Белсоладу будзе выдзелена бюджэтная пазыка на зваротнай аснове ў памеры Br45,5 млрд
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка заслухаў даклад аб рэалізацыі праграмы развіцця піваварнай галіны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел віцэ-прэм'ер Іван Бамбіза, памочнік Прэзідэнта Сяргей Ткачоў і старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Іван Данчанка.
У гэтым годзе практычна завяршаецца ажыццяўленне гэтай праграмы, у выніку чаго вытворчыя магутнасці піваварных заводаў значна ўзрастуць і дадуць магчымасць ужо ў бліжэйшыя 2-3 гады задаволіць патрэбнасці насельніцтва ў якасным беларускім піве. Штогадовая вытворчасць гэтага напітку складзе каля 65 млн дал.
У піваварную галіну ўжо ўкладзены значныя сродкі. Гэта дзяржаўная падтрымка і немалыя фінансавыя рэсурсы прыватных інвестараў.
Размова ішла аб павышэнні канкурэнтаздольнасці беларускага піва. Менавіта з гэтай мэтай былі мадэрнізаваны піваварныя заводы, ідзе актыўнае тэхнічнае пераўзбраенне ААТ "Белсолад" у Іванаўскім раёне, дзе выпускаецца светлы ячны піваварны солад.
Гэта работа запатрабуе ў агульнай колькасці больш за Br90 млрд, з якіх каля Br24 млрд будзе выкарыстана на будаўніча-мантажныя работы, астатнія — на самае сучаснае ў галіне абсталяванне. Паводле слоў Івана Бамбізы, ужо да канца мая будзе запушчаны трэці этап гэтага праекта, што будзе азначаць поўнае тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемства.
Як далажылі Прэзідэнту, у адпаведнасці з праграмай мадэрнізацыі вытворчыя магутнасці "Белсолада" павінны павялічыцца ўдвая. У прыватнасці, замест 65 тыс. тон тут плануюць выпускаць 130 тыс. тон соладу. 55 працэнтаў ад гэтага аб'ёму прадукцыі пойдзе на экспарт. А гэта не менш як $15-20 млн валютнай выручкі ў год.
Вельмі важна, што ў выніку ўкаранення новых тэхналогій і сучаснага абсталявання павялічваецца эканамічная эфектыўнасць вытворчасці, зніжаецца сабекошт прадукцыі, вырашаецца пытанне канкурэнтаздольнасці ў плане цэнавага фактару. У прыватнасці, пры вытворчасці расход вады змяншаецца ў два разы, электраэнергіі — у паўтара раза, што ў выніку адбіваецца на зніжэнні сабекошту і павышэнні канкурэнтаздольнасці прадукту.
Каб паспяхова завяршыць рэалізацыю гэтага праекта па мадэрнізацыі і вырашыць фінансава-эканамічныя пытанні, "Белсоладу" патрабуецца яшчэ каля Br45,5 млрд. Гэта сума складае прыкладна палову ад ужо ўкладзеных у тэхнічнае пераўзбраенне сродкаў.
На разгляд кіраўніка дзяржавы была вынесена прапанова аб прадастаўленні бюджэтнай пазыкі "Белсоладу" на зваротнай аснове.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з гэтага года ў краіне спынена бюджэтнае фінансаванне суб'ектаў гаспадарання, якія самі павінны зарабляць грошы. "Бюджэт існуе не для таго, каб фінансаваць камерцыйныя структуры, якія самі павінны займацца вытворчасцю, рэалізоўваць прадукцыю і атрымліваць адпаведны прыбытак. Мы ўсе павінны разумець, што бюджэт — гэта не кармушка. Дзяржава сама павінна бачыць, куды ўкласці сродкі, каб атрымаць пэўную аддачу", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Службовым асобам давялося вытрымаць своеасаблівы экзамен, даказваючы выгаднасць і мэтазгоднасць для дзяржавы падтрымкі "Белсолада". Гарантавана высокая эфектыўнасць укладання сродкаў і поўнае напружанне кіраўнікоў і працоўнага калектыву прадпрыемства — вось дзве галоўныя ўмовы, якія Аляксандр Лукашэнка разглядае ў якасці абавязковых у пытанні аб выдачы пазыкі. Ён таксама назваў любую сітуацыю з аказаннем бюджэтнай падтрымкі суб'ектам гаспадарання ў вядомым сэнсе "надзвычайнай", у святле прынятага рашэння выключыць такую практыку з 1 студзеня гэтага года.
Пры прыняцці канчатковага рашэння было ўлічана, што ў развіццё прадпрыемства ўжо ўкладзены вялікія інвестыцыі. У мінулым годзе "Белсолад" не карыстаўся бюджэтнай падтрымкай, а расходаваў атрыманы ў 2008 годзе прыбытак і крэдытныя банкаўскія рэсурсы. Да таго ж праект, што ажыццяўляецца на прадпрыемстве, выгадны для краіны, садзейнічае нарошчванню беларускага экспарту.
Кіраўнік дзяржавы, заслухаўшы даклад, адобрыў выдзяленне "Белсоладу" бюджэтнай пазыкі на зваротнай аснове ў памеры Br45,5 млрд.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.