Пётр Пракаповіч: Насельніцтва Беларусі павінна спакойна ставіцца да нязначных ваганняў курсаў валют
Такую думку выказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч падчас справаздачы Прэзідэнту Беларусі.
Як далажыў Пётр Пракаповіч, курс беларускага рубля да кошыка валют па выніках двух месяцаў 2010 года застаецца стабільным, прагназуемым і поўнасцю адпавядае Асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі. За гэты перыяд курс беларускага рубля да кошыка замежных валют скараціўся на 0,7 працэнта (пры намечаным калідоры +/- 10 працэнтаў). Што датычыцца ваганняў унутры кошыка, то, як растлумачыў кіраўнік Нацбанка, гэта залежыць ад ваганняў валют, якія ўваходзяць у склад кошыка, а менавіта долара, еўра і расійскага рубля. "На жаль, гэтыя валюты непрадказальныя, ваганні іх значныя, у асобныя дні бываюць нават каля 1 працэнта. Ідзе пастаяннае ваганне долара да еўра, долара да расійскага рубля. Пры гэтым, зразумела, гэтыя ваганні адбіваюцца і ў нас у рэспубліцы". Ён таксама нагадаў, што апошнім часам назіраліся працэсы ўмацавання долара і аслаблення еўра. На думку старшыні праўлення Нацбанка, складана спрагназаваць гэтыя працэсы ў далейшым, аднак, улічваючы пастаяннае змяненне сітуацыі, можна чакаць умацавання еўра. Пётр Пракаповіч лічыць, што грамадзяне краіны павінны да гэтых працэсаў ставіцца спакойна. "Галоўнае — у нас няма ваганняў беларускага рубля да кошыка валют, і тое, што мы абяцалі ў пачатку года захаваць ваганні ў межах калідора +/- 10 працэнтаў і не выйсці за яго межы, мы выканаем. Ёсць усе магчымасці да канца года ўмацаваць нацыянальную валюту. Таму насельніцтва павінна спакойна ставіцца да тых нязначных ваганняў, якія назіраюцца сёння на рынку валют", — падкрэсліў кіраўнік Нацбанка.
Нацыянальны банк Беларусі рэкамендуе банкам да канца І паўгоддзя знізіць працэнтныя стаўкі па крэдытах да велічыні "стаўка рэфінансавання плюс 3 працэнты". Пётр Пракаповіч адзначыў, што працэнтныя стаўкі па крэдытах у студзені-лютым заставаліся даволі высокімі, але ў далейшым будуць паступова зніжацца. Ён таксама запэўніў, што гэта работа ў бліжэйшыя тры месяцы будзе завершана, і выказаў упэўненасць, што ўсе банкі выканаюць гэту рэкамендацыю ў поўным аб'ёме. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, Нацбанк працуе над тым, каб забяспечыць поўнае крэдытаванне эканомікі ў адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі. Так, па стану на 1 сакавіка 2010 года крэдытаванне рэальнага сектара эканомікі павялічылася на 29 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года пры прагнозных паказчыках 36-40 працэнтаў. Пётр Пракаповіч лічыць, што па выніках работы за першае паўгоддзе гэтыя прагнозныя паказчыкі будуць выкананы. Нарошчваецца таксама рэсурсная база банкаў. Што датычыцца крэдытавання жылля, то з пачатку года ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года, ільготнае крэдытаванне жылля павялічылася амаль у 1,6 раза.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.