Культуры Беларусі і Расіі родніць адданасць высокім маральным ідэалам
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з адкрыццём Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства.
У віншаванні адзначаецца: "Лёсы нашых народаў непарыўна пераплецены паміж сабой, звязаны агульнасцю гістарычных каранёў і духоўных традыцый, а руская мова ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца адной з дзяржаўных моў".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што культуры Беларусі і Расіі родніць адданасць высокім маральным ідэалам, нястомнае імкненне да ўмацавання гуманізму, праўды і дабра, таму мы так лёгка разумеем адзін аднаго.
У гэты Год культуры расійскія гледачы змогуць азнаёміцца з лепшымі ўзорамі сучаснага беларускага мастацтва, атрымаць асалоду ад творчасці праслаўленых калектываў і выканаўцаў, маладых мастакоў, убачыць выстаўкі з фондаў нашых музеяў і кінафільмы апошніх гадоў.
"Няхай гэта маштабная творчая акцыя стане падарункам усім расіянам да 65-й гадавіны Вялікай Перамогі і адкрые новыя гарызонты для пашырэння культурнага супрацоўніцтва брацкіх краін", — гаворыцца ў віншаванні.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.