Аляксандр Лукашэнка: Беларусь на алімпіядах у Лондане і Сочы павінна ўвайсці ў дзясятку спартыўных дзяржаў

Источник материала:  

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на алімпійскім сходзе, перадае БЕЛТА.

Такую задачу для Мінспорту і турызму, усіх федэрацый, спартсменаў і трэнераў паставіў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што гэта цалкам рэальна, калі зрабіць энергічныя захады да кардынальнага паляпшэння ўсёй спартыўнай галіны краіны. "У нас ёсць для гэтага ўмовы, і людзей дастаткова. Вы павінны даць на летніх Алімпійскіх гульнях 25 медалёў, і 5 з іх — залатых. За гэту лічбу мы павінны ўчапіцца. Я ж не прашу ў вас 100 медалёў. Дайце 25 на летняй Алімпіядзе і да 5 на зімовых Алімпійскіх гульнях", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што для дасягнення такіх вынікаў у краіне ёсць усе ўмовы, будуюцца сучасныя спартыўныя аб'екты, у спорт укладаюцца каласальныя сродкі. Аднак пры гэтым няма адпаведнай аддачы. "Мы топчамся на месцы і не дасягаем маштабнага прагрэсу ў спорце. Такое становішча асабіста мяне катэгарычна не задавольвае!" — заявіў Прэзідэнт. "Помню, прасілі ў мяне крыты футбольны манеж. Пабудавалі. Дзе чэмпіёны? — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных. — Так, ёсць праблемы. Але чаму пры агульных методыках у адных атрымліваецца даваць высокія вынікі, а ў іншых не?" На яго думку, не хапае элементарнага: дысцыпліны, добрасумленнасці і адказнасці перад сваёй краінай. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў перш за ўсё ад чыноўнікаў і функцыянераў дысцыпліны і парадку.

"У нас ёсць умовы, каб Беларусь у спорце ажыццявіла прыкладна такі ж прарыў, як Кітай і Карэя", — сказаў Прэзідэнт.

"Скажу шчыра: мяне непакоіць, што пры такой увазе да спорту ў краіне, пры ўзрастаючых укладаннях фінансавых сродкаў у гэту галіну, часам нават на шкоду іншым, мы не атрымліваем адпаведнай аддачы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але ж кожны бюджэтны рубель, які мы ўкладваем у спорт, асабліва ў цяперашніх умовах, даецца вельмі няпроста. І ён павінен працаваць на імідж краіны, на тое, каб перамогі нашых спартсменаў рабілі Беларусь больш вядомай і аўтарытэтнай у свеце, каб узнімалі, у рэшце рэшт, дух нашага народа, з'ядноўвалі нацыю пачуццём гордасці, калі на міжнародных спаборніцтвах гучыць беларускі гімн і ўзнімаецца наш сцяг", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На працягу апошніх 16 гадоў на зімовых і летніх алімпіядах Беларусь стабільна ўваходзіць у лік 20 мацнейшых дзяржаў. Аднак Прэзідэнт лічыць, што гэтага недастаткова: "Прагрэсу ж няма, у дзясятку ўвайсці ніяк не можам. Але ж тое, што было добра ўчора, сёння нас не можа задавольваць". У якасці прыкладу ўсё большых поспехаў у вялікім спорце Аляксандр Лукашэнка прывёў Кітай, які ўсяго за некалькі гадоў дабіўся значных вынікаў. "Цудоўна разумею, што з кожным годам канкурэнцыя ў сусветным спорце становіцца мацнейшай, медалі заваёўваць усё больш складана. Атрымліваецца, што нашы канкурэнты развіваюцца, а мы стаім на месцы. Па асобных відах спорту ганебна страцілі лідарскія пазіцыі. Гэта, у прыватнасці, і канькабежны спорт, і лыжныя гонкі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што тут справа не ў медалях і месцах. У многіх беларускіх спартсменаў не бачна імкнення да перамогі, жадання адстаяць гонар краіны і даказаць моц беларускага спорту. Прэзідэнт успомніў выступленне беларускіх хакеістаў на Алімпіядзе ў Ванкуверы, дзе, на яго думку, каманда не мела свайго стылю гульні і не праявіла неабходных байцоўскіх якасцяў. "Надышоў час патрабаваць на вынік, за патрачаныя сродкі, за падманутыя надзеі балельшчыкаў", — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошнія гады алімпійскі рух у краіне развіваецца дынамічна, спорту надаецца вялікае значэнне ў грамадстве і дзяржаве, ствараюцца спрыяльныя ўмовы як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Акрамя таго, практыка работы НАК рэкамендавана Міжнародным алімпійскім камітэтам для ўкаранення ў іншых краінах, што сведчыць аб пэўных поспехах Беларусі.

"Мы павінны вызначыцца, як будзем выпраўляць негатыўную сітуацыю ў тых летніх і зімовых алімпійскіх відах спорту, прадстаўнікі якіх нездавальняюча выступілі на Алімпійскіх гульнях. Што неабходна зрабіць для таго, каб у Лондане і Сочы значна перасягнуць вынікі, дасягнутыя ў Пекіне і Ванкуверы", — звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў сходу.

"Вядучыя спартыўныя краіны перайшлі да фарміравання новай навукова-тэхнічнай базы развіцця фізкультуры і спорту. Яна грунтуецца на выкарыстанні самых прагрэсіўных дасягненняў у фізічным выхаванні, псіхалогіі, біямеханіцы, біякібернетыцы і нанатэхналогіях, — адзначыў Прэзідэнт. — У нас жа навука дзейснай практычнай дапамогі спартсменам для заваявання высокіх вынікаў пакуль не аказвае".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што, хоць у краіне створана антыдопінгавае агенцтва і свая лабараторыя, у нашых спартсменаў па-ранейшаму ўзнікаюць праблемы з допінгам. "Ніводны спартсмен не павінен выязджаць на Алімпійскія гульні або чэмпіянат без папярэдняй антыдопінгавай праверкі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Тут павінна быць дакладнай і бескампраміснай пазіцыя Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва".

"Надзвычай важнае пытанне — аптымальная загрузка і сістэмнае выкарыстанне спартыўных збудаванняў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яны павінны эфектыўна выкарыстоўвацца як для падрыхтоўкі і трэніроўкі прафесійных спартсменаў, так і для заняткаў масавай фізічнай культурай. Тут трэба знайсці разумны баланс". Прэзідэнт таксама запатрабаваў у бліжэйшы час правесці неабходную мадэрнізацыю спартыўнай базы ў Стайках і Раўбічах. "Гэта жамчужыны, спартыўныя брэнды Беларусі! — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны ў бліжэйшую пяцігодку давесці Стайкі да розуму". Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў да 2012 года ўвесці ў эксплуатацыю нацыянальны цэнтр фрыстайла для круглагадовага вучэбна-трэніровачнага працэсу. "Не лепшая сітуацыя і ў тэнісе, — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. — Здаецца дакладваюць, што па ўсёй краіне пабудавана шмат кортаў, але замоўчваюць, што гэтыя корты ў асноўным прыватныя і працуюць не на спорт, а на камерцыйную выгаду".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў спартыўнай палітыцы Беларусі павінна вырашацца двухадзіная задача: развіццё прафесійнага спорту і шырокае ўкараненне здаровага ладу жыцця ў грамадстве.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не задаволены фізічнай падрыхтоўкай спартсменаў нацыянальных зборных. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дзве мінулыя Алімпіяды даюць падставу прааналізаваць дзейнасць кожнай нацыянальнай каманды. Укладваюцца вялікія грошы ў алімпійскую падрыхтоўку спартсменаў, а яны нават не атрымліваюць алімпійскую ліцэнзію. "У хакеі сёння трэба біцца. А нашы паехалі ў Ванкувер не біцца, а пакатацца", — абурыўся Прэзідэнт. "Выступленні ў лыжным і канькабежным спорце ў Ванкуверы — гэта проста ганьба!" — канстатаваў ён.

Беларускі лідар адзначыў, што ў Пекіне беларусы не выкарысталі залаты патэнцыял Кацярыны Карстэн, Наталлі Гелах і Юліі Бічык у акадэмічным веславанні, Надзеі Астапчук — у лёгкай атлетыцы і цяжкаатлета Андрэя Рыбакова. "За выключэннем жаночага баскетбола, ні разу не змаглі выйсці на Алімпійскія гульні нацыянальныя каманды па гульнявых відах спорту", — паскардзіўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на адсутнасць вынікаў у спартыўнай хадзьбе, жаночым спрынце, кіданні молата і жаночым мнагабор'і. "У спартыўнай гімнастыцы пасля выхаду з вялікага спорту Віталя Шчэрбы і Івана Іванкова нашы спартсмены не могуць бліснуць", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. "А гімнастыкай займаюцца ж 27 навучальна-спартыўных устаноў і 190 трэнераў краіны", — дадаў беларускі лідар.

У той жа час развіццё фрыстайла ў Беларусі забяспечвае ўсяго адна школа і 15 трэнераў, якія даюць вынік сусветнага ўзроўню. "Вось і параўнайце эфектыўную работу каманды Мікалая Казекі з астатнімі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама крытыкаваў адсутнасць мераў па развіцці ў Беларусі новых недарагіх зімовых алімпійскіх відаў спорту. З 18 дысцыплін, па якіх праводзіліся гульні ў Ванкуверы, беларусы прымалі ўдзел толькі ў 6. "Што нам сёння перашкаджае развіваць на добрым узроўні шорт-трэк ва ўсіх абласных цэнтрах?" — запытаў Прэзідэнт.

Паводле пераканання кіраўніка дзяржавы, трэба перагледзець склады нацыянальных камандаў. "У іх павінны ўваходзіць сапраўдныя зоркі беларускага спорту, — сказаў ён. — Спартсмен павінен успрымаць права трапіць у нацыянальную каманду як вялікі гонар". Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на прапанову аб стварэнні інстытута маладзёжных нацыянальных камандаў як рэзерву нацыянальнай зборнай. Гэта ідэя выказваецца многімі спецыялістамі і, паводле слоў Прэзідэнта, заслугоўвае ўвагі.

Беларускі лідар таксама заклікаў Міністэрства спорту і турызму ў бліжэйшы час выпрацаваць канкрэтныя прапановы разам з федэрацыямі відаў спорту і органамі мясцовай улады.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным наладзіць стройную сістэму падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву.

Прэзідэнт падкрэсліў, што здароўе нацыі — гэта адзін з дзяржаўных прыярытэтаў, таму неабходна прыкладаць усе намаганні па прыцягненні да заняткаў масавым спортам вучняў, студэнцкай моладзі і наогул усяго насельніцтва.

"Тое, што ў нас на базе ВНУ няма дастойных камандаў, што ў нас не развіты студэнцкі спорт — гэта катастрофа. Вы паглядзіце, які ўзровень студэнцкага спорту ў Амерыцы! І якія там вынікі. Таму запомніце: гэта адна з найважнейшых вашых задач — адрадзіць студэнцкі спорт", — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка ад адказных за спорт структур.

Паводле слоў Прэзідэнта, у змяненні поглядаў людзей на сваё здароўе павінна больш значную ролю адыграць прапаганда спорту ў СМІ. "Стварылі "Лад" як сямейны і спартыўны тэлеканал, а ў выніку чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы паказваюць ноччу. На асноўных каналах павінны ісці шырокія праграмы, паказваць нашых спартсменаў, а "Лад" павінен наогул трансляваць чэмпіянаты, як "Еўраспорт", — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што стратэгічнай задачай з'яўляецца прыцягненне да сістэматычных заняткаў спортам большасці насельніцтва. "Трэба ўзгадаваць пакаленне маладых перспектыўных спартсменаў і вывесці Беларусь у лік мацнейшых спартыўных дзяржаў", — рэзюмаваў Прэзідэнт. Ён дадаў, што ў цяперашні Год якасці дзяржава і грамадства чакаюць ад спартыўнай галіны сур'ёзнага прарыву на прынцыпова новы, больш высокі ўзровень развіцця.

"Мы цалкам завяршылі рэарганізацыю ўсіх федэрацый відаў спорту. Мы вызначыліся, як будзем дзейнічаць у спорце. Вызначыліся са стварэннем магутнай вертыкалі — ад клубаў да дзіцячых спартыўных школ. Пачынаецца новы этап — адлік часу пайшоў. Паслязаўтра летняя Алімпіяда, а яшчэ праз дзень — Сочы. Ужо сёння трэба рыхтавацца да Алімпіяды зімовай, а да летняй трэба было рыхтавацца ўчора — і спадзяюся, вы пачалі ўжо гэта рабіць. Выкрышталізаваліся тыя спартсмены, у якіх мэтазгодна ўкладаць сродкі. Нам не павінна быць сорамна за нашы вынікі", — сказаў на заканчэнне ён.

"З чэхамі нам трэба гуляць на роўных, у фінаў вы можаце выйграваць. Пакуль для вас маяк дзве каманды: Канада і ЗША", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Чаму мы гаворым аб рэзультатах Славакіі, як аб нечым недасягальным?.. Або аб рэзультатах Швейцарыі, якая яшчэ ўчора наогул у хакей не ўмела гуляць", — абурыўся Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожны год айчынны спорт павінен паказваць яўны прырост і дынаміку. Асабліва гэта датычыцца тых відаў спорту, дзе беларускія спартсмены паказалі ўжо нядрэнны рэзультат.

Прэзідэнт крытыкаваў армейскі маладзёжны спорт. "У нас сёння спартыўны камітэт арміі (СКА) дэманструе нулявы рэзультат. Я не бачу таго СКА, які быў калісьці", — адзначыў ён.

"Я наогул не разумею, чаму ў нас цяжкая атлетыка дае цудоўныя рэзультаты, а футбол і хакей топчуцца не месцы... Атрымліваецца: не хочам, не ўмеем. Але калі няма рэзультату, то, можа, лепш вызваліць крэсла", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўнікоў федэрацый відаў спорту і трэнераў нацыянальных камандаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што запрашэнне на работу замежных спецыялістаў з'яўляецца сусветнай практыкай, аднак пры гэтым не павінна атрымацца так, каб закрывалася дарога ў нацыянальныя каманды беларускім спартсменам. У аснову павінна таксама ставіцца падрыхтоўка ўласных трэнераў.

У краіне дэфіцыт трэнераў узроўняў нацыянальных камандаў, а таксама трэнерскага рэзерву. Узрост спецыялістаў, якія працуюць з нацыянальнымі камандамі, перасягае 50 гадоў, а маладых трэнераў ім на замену, як правіла, няма. "За апошнія 10 гадоў ніводны з выпускнікоў трэнерскага факультэта ўніверсітэта фізічнай культуры, мы пацікавіліся, прафесійна не дарос да таго, каб рыхтаваць спартсменаў высокага класа. Пакуль не апраўдвае надзей і створаная Вышэйшая школа трэнераў", — сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца запрашэння ў Беларусь спартсменаў з іншых дзяржаў, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што да гэтага неабходна падыходзіць вельмі ўважліва, паколькі часта прыходзяць не лепшыя спартсмены, а тыя, хто ў сваіх дзяржавах у асноўныя склады не трапляюць і не запатрабаваны. "Мы ўключаем іх у нацыянальныя каманды, трацім значныя сродкі на падрыхтоўку, прадастаўляем грамадзянства, вырашаем жыллёвыя і іншыя пытанні, а чаканай аддачы няма, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вазьміце Расію. Што яна аддасць вам алімпійскага чэмпіёна? Вядома, не!"

Паводле слоў Прэзідэнта, галоўная задача Міністэрства спорту і турызму сумесна з рэспубліканскімі спартыўнымі федэрацыямі, асацыяцыямі і саюзамі — ствараць свае нацыянальныя школы па відах спорту.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што галоўная фігура ў працэсе падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву — трэнер. Адным з праблемных момантаў з'яўляецца і давядзенне таленавітых спартсменаў з юнацкага спорту да зборных камандаў краіны.

←До выборов в местные Советы депутатов остается чуть более двух недель: агитгруппы креативно «рекламируют» кандидатов в депутаты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика