Апазіцыя прызнае, што зноў спазняецца

Источник материала:  
14.04.2010 18:16 — Новости Политики
Без сустрэчы патэнцыйных прэтэндентаў на пасаду прэзідэнта Беларусі немагчыма зацвярджаць працэдуру абрання адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі. Да такой высновы сёння прыйшлі сябры прэзідыуму Палітычнай рады АДС. Яны абмеркавалі праект працэдуры, які прапануе Рада беларускай інтэлігенцыі.

Рада беларускай інтэлігенцыі прапануе ўласны механізм вылучэння адзінага кандыдата. Спачатку сябры рады вызначаюць кандыдатуру праз тайнае галасаванне. Затым гэтае рашэнне зацвярджае Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Рада ўжо заслухала шэраг дэмакратычных палітыкаў, якія альбо заявілі пра свой намер балаціравацца ў прэзыдэнты, альбо збіраюцца гэта зрабіць. Сярод іх Сяргей Калякін і Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч і Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч і Аляксандар Ярашук ды іншыя.

Аднак дагэтуль невядома: ці кожны з патэнцыйных кандыдатаў пагодзіцца не вылучацца, калі адзіным абяруць не яго? Невядомая і пазіцыя дэмакратычных партыяў - ці падтрымаюць яны адзінага, ці будуць збіраць подпісы за свайго партыйнага кандыдата? Так, лідэр АГП Анатоль Лябедзька сёння заявіў:

"17 красавіка Нацыянальны камітэт нашай партыі вызначыцца са сваім фарматам удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. Колькі можна было, мы чакалі. Але ж ужо час "вісіць на сцяжку". Таму вызначаць правіла працэдуры і бегчы паперадзе паравоза мы не можам. І толькі пасля таго, як вызначымся з фарматам свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі, будзем адбудоўваць свае адносіны да ўсіх астатніх працэдур".

Пра тое, што ініцыятыва Рады беларускай інтэлігенцыі цікавая, але запозненая, казалі і іншыя актывісты. Так, Мечыслаў Грыб, адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), адзначае:

"Мне здаецца, што мы ўсе ўжо спазніліся ў гэты цягнік. Ён ужо пайшоў. Паспеем мы ўскочыць у апошні вагон ці не? Мабыць, не паспеем".

Колькі ж часу застаецца да прэзідэнцкіх выбараў? Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік на просьбу "Свабоды" ўдакладняе:

"У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам, выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзідэнта. Як вядома, інаўгурацыя прэзідэнта адбылася 8 красавіка. Вось ад гэтай даты і трэба весьці адлік".

Спадар Лазавік удакладняе, што выбары могуць адбыцца і крыху раней: "І на практыцы ў нас ужо было такое, калі прэзідэнцкія выбары былі прызначаныя за паўгода да заканчэння тэрміну прэзідэнта на яго пасадзе".

←В Минске пройдут консультации между МИД Беларуси и Румынии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика