Экзатычны тур для дыктатуры

Источник материала:  
03.04.2010 16:28 — Новости Политики
Экзатычны тур для дыктатуры

Неверагодныя навіны прыносіць гэтая вясна. Высветлілася раптам, што пад натаўскія танкі беларусам класціся з гранатамі ўжо наўрад ці давядзецца.

Зусім яшчэ нядаўна ўсенародны подзвіг урачыста абяцалі ўсходняму суседу. А цяпер – чорта лысага. Не заслужыў. Незгаворлівы. Скупы. Халяўнай нафты не дае. Да таго ж у нас прарыў адбыўся. Стратэгічны. На напрамку іншым.

Калумб тутэйшы ў чарговы раз адкрыў Амерыку. Паўднёвую, зразумела. А заадно і Эльдарада, якое так доўга і безвынікова шукалі там канкістадоры. Па апошніх і зусім дакладных звестках месціцца яно недзе ў сельве. На ўзбярэжжы шумнацечнай ракі Арынока. Кантралюе яго палымяны Уга. Нафты ў ягоных ўладаннях – хоць заліся. І ў адрозненне ад каварных расійцаў, ён згодзен з нашым вандроўнікам чорным золатам шчодра падзяліцца. Не за шкляныя пацеркі, вядома. А за што насамрэч, не кожнаму сёння дазволена ведаць. А калі нарэшце гэта стане агульнавядомым фактам, магчыма, застанецца толькі плакаць.

Пакуль толькі амерыканцам удалося даведацца, што мае месца пэўны бартэр. Нафта ў абмен на найноўшыя радары. Па афіцыйнай жа версіі там проста створана сумеснае прадпрыемства нафтаздабычы. Братнія пачуцці і ўзнёслыя словы на размеркаванне здабытай сыравіны асабліва не паўплывалі. Венесуэла бярэ сабе шэсцьдзесят адсоткаў, беларускі бок – толькі сорак. Аднак і гэта выклікала ў чынавенскім асяроддзі эйфарыю і не малы галаўны боль: а як жа здабытае давезці да нашых НПЗ? Не самалётам жа, сапраўды. Аднак ініцыятар фантастычнай здзелкі адмёў рашуча ўсе сумневы маладушных: толькі морам!

Фрахтуем танкеры, загружаем. Перасякаем акіян. Праходзім Гібралтар, Сяродземнае мора, Дарданелы, Басфор. І калі тыя грувасткія і няўклюдныя танкеры нідзе не пераломяцца, не сутыкнуцца ў цесных пралівах з якой-небудзь турэцкай фялюгай і дапаўзуць нарэшце да Адэсы, перамога будзе поўнай. Чыноўнік, які ўмеў лічыць, уявіў сабе, у якую капеечку можа выліцца гэты шалёны праект. І асцярожна пацікавіўся, а як жа яшчэ з Адэсы ў Мазыр тую нафту даставіць? Гэта ж толькі на перавозку першага трафею спатрэбіцца 1330 чыгуначных цыстэрнаў. Якія грошы!.. Аднак правіцель ніякіх хістанняў ў сваіх шыхтах не дапусціў: бярыце гумавыя боты і цягайце! Зразумела, гэта ён так жартуе. Неяк давязуць. А пра кошты лепш увогуле ціха памаўчаць.

Высокі расійскі чыноўнік, добра дасведчаны ў асаблівасцях венесуэльскай нафтаздабычы, пачуўшы пра неверагодны план тутэйшага правіцеля забяспечыць нафтаперапрацоўчыя заводы краіны венесуэльскай сыравінай, толькі рукамі развёў. Сказаўшы на адрас ініцыятара крэатыўнай ідэі: няйначай ў яго ёсць вялікія грошы.

Вядома, ёсць. Вунь дарагі кітайскі госць паабяцаў пазычыць мільярд. І яшчэ даў проста так восем мільёнаў. На беднасць. І нічога, прынялі! Ужо ніякага сораму няма. Жабруем па-чорнаму. А ў галовах – фантастычныя праекты. І ўсё тая ж хлестакоўшчына.

Колькі іх было, тых мегапраектаў, якія павінны былі кудысьці вывесці Беларусь пад мудрым і нязменным кіраўніцтвам. Пасля кожнага экзатычнага тура і чарговага збліжэння з якім-небудзь ізгоем пачынаўся неверагодны эмацыйны ўздым. Вось узаемныя абяцанні перакладзем на мову пагадненняў, даставім нафту, газ і будзем усе заможна жыць. Толькі варта трошкі пацярпець. Зусім крыху.

Ужо нават пасля першых палымяных абдымкаў з незабыўным Садамам было ўрачыста абяцана, што той проста заліе добразычлівую Беларусь, якая дзеля яго так ахвотна псуе перад усім светам сваю рэпутацыю, іракскім чорным золатам. На тых авантурных здзелках вырашыла свае эканамічныя праблемы не самааахвярная Беларусь, а купка прыўладных прысцябаяў. Тым усё і скончылася.

Потым была яшчэ гарачая дружба з Лівійскай Джамахерыяй. Высветлілася, што яны таксама нам браты. І трэба нешта даць. А ўжо яны для нас не пашкадуюць нафты. Аднак і тыя надзеі сышлі бясследна ў гарачыя лівійскія пяскі. А далей быў Ахмадзінеджад. І абяцанне сябраваць супраць усяго цывілізаванага свету, які так несправядліва крыўдзіць два самыя дэмакратычныя рэжымы. У якіх проста свой адметны шлях. І неадольнае жаданне скруціць усім нязгодным галаву. Аднак і тут грандыёзныя праекты сышлі ў пустыню і ператварыліся ў міраж.

Выпраўляючы свайго першапраходца ў далёкія краіны, чынавенская Беларусь чакала залатыя горы. І неадкладна, бо эканоміка імкліва падала няведама куды. Але ў выніку тых падарожжаў, ліпавых здзелак і дамоваў дзяржава не атрымала нават жменькі фінікаў. Якая там ужо нафта!

А цяпер банкруты на ўсіх скрыжаваннях крычаць пра энергетычную бяспеку краіны. Спахапіліся. Падаюць у суд на Расію і мітусліва шукаюць выйсце з сітуацыі проста безвыходнай. Можна падумаць, што гэта ім нейкія зласліўцы падарвалі тую энергетычную бяспеку. А калі пра ўсё гэта настойліва даводзіла грамадства, крычала крыкам апазіцыя, калі Зянон Пазняк упарта пераконваў у неабходнасці неадкладнага будаўніцтва Балцка-Чарнаморскага калектара, яны ў адказ смяяліся і кпілі. І разам з Чарнамырдзіным рушылі бутафорскі памежны слуп. Якія межы – усё вакол агульнае. Народы – браты. Адна дзяржава. І нафта, газ – супольнае багацце. Якая там яшчэ энергабяспека, калі ў Расіі той сыравіны, як гразі. Бюджэт краіны мёртвымі вузламі прывязалі да звышпрыбыткаў ад рээкспарту расійскай нафты. І былі ўпэўнены, што яны проста геніяльныя эканамісты. Пры саўковай эканоміцы жывуць як пры капіталізме.

А потым усё ляснула. Брат старэйшы, нібы пасля вячэры ў рэстаране, прыслаў рахунак. Там улічана ўсё да драбязы. Нават чаявыя не забыліся ўключыць. І вось цяпер пакрыўджаныя бегаюць па свеце і шукаюць, хто пазычыць з дзесятак мільярдаў. І ў каго ёсць нафта. Каб потым моцна сябраваць у разліку на скідку. Толькі энергетычная бяспека аднаразовым аўралам чынавенства ніяк не вырашаецца. Спатрэбяцца доўгія гады цяжкой, ўпартай працы па забяспячэнні сапраўднага, а не дэкларатыўнага суверэнітэту.

Але ўжо не з гэтай камандай.

А ідэя з венесуэльскай здзелкай неблагая. Танкерамі, поўнымі амаль халяўнай нафты, можна дурыць галаву электарату на працягу ўсёй прэзідэнцкай кампаніі. Вось прыплывуць яны з-за мора, і будзем жыць як людзі. Толькі трэба пацярпець. Трошкі пачакаць. Зусім нядоўга. А потым, калі пасведчанне на новы тэрмін кіравання будзе ўжо у кішэні, можна паведаміць сумную навіну. Што ў акіяне раптам наляцеў страшэнны шторм. І знёс увесь караван у Бярмудскі трохкутнік. Дзе ён і знік бясследна. А разам з ім і надзеі беларусаў на магчымасць хоць нейкіх перамен.

Нічога тут не зробіш – стыхія!

←Беларусь и Вьетнам подписали план военно-технического сотрудничества на 2010 год

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика