Дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць дыялог каталіцкай і праваслаўнай цэркваў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора сустрэўся з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Тадэвушам Кандрусевічам.
Рымска-каталіцкая царква адыгрывае істотную ролю ў рэлігійным жыцці краіны, з'яўляючыся другой па колькасці вернікаў канфесіяй у Беларусі.
Дзяржава падтрымлівае і ў далейшым будзе падтрымліваць дыялог каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў мінскім Архікафедральным касцёле імя Прасвятой Дзевы Марыі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што стала добрай традыцыяй абмяркоўваць надзённыя праблемы з кіраўніцтвам адной з асноўных канфесій — каталіцкай. "Лічу, што гэта добры сігнал нашаму грамадству", — сказаў Прэзідэнт.
"Павінен сказаць, што ваша прысутнасць на Вялікдзень у праваслаўным саборы і наша з вамі сумеснае віншаванне былі дастойна ўспрыняты ў грамадстве", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Я рады, што такія добрыя адносіны складаюцца паміж каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі, для мяне гэта вельмі важна, я буду гэта падтрымліваць", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Каталіцкая і праваслаўная цэрквы павінны сумесна адказваць на выклікі сучаснасці, заявіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч.
Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў важнасць гэтай сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы: "Для нас важна, што мы можам весці такі дыялог". Ён адзначыў, што пасля папярэдніх сустрэч з Прэзідэнтам Беларусі, а таксама з Папам Рымскім "многія пытанні былі зняты".
"Для мяне выключна важна магчымасць дыялогу з іншымі канфесіямі, асабліва з праваслаўнай, — сказаў архіепіскап. — Мы — браты па веры і маем тыя ж самыя таінствы і сёння павінны разам адказваць на выклікі сучаснасці, многія з якіх пагражальныя. Калі мы разам, нашы галасы гучаць мацней. Тут няма іншай альтэрнатывы. Гэта наказ Ісуса Хрыста: каб усе жылі разам".
Тадэвуш Кандрусевіч запэўніў, што і ў далейшым будзе імкнуцца развіваць адносіны з іншымі канфесіямі. "Я проста не бачу іншага выйсця, паколькі сёння вельмі складаны час. Мы бачым, як у многіх краінах Захаду парламенцкай большасцю падтрымліваюцца гомасэксуальныя саюзы. Падтрымліваюцца аборты, эўтаназія. Але ж жыццё — гэта самы вялікі дар, які атрымаў чалавек, і ён не павінен выступаць супраць Бога. І ў гэтым пытанні мы адзіныя з праваслаўнай царквой", — адзначыў архіепіскап.
Ён выказаў задавальненне наконт таго, што ў Беларусі паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі ўстанавіліся добрыя адносіны. "Мне даводзіцца шмат ездзіць па свеце і сустракацца з людзьмі, не толькі католікамі, але і прадстаўнікамі іншых канфесій, — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч. — Яны здзіўляюцца, як удаецца ў Беларусі захаваць такі баланс паміж усімі канфесіямі. Я расказваю аб тым, што па беларускім тэлебачанні святы Вялікадня і Калядаў транслююцца як з каталіцкіх, так і з праваслаўных храмаў. Мы таксама ўзаемна прысутнічаем на каталіцкіх і праваслаўных канферэнцыях, іншых мерапрыемствах. І гэта вынік не толькі нашых добрых адносінаў, але і сведчанне міру, што мы імкнёмся да адзінства. Вядома, да поўнага адзінства яшчэ доўгая дарога, але яна пачынаецца з першага маленькага кроку. А ў нас ужо зроблены вялікі крок. Я рады таксама, што дзяржава падтрымлівае гэта імкненне да адзінства. Ад гэтага будзе залежаць будучае хрысціянства і будучае нашай краіны, якое павінна грунтавацца на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў".
Адказваючы на пытанні журналістаў, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што работа па падрыхтоўцы праекта пагаднення паміж Беларуссю і Святым прастолам ідзе актыўнымі тэмпамі.
"Спадзяюся, гэты дакумент будзе падпісаны ўжо ў гэтым годзе", — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч. Ён выказаў словы ўдзячнасці ў адрас Прэзідэнта Беларусі за яго адносіны да каталіцкай, праваслаўнай і іншых канфесій. "Мы павінны разам адказваць на ўсе сучасныя выклікі, і наша сіла будзе большая, калі мы будзем гаварыць разам", — адзначыў архіепіскап. Тадэвуш Кандрусевіч выказаў словы ўдзячнасці ў адрас дзяржавы, а таксама Аляксандра Лукашэнкі за дапамогу ў рэстаўрацыі старадаўніх касцёлаў. "Гэта наша агульная спадчына".
Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.