод для ўсiх грамадзян, уключаючы жыхароў малых гарадоў i вёсак, актыўнага ўдзелу ў выхаваннi моладзi", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Усведамляючы гэта, усе гады iснавання суверэннай Беларусi дзяржава ўкладвае ў развiццё нацыянальнай культуры значныя сродкi. "Я не буду пералiчваць, i пра Нацыянальную бiблiятэку казаць, i пра Вялiкi тэатр оперы i балета, i цырк заканчваем, i г.д., i г.д. Толькi гэтыя аб'екты — гэта трыльёны рублёў народных. Надышоў час спытаць: спадары творцы, дзе вынiкi? І не трэба хадзiць i стагнаць, пачынаючы ад студэнтаў i заканчваючы кiраўнiкамi культуры: "Вось на Захадзе, вось трэба, як на Захадзе". Дык на Захадзе, калi ты кожны дзень не даеш вынiкi, i мала таго, не бяжыш наперадзе, ты нiчога не атрымаеш. Да цябе проста не пойдуць. А мы? Калi не iдуць, што мы робiм? Мы за руку вядзём, мы за руку да вас вядзём народ. Гэта што, нармальна? Гэта ненармальна! Таму, перш чым прасiць, трэба ўжо сёння даваць вынiк. Нельга ж увесь час хадзiць з працягнутай рукой i крычаць — мы творцы, дайце нам грошай, i пабольш. Калi творцы, так рабiце так, каб былi грошы. А там, дзе не хопiць, — дапаможам", — сказаў Прэзiдэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не можа больш працягвацца сiтуацыя, калi на працягу апошнiх трох гадоў прыбыткi ад продажу прадукцыi кiнастудыi "Беларусьфiльм" складаюць крыху больш за 6 % ад укладзеных у iх вытворчасць сродкаў. "Самы лепшы нацыянальны фiльм — гэта той, на якi iдзе глядач i пра якi з гонарам можна сказаць: "Зроблена ў Беларусi!". Скажыце, дзе паглядзець гэты фiльм?" — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка. "Акрамя "Ў жнiўнi 44-га" Пташука нiводны фiльм так i не прагучаў. Як не было, так i няма вынiкаў, а яны павiнны быць", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт адзначыў, што па-ранейшаму ад пiсьменнiкаў няма выбiтных твораў, упадабаных шырокаму кругу чытачоў. "Усе памятаюць, калi я сказаў: пакладзіце мне на стол "Вайну i мiр", "Паднятую цалiну". Нi вайны, нi мiру, нiчога няма, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Будзем падтрымлiваць, калi будзеце даваць вынiк. Пакуль усе абяцаннi былi парушаны".

Крытыка прагучала i ў адрас прафесiйных кампазiтараў, якiя заяўляюць пра сваю таленавiтасць, але пры гэтым не могуць напiсаць песню, з якой Беларусь магла б годна выступiць хоць бы на конкурсе "Еўрабачанне". "Усё крычаць: мы такiя творчыя, мы такiя шэдэўры ствараем, але рынак малы, у Беларусi няма рынку, як у Расii! Ідзiце, паспрабуйце ў Расii", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Закрануўшы пытанні знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паўнацэннае функцыянаванне Мытнага саюза Беларусi, Казахстана i Расii магчымае толькi пры адсутнасцi розных канфiскацый i абмежаванняў.

"У гэтым пытанні пазiцыя Беларусi гранiчна ясная: сваю жыццяздольнасць дакажа толькi такi саюз, якi будзе заснаваны на раўнапраўi, улiку iнтарэсаў партнёраў, выкананнi лiтары i духу ўзятых абавязацельстваў. Тады да гэтага саюза падцягнуцца iншыя краiны рэгiёна, з iм будуць лiчыцца ў свеце", — заявiў Прэзiдэнт.

Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што ён чакае, што паўнацэнная праца Мытнага саюза здыме ўсе бар'еры ў гандлi памiж дзяржавамi-ўдзельнiцамi, дасць iмпульс для развiцця нацыянальных эканомiк i росту дабрабыту грамадзян. "Але гэта магчыма толькi пры ўмове, што функцыянаванне саюза не будзе суправаджацца рознымi канфiскацыямi i абмежаваннямi", — лiчыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзiдэнт адзначыў, што партнёры Беларусi па Мытным саюзе "па-свойму трактуюць умовы гандлю ў Мытным саюзе, i прававыя нормы для iх не ўказ". "Чаго нам толькi не абяцалi i не гарантавалi нашы партнёры! I справядлiвыя ўмовы гандлю, i празрыстыя механiзмы прыняцця рашэнняў, i ўзгадненне нашых iнтарэсаў. Але дзе ўсе гэтыя абяцаннi i клятвы сёння? — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. — Ужо ў першыя месяцы дзеяння Мытнага саюза мы сутыкнулiся з шэрагам цяжкасцяў i прынцыповых супярэчнасцяў".

Прэзiдэнт звярнуў увагу на вiдавочнасць таго факта, што, адступаючы ад рацыянальных прынцыпаў, наўрад цi ўдасца выйсцi ў намечаныя тэрмiны на стварэнне Адзiнай эканамiчнай прасторы. "З-за гэтага можна наогул паставiць крыж на любых iнтэграцыйных пачатках на постсавецкай прасторы. Разбяжымся па ўласных вуглах i будзем там пакрыўджана надзiмаць шчокi. Толькi хто, акрамя замежных канкурэнтаў, ад гэтага выйграе? Ужо дакладна не нашы народы!" — лiчыць кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт таксама выказаў цвёрдую перакананасць, што патэнцыял у эканамiчнай iнтэграцыi на постсавецкай прасторы далёка не вычарпаны.

Па многiх пытаннях у Мытным саюзе, у тым лiку па ўвозе легкавых аўтамабiляў, рашэнне беларускiм бокам пакуль не прынята.

"Да прыкладу, расiяне выключаюць некаторыя вiды тавараў з дзеяння Мытнага саюза. Магчыма, i нам трэба падумаць аб чымсьцi падобным", — адзначыў Прэзiдэнт.

"Удумайцеся, Казахстан 7 цi 9 мiльёнаў тон нафты атрымлiвае ад Расii бяспошлiнна. Навошта? Нiхто ў Расii мне на гэтае пытанне не адказаў... Экспартная пошлiна ў Кiтай — нуль! Чаму ж да нас, братоў, зусiм iншыя адносiны?" — задаў рытарычнае пытанне кiраўнiк дзяржавы.   Аляксандр Лукашэнка: Мы павінны дасягнуць у самай блізкай перспектыве еўрапейскага ўзроўню і якасці жыцця

Пры гэтым ён падкрэслiў, што ў цэлым Беларусi выгадны Мытны саюз з Казахстанам i Расiяй. Ён дае доступ на 200-мiльённы рынак i тым самым павышае прыцягальнасць Беларусi для замежных iнвестыцый. "Канешне, чымсьцi мы ахвяруем. Дзесьцi павiнна была ахвяраваць Расiя, дзесьцi — Казахстан. Мы ўсё гэта пралiчылi. Мы супраць нейкiх выключэнняў па нафце, нафтапрадуктах, цукру або яшчэ чаму-небудзь. Але мы аб'явiлi, што легкавыя аўтамабiлi — балючая для нас пазiцыя", — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь працягвае развiваць супрацоўнiцтва з дзяржавамi Азii, Афрыкi i Лацiнскай Амерыкi, заявiў Прэзiдэнт.

"I няхай нас не крытыкуюць, што мы, маўляў, такiя маленькiя i скурчаныя iдзём i ў Афрыку, i ў Амерыку, i iншае. Не iдзём мы туды — мы тут. Але мы ствараем апорныя пункты ў Лацiнскай Амерыцы, каб рэалiзаваць нашы iнтарэсы, прадаваць нашы тавары i дапамагаць гэтым людзям развiвацца. Тое ж самае з Афрыкай", — патлумачыў беларускi лiдар.

Прэзiдэнт асаблiва звярнуў увагу на стратэгiчнае партнёрства Беларусi з Кiтаем. "Сёння гэта краiна выходзiць на лiдзiруючыя пазiцыi ў свеце. Яна працягвае нам руку дапамогi. Чаму мы павiнны адмаўляцца?" — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Можна паглядзець больш уважлiва i на Японiю. Гэта вельмi магутная краiна, i па многiх пазiцыях у нас ёсць аснова для супрацоўнiцтва з ёй. Давайце пашыраць гэтае супрацоўнiцтва", — заклiкаў Прэзiдэнт.

Адказваючы на пытанні дэпутатаў пра сітуацыю, якая склалася вакол Кыргызстана, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў яго як у Прэзідэнта краіны, выклікала пэўнае непаразуменне рэакцыя краін-членаў АДКБ на падзеі ў Кыргызстане, які таксама ўваходзіць у гэтую Арганізацыю.

"Бакіеў і яго сям'я ў складзе 4 чалавек знаходзяцца ў Мінску. Яны знаходзяцца ў нас, пад аховай нашай дзяржавы і асабіста вашага Прэзідэнта", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Сям'ю мы ў крыўду не дадзім", — падкрэсліў ён.

"Гэта прэзідэнт дружалюбнай нам краіны. І чаго б нам гэта ні каштавала, я буду рабіць усё, каб захаваць яго сям'ю і яго самога. Захоча ён удзельнічаць у палітыцы — няхай удзельнічае, захоча жыць у нас — няхай жыве. Месца і работы хопіць усім. У нас нямала кыргызаў жыве", — сказаў беларускі лідар.

"Уначы ў панядзелак я даручыў адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Мінск па яго просьбе. Ён пра гэта прасіў не аднойчы, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Уначы ў панядзелак ён быў у Мінску".

Цяпер Курманбеку Бакіеву і членам яго сям'і аказваецца неабходная медыцынская дапамога, праводзяцца абследаванні.

Акрамя таго, сёння Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству замежных спраў і ўраду аказаць гуманітарную дапамогу Кыргызстану.

Гутаркі пра боязь беларускага кіраўніцтва паўтору кыргызскіх падзей у нашай краіне — поўны абсурд, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Хтосьці пачынае сёння казаць, што Кыргызстан — гэта сігнал камусьці, у тым ліку Беларусі... Гэта смешна. Ні ва ўрадзе, ні ў Адміністрацыі Прэзідэнта, ні ў адной рэзідэнцыі Прэзідэнта няма платоў. Вы гэтага не заўважылі? А гэта сімвалічна. Гэта кажа пра тое, што мы не чакаем каляровых рэвалюцый, не баімся, што заўтра хтосьці пачне тараніць будынкі дзяржустаноў", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў некаторых СМІ спекулюецца пра тое, што "Лукашэнка робіць такія заявы па Бакіеву, таму што баіцца". "Я нічога не баюся. Каго баяцца? Гэтага атрэб'я, якое зарабляе тым, што на Захадзе дашлюць ім нейкую капейку, і ў той жа час не грэбуюць працаваць на Маскву?" — сказаў беларускі лідар. "У нас немагчымая ніякая стральба. Гэта ўсім выдатна вядома", — дадаў ён.

"Я не пачынаю ваяваць на ўсіх франтах, як некаторыя могуць сказаць: маўляў, і з Расіяй палаяўся, з Еўропай, з Амерыкай. Мы наогул ні з кім не жадаем лаяцца. Але свайго не аддамо", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Сяргей Протас і паводле матэрыялаў БЕЛТА.

←Александр Лукашенко: Мы выжили в этой блокаде в условиях финансового кризиса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика