Беларусь і Расія поўныя жадання вырашыць усе праблемы і цяжкасці ў двухбаковых адносінах
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з губернатарам Маскоўскай вобласці РФ Барысам Громавым.
"Скажу шчыра: некалі мы вельмі шырока, хутка ішлі на стварэнне Саюзнай дзяржавы, потым мы пайшлі дробнымі крокамі, але робім канкрэтную справу, ствараючы роўныя ўмовы для нашых людзей і суб'ектаў гаспадарання", — нагадаў кіраўнік дзяржавы.
"Мы крыху спатыкнуліся, але апошнія кансультацыі з прадстаўнікамі ўрада Расійскай Федэрацыі, асабіста мае кантакты з Прэзідэнтам Расіі сведчаць аб тым, што як у нас, так і ў Расіі ёсць вялікі патэнцыял і жаданне выйсці з сітуацыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы разумеем, і ў Крамлі разумеюць, што нам абсалютна не патрэбна ніякая канфрантацыя, праблемы і цяжкасці. У нас хапае тых, хто нам створыць гэтыя цяжкасці". "Нам трэба быць настроенымі на іх пераадоленне. Але гэта павінна быць прыгожа, як у родных людзей, братоў", — дадаў ён.
Усе праблемы, якія часам з'яўляюцца ў рабоце над стварэннем Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, часовыя, а працэс яе будаўніцтва ідзе да завяршэння, лічыць губернатар Маскоўскай вобласці Барыс Громаў.
Барыс Громаў падкрэсліў, што для Маскоўскай вобласці ўзаемадзеянне з Беларуссю па эканамічных, сацыяльных і культурных пытаннях з'яўляецца ключавым. Што датычыцца ўзаемнага гандлю, то губернатар разлічвае, што з завяршэннем крызісу двухбаковы тавараабарот будзе толькі павялічвацца. Прыкладам таго з'яўляецца станоўчая тэндэнцыя павелічэння гандлю ў чацвёртым квартале мінулага года і пачатку 2010 года.
У няпростых фінансава-эканамічных умовах Беларусь і Расія павінны не толькі не аслабляць развіццё кааперацыйных сувязяў, але і ствараць новыя мадэлі супрацоўніцтва, перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць, што не павінна быць абмежаванняў да доступу тавараў на рынкі адзін аднаго, паколькі дасягнутая ступень кааперацыі сведчыць, што вырабляецца агульны беларуска-расійскі прадукт. Прадпрыемствы Беларусі і Расіі павінны на роўных карыстацца мерамі дзяржпадтрымкі, мець доступ да дзяржаўных закупак і крэдытных рэсурсаў, лічыць Прэзідэнт.
На думку кіраўніка дзяржавы, можна дабіцца росту ўзаемнага тавараабароту за кошт пашырэння наменклатуры пастаўляемых тавараў з высокай дабаўленай вартасцю, перш за ўсё шляхам павелічэння долі высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі.
Гаворачы аб супрацоўніцтве Беларусі з Маскоўскай вобласцю, Прэзідэнт адзначыў, што гэты расійскі рэгіён з'яўляецца адным з прыярытэтных гандлёва-эканамічных партнёраў і займае трэцяе месца па аб'ёму ўзаемнага гандлю з рэгіёнамі Расіі. За 8 гадоў з моманту заключэння пагаднення паміж урадамі Беларусі і Маскоўскай вобласці аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве ўзаемны тавараабарот вырас больш як у 6 разоў. У найбольш спрыяльным 2008 годзе ён дасягнуў рэкорднага ўзроўню — амаль $3 млрд. Аляксандр Лукашэнка запэўніў губернатара, што ў гэтым напрамку беларускі бок будзе працаваць і далей. "Калі на гэта супрацоўніцтва будзе ваша воля, мы вельмі шмат можам зрабіць у бліжэйшыя гады", — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка выказаў зацікаўленасць беларускага боку ў сумеснай вытворчасці любых тавараў, пачынаючы ад машынабудавання і завяршаючы прадуктамі харчавання. "Лічу, гэта выгадна і Маскоўскай вобласці, паколькі нашы тавары, тэхніка ў паўтара, а часам і ў два разы таннейшая, чым замежныя аналагі", — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў аб гатоўнасці разгледзець магчымасці не толькі паставак беларускай прадукцыі, але і пашырэння сумеснай вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі на прадпрыемствах Маскоўскай вобласці.
Прэзідэнт таксама нагадаў аб паспяховай двухбаковай рабоце і ў іншых галінах. У прыватнасці, беларускія будаўнічыя арганізацыі на тэрыторыі Расіі падбіраюць ужо зямельны ўчастак пад узвядзенне 1 млн кв.м недарагога жылля. Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб гэта было ў Маскоўскай вобласці. Акрамя таго, наладжана паспяховае супрацоўніцтва ў галіне лазерных тэхналогій ХХІ стагоддзя.
Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.