ПАРЭ хоча правесьці экспэртызу зьменаў у Выбарчы кодэкс

Источник материала:  

Палітычны камітэт ПАРЭ мае намер зьвярнуцца да Вэнэцыянскай камісіі з просьбай правесьці экспэртызу паправак, унесеных у Выбарчы кодэкс Беларусі ў 2009 годзе.

Адпаведнае рашэньне было прынятае па выніках пасяджэньня камітэту 18 сакавіка, на якім спэцдакладчык ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі Сініка Хурскайнен прадставіла мэмарандум аб сытуацыі ў краіне.

"Я за дыялёг з усімі бакамі, у тым ліку і зь беларускімі ўладамі, — заявіла Хурскайнен. — У той жа час я лічу, што ПАРЭ не павінна адмаўляцца ад крытычных выказваньняў або вылучэньня ўмоў. Дзяржава, якая жадае збліжэньня з Радай Эўропы, ня можа не прымаць устаноўленыя правілы гульні".

У сваім мэмарандуме Хурскайнен нагадала, што летам 2009 году ПАРЭ прыняла рашэньне аб аднаўленьні статусу спэцыяльна запрошанага для беларускага парлямэнту пры ўмове ўвядзеньня мараторыя на сьмяротную кару ў Беларусі. "Беларускія ўлады не скарысталі гэтую магчымасьць. Больш за тое, мінулым летам былі прыведзеныя ў выкананьне два сьмяротныя прысуды", — падкрэсьліла Хурскайнен. У той жа час яна прывітала стварэньне ў беларускім парлямэнце рабочай групы па абмеркаваньні адмены сьмяротнага пакараньня. На яе думку, неабходна арганізаваць сэмінар па гэтай тэматыцы з удзелам прадстаўнікоў Рады Эўропы і членаў рабочай групы.

Хурскайнен таксама адзначыла, што хацела б наведаць Беларусь да пачатку лета. Яна падкрэсьліла, што гэты візыт дазволіць ёй мець кантакты як з прадстаўнікамі ўлады, так і апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, і дасьць магчымасьць атрымаць аб'ектыўную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі.
←Лукашенко выразил соболезнования в связи со смертью Валентины Толкуновой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика