Уладзімір Макей абмеркаваў праблемныя аспекты беларуска-расійскіх адносінаў
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей і яго расійскі калега Сяргей Нарышкін на сустрэчы 6 красавіка ў Маскве ў адкрытай і давяральнай форме абмеркавалі праблемныя аспекты беларуска-расійскіх адносінаў, перспектывы актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва па ўсіх кірунках.
Нагадаем, што рабочая паездка Кіраўніка Адміністрацыі Уладзіміра Макея ў расійскую сталіцу адбылася як развіццё дамоўленасцяў, дасягнутых раней у тэлефоннай размове паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расіі Аляксандрам Лукашэнкам і Дзмітрыем Мядзведзевым.
Уладзімір Макей і Сяргей Нарышкін дамовіліся аб прапрацоўцы сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў найбліжэйшы час, тэрміны і парадак дня якой будуць узгодненыя па дыпламатычных каналах. Пры гэтым прынцыповая пазіцыя беларускага боку заключаецца ў тым, каб гэта сустрэча мела канкрэтны, прадметны і змястоўны характар.
Уладзімір Макей правёў таксама шэраг гутарак у Пасольстве Беларусі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і абмеркаваў пытанні больш актыўнага прыцягнення патэнцыялу беларусаў, якія пражываюць у Расійскай Федэрацыі, у рэалізацыю канкрэтных гандлёва-эканамічных праектаў у Беларусі.
Акрамя таго, у Маскве Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі сустрэўся таксама з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным. Яны дэталёва разгледзелі актуальны парадак дня інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы.