Беларусь і Кітай дамовіліся наладжваць інвестыцыйную і гандлёвую кааперацыю

Источник материала:  

Беларусь і Кітай дамовіліся заахвочваць і падтрымліваць адпаведныя ведамствы і кампаніі дзвюх краін у наладжванні інвестыцыйнай і гандлёвай кааперацыі ў сферы інфраструктурнага будаўніцтва, энергетыкі, выкарыстання нетраў, тэлекамунікацый, высокіх тэхналогій і транспарту, ствараючы спрыяльныя ўмовы для ўзаемнага доступу тавараў і паслуг на рынкі Беларусі і Кітая. Аб гэтым гаворыцца ў сумесным камюніке, прынятым па выніках афіцыйнага візіту ў Беларусь намесніка старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь і Кітай будуць нарошчваць і паглыбляць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, працягваючы асвойваць нявыкарыстаны патэнцыял супрацоўніцтва, а таксама ўдасканальваць таварную структуру ўзаемнага гандлю, паляпшаць яго колькасныя і якасныя характарыстыкі. Бакі выказалі гатоўнасць і ў далейшым павышаць ролю створаных механізмаў гандлёва-эканамічнага, ваенна-тэхнічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Беларускі і кітайскі бакі зноў пацвердзілі, што комплекс заключаных паміж дзвюма дзяржавамі палітычных дакументаў стаў трывалай асновай паспяховага развіцця двухбаковых адносінаў у духу дружбы і ўзаемавыгаднага партнёрства.

Беларусь і Кітай таксама пацвердзілі гатоўнасць да далейшай актывізацыі палітычных кантактаў на аснове прынцыпаў узаемапавагі, раўнапраўя і ўзаемнай выгады, імкнення нарошчваць практычнае супрацоўніцтва ў галінах узаемнага інтарэсу. Бакі канстатавалі эфектыўнасць рэгулярных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях для паглыблення ўзаемаразумення, узгаднення пазіцый і развіцця ўзаемадзеяння і выказалі гатоўнасць падтрымліваць такія кантакты ў мэтах далейшага ўмацавання палітычнай асновы развіцця ўзаемаадносінаў.

Кітайскі бок падтрымлівае намаганні беларускага боку па забеспячэнні грамадскага і сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і выступае супраць умяшання любой дзяржавы ва ўнутраныя справы Беларусі пад якой бы там ні было маркай, гаворыцца ў сумесным камюніке.

Кітайскі бок зноў пацвердзіў павагу і разуменне шляху развіцця, выбранага беларускім народам у адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі сваёй краіны, а таксама праводзімай Беларуссю сацыяльна арыентаванай унутранай і шматвектарнай знешняй палітыкі.

У сваю чаргу беларускі бок пацвердзіў прыхільнасць да палітыкі "аднаго Кітая", выступаючы супраць уступлення Тайваня ў любыя міжнародныя арганізацыі, членамі якіх могуць быць толькі суверэнныя дзяржавы, і бярэ на сябе абавязацельствы не ўстанаўліваць якіх-небудзь афіцыйных кантактаў з Тайванем. "Беларускі бок падтрымлівае мірнае развіццё адносінаў паміж двума берагамі Тайваньскага праліва і справу мірнага аб'яднання Кітая, мяркуючы, што тайваньскае пытанне — унутраная справа Кітая, умешвацца ў якое не маюць права ніякія сілы звонку", — гаворыцца ў камюніке.

Беларускі бок адзначае, што Тыбет і Сіньцзян — неад'емныя часткі кітайскай тэрыторыі, рашуча выступае супраць умяшання любой краіны ва ўнутраныя справы Кітая з выкарыстаннем пытанняў, звязаных з Тыбетам і Сіньцзянам.

У дакуменце таксама адзначана, што ўзаемная падтрымка Беларусі і Кітая па пытаннях, што закранаюць жыццёва важныя інтарэсы, — яркае адлюстраванне высокага ўзроўню палітычнага даверу паміж дзвюма дзяржавамі.

Бакі зноў пацвердзілі імкненне да цеснага супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, навукі, культуры, моладзевай палітыкі і турызму з мэтай умацавання ўзаемаразумення двух народаў і сацыяльнай асновы беларуска-кітайскай дружбы. Бакі дамовіліся актывізаваць супрацоўніцтва вышэйшых навучальных устаноў, будуць стымуляваць вывучэнне кітайскай і беларускай моў і абмен лінгвістамі паміж ВНУ.

Беларусь і Кітай падтрымліваюць рэфармаванне ААН і Савета Бяспекі гэтай арганізацыі з мэтай павелічэння прадстаўленасці ў СБ у першую чаргу краін, якія сталі на шлях развіцця, для пашырэння доступу сярэдніх і малых дзяржаў да працэсу прыняцця рашэнняў у СБ ААН, гаворыцца далей у сумесным камюніке.

"Бакі выступаюць за пошук комплекснага вырашэння ўсіх пытанняў, звязаных з рэфармаваннем СБ, з дапамогай дэмакратычнай дыскусіі, з улікам зацікаўленасці ўсіх бакоў для дасягнення максімальнага кансэнсусу паміж членамі Арганізацыі", — гаворыцца ў камюніке.

Пры гэтым Беларусь і Кітай выступаюць супраць штучнага ўстанаўлення часавых межаў і навязвання правядзення рэформы Савета Бяспекі ААН пры наяўнасці рознагалоссяў паміж дзяржавамі-членамі.

Краіны таксама дамовіліся аб прадаўжэнні цеснага супрацоўніцтва ў рамках ААН і іншых міжнародных арганізацый. Беларусь і Кітай канстатавалі падабенства ці супадзенне пазіцый па шэрагу прынцыповых пытанняў міжнароднага парадку дня, такіх як процідзеянне сусветнаму фінансаваму крызісу, змяненне клімату і рэформа Савета Бяспекі ААН.

У камюніке бакі пацвердзілі, што ўдзяляюць сур'ёзную ўвагу пытанню змянення клімату, мяркуючы, што пагадненне, дасягнутае па выніках Капенгагенскай канферэнцыі ААН па змяненню клімату, з'яўляецца адлюстраваннем палітычнай волі ўсіх краін да актыўнага процідзеяння кліматычным змяненням і пацвярджэннем прынцыпу "агульнай, але дыферэнцыраванай адказнасці", у якім адзначана прыхільнасць Балійскай дарожнай карце, у прыватнасці адносна прадаўжэння паралельных перагаворных працэсаў адпаведна па Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату і Кіёцкаму пратаколу. Бакі лічаць, што вынікі Капенгагенскай канферэнцыі ствараюць палітычную перадумову для садзейнічання рэалізацыі Балійскай дарожнай карты і закладваюць аснову міжнароднай кааперацыі па процідзеянні змяненням клімату, абазначыўшы арыенціры для далейшых перагавораў.

Кітайскі бок падтрымлівае намаганні беларускага боку па падключэнні да міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне змянення клімату і пачне выкананне ўнутраных працэдур па ратыфікацыі беларускай папраўкі да Дадатку Б Кіёцкага пратакола да Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату.

Беларусь і Кітай таксама дамовіліся, што ва ўзаемадзеянні з іншымі членамі міжнароднай супольнасці будуць садзейнічаць станаўленню шматпалярнага светаўладкавання і цывілізаванай дэмакратызацыі міжнародных адносінаў у мэтах фарміравання больш справядлівага і гарманічнага свету.

←Пакт о непадении

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика