“Як не было ў Эўразьвязу палітыкі адносна Беларусі, так і няма”
30.03.2010
—
Новости Политики
Новы паварот у спрэчцы вакол прадстаўніцтва Беларусі ў Эўранэсьце мы папрасілі пракамэнтаваць польскага палітоляга Войцэха Бародзіча-Смаліньскага.
Дракахруст: “Войцэх, што азначае паведамленьне, што сумесна з высокім прадстаўніком ЭЗ Кэтрын Эштан і эўракамісарам Штэфанам Фюле Эўрапарлямэнт падрыхтуе для Беларусі адмысловую «дарожную мапу рэформаў». Ступень яе выкананьня і будзе крытэрам, па якім вызначыцца ўзровень удзелу прадстаўнікоў беларускага парлямэнту ў працы Эўранэста"?Бародзіч-Смаліньскі: “Гэта азначае, што як не было ў Эўразьвязу палітыкі адносна Беларусі, так яе і няма. Гэта па-першае. А па-другое, гэта значыць, што няма згоды паміж спадарыняй Эштан і Эўракамісіяй. Наколькі разумею я і многія іншыя экспэрты, ідэя Ўсходняга партнэрства палягала ў тым, каб пачаць размаўляць без ніякіх папярэдніх умоваў. А зараз, амаль праз год пасьля таго, як партнэрства пачало працаваць, Эўрапарлямэнт і спадарыня Эштан выказваюцца з прынцыповасьцю, якой не было раней. Я разумею, што на гэта вялікі ўплыў мелі польскія дэпутаты, але зь іншага боку я не разумею, якая мэта гэтага. Я мяркую, што трэба было б як мага хутчэй запусьціць Эўранэст, даўшы там месца як прадстаўнікам апазыцыі, гэтак і прадстаўнікам палаты”.
Дракахруст: “Але менавіта беларускі бок такі варыянт адкідае. Афіцыйны Менск кажа, што паколькі Армэнія, Азэрбайджан і іншыя краіны партнэры прадстаўленыя парлямэнтамі, то і Беларусь павінна быць прадстаўленая толькі Нацыянальным сходам”.
Бародзіч-Смаліньскі: “І з гэтым можна пагадзіцца. Але да Беларусі ёсьць іншае стаўленьне. Мне гэта не зусім зразумела. У Армэніі і Азэрбайджане парлямэнты таксама абраныя недэмакратычна. Але Беларусь усе лічаць эўрапейскай краінай, а Азэрбайджан і Армэнію цяжка назваць такімі. І эўрапейскія стандарты больш жорсткія. Але гэта варта было сказаць ад пачатку. Аднак зараз дэпутаты Эўрапарлямэнту ня могуць пагадзіцца з тым, што ў Эўранэсьце будзе прадстаўленая палата і ня будзе прадстаўленая апазыцыя. Выхад тут можа быць такі, што Эўрапарлямэнт можа падзяліць гэтую квоту, 5 месцаў апазыцыі, 5 - палаце. Калі беларускія ўлады вырашаць не прысутнічаць,– хай не прысутнічаюць, але яны павінны ведаць, што для іх ёсьць месца.
Дракахруст: “Прычынай адкладаньня пачатку працы Эўранэсту стала ня столькі сама па сабе пазыцыя афіцыйнага Менску, колькі салідарная пазыцыя сьпікераў парлямэнтаў 5 іншых краін-партнэраў, якія запатрабавалі, каб Беларусь ў Эўранесьце была прадстаўленая толькі Нацыянальным сходам. На ваш погляд, што было прычынай гэтага дэмаршу?”
Бародзіч-Смаліньскі: “Можна разважаць пра гэта з двух пунктаў гледжаньня. Можна меркаваць, што там быў шантаж, што Беларусь заявіла, што такі ліст падпіша сьпікэр парлямэнту Грузіі, Беларусь не прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
Але я б разглядаў у іншым аспэкце. Гэта паказвае вялікі ўплыў беларускай дыпляматыі на 5 краін-партнэраў. Да таго ж адной з мэтаў Усходняга партнэрства было актывізаваць, умацаваць стасункі краін-партнэраў паміж сабой”.
Дракахруст: “Ну так, і яны ў гэтай сытуацыі прадэманстравалі дастатковую шчыльнасьць адносінаў паміж сабой, але зусім ня ў тым накірунку, ў якім чакаў Эўразьвяз”.
Бародзіч-Смаліньскі: “І гэта добра. Не заўсёды трэба выступаць так, як хоча Эўразьвяз. Дэмакратыя - гэтага магчымасьць выступаць згодна з уласнымі інтарэсамі”.