Апазыцыя патрабуе новых зьменаў у выбарчым заканадаўстве
31.03.2010
—
Новости Политики
Беларуская дэмакратычная апазыцыя лічыць, што патрэбны дадатковыя зьмены ў выбарчае заканадаўства. Пра гэта яе прадстаўнікі заявілі сёньня на сустрэчы з супрацоўнікамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, якія знаходзяцца ў Менску.
Дэлегацыя БДІПЧ, якая прыехала ў Менск, складаецца з намесьніка старшыні Бюро Конрада Альшэўскага (Польшча) і экспэрта ў галіне выбараў Матса Ліндбэрга (Фінляндыя). У іхны мандат уваходзіць абмеркаваньне зьменаў у выбарчае заканадаўства, якія ўжо адбыліся сёлета. БДІПЧ мае да іх пэўнае дачыненьне, паколькі Бюро перасылала беларускім уладам і свае прапановы.Аднак улады прынялі зь іх далёка ня ўсе. Аляксандар Мілінкевіч, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч ды іншыя актывісты дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, чыю думку сёньня захацелі пачуць экспэрты Бюро, казалі: мадэрнізацыю Выбарчага кодэксу трэба працягваць, асабліва перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
Прапановы апазыцыі найперш тычацца трох праблемаў, сказаў «Свабодзе» ўдзельнік сёньняшняй сустрэчы, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:
«Першая — зусім не знайшла ніякага адлюстраваньня ў дзеяньнях уладаў працэдура падліку галасоў. Яна якой была, такой і засталася. Хаця БДІПЧ прапаноўваў шэраг практычных захадаў па зьмяненьні гэтай працэдуры.
Працэс фармаваньня камісіяў нібыта трохі і зьмяніўся, найперш участковых. Але тут, як кажуць, д’ябал хаваецца ў дэталях. Былі прапановы, каб кожны зарэгістраваны кандыдат мог мець свайго прадстаўніка ў выбарчых камісіях. Гэта вельмі важна для маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў. Такі досьвед ёсьць ва ўкраінскім і расейскім заканадаўстве.
Трэцяя праблема — датэрміновае галасаваньне. Думалі над тым, як зрабіць яго больш празрыстым, калі ўлады ніяк ня хочуць яго адмяняць».
Экспэрт у галіне выбараў, сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі Сяргей Альфер кажа: зьмены, на якія сёлета пайшлі беларускія ўлады, трэба разглядаць з колькаснага і якаснага бакоў:
«Калі перавесьці на мову матэматыкі, то, я думаю, больш за 50% прапаноў БДІПЧ былі ўключаныя ў выбарчы кодэкс. Але калі гэтую ж матэматыку перавесьці ў рэаліі, то атрымаецца, што ўлады ўзялі толькі тыя прапановы, якія ня ўносяць істотных зьменаў у выбарчае заканадаўства. Яно як было старым савецкім кансэрватыўным, такім, на жаль, і засталося».
Дэлегацыя Бюро, спасылаючыся на свой мандат, не камэнтуе перамоваў. Сустрэчы ў Цэнтравыбаркаме ў яе не было. Гэта зьвязана з экспэртным рангам дэлегацыі. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што існуе такі стандарт, згодна зь якім экспэрты Бюро размаўляюць з экспэртамі Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў.