Аляксандр Лукашэнка: заўсёды буду абараняць інтарэсы беларускага народа і незалежнасць краіны
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ў святы дзень Пасхі наведаў мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх хрысціян, якія святкуюць Вялікдзень, з гэтым светлым днём. Ён таксама дадаў, што не толькі як Прэзідэнт, але і як проста грамадзянін прыйшоў падзякаваць Царкве, свяшчэннаслужыцелям за тыя намаганні, якія яны прыўносяць у жыццё грамадства.
"Для таго, каб прадстаўнікі розных канфесій маглі спакойна вызначаць свой лёс, нам патрэбна свая зямля, свая дзяржава, — лічыць Прэзідэнт. — Нам трэба абараняць гэту зямлю, і не дай божа абараняць яе са зброяй у руках".
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што заўсёды будзе абараняць інтарэсы беларускага народа, Царквы, а таксама незалежнасць краіны. "Незалежнасць — самае дарагое і святое, што можа быць у чалавека. Давайце берагчы нашу зямлю, захоўваць і прымнажаць яе багацці", — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да ўсіх прысутных у царкве, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння ўсе прыхаджане выглядаюць інакш, чым у папярэднія гады: "У вас у вачах свет надзеі. І нават не проста надзеі, а ўпэўненасці ў тым, што заўтра будзе яшчэ лепш". "Я перакананы, што так яно і будзе. Я буду рабіць усё, каб вам было лягчэй і лепш", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць сімвалічным, што каталіцкі, праваслаўны і пратэстанцкі Вялікадні прыпалі на адзін дзень. "Мы цалкам можам жыць у дружбе і міры", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асабліва кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікі ўклад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў дасягненне міжканфесійнага міру ў Беларусі.
Успамінаючы работу з Філарэтам на працягу паўтара дзясятка гадоў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за гэты час у іх ніколі не было супярэчнасцяў. "Уладыка заўсёды быў карэктны, акуратны і асцярожны ў выказваннях і ўчынках. Вельмі хацелася б, каб Гасподзь пасылаў нам толькі такіх служыцеляў Царквы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт яшчэ раз, на гэты раз ужо асабіста, павіншаваў Мітрапаліта Філарэта з юбілеем і падзякаваў яму за ўсё тое добрае, што ён зрабіў для беларускага народа. "Няхай Бог падорыць яму многія гады для служэння беларускаму народу", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка і Мітрапаліт Філарэт абмяняліся велікоднымі дарамі. Прэзідэнт перадаў велікоднае яйка, створанае ва ўнікальнай тэхніцы сожскай скані, распрацаванай беларускім майстрам Уладзімірам Цакуновым. Вышыня яйка каля 50 см. Унутры размешчана мініяцюрная скульптура прападобнай Ефрасінні Полацкай, па баках — два разныя медальёны з выявамі святога роўнаапостальскага Кірыла і праведнага Філарэта Міласцівага. Увенчвае яйка разны купал, стылізаваны пад мітру.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.