Ярмошыну ўвялі ў зман?
Трое барысаўчан, праваабаронца Марына Статкевіч і актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Васільеў і Віктар Гарбачоў, звярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію з заявай. Яны звярталі ўвагу ЦВК на непрадастаўленне ім інфармацыі пра час паседжання Барысаўскага райвыканкама, на якім зацвярджаўся склад участковых выбарчых камісій, а таксама інфармацыі аб персанальным складзе ўчастковых камісій.
Спіс сяброў участковых камісій быў апублікаваны ў газеце барысаўскай вертыкалі "Адзінства" праз шэсць дзён пасля рашэння выканкама, а абскардзіць яго рашэнне можна толькі на працягу трох дзён.Аб тым, як мцна захоўвалі "дзяржаўную таямніцу" барысаўскія чыноўнікі мы ўжо распавядалі. Па інфармацыі кіраўніка барысаўскай арганізацыі АГП Міхаіла Васільева, начальніца аргаддзелу Святлана Ўласава і супрацоўнік аддзела Павел Жуга на працягу працоўнага дня 9 сакавіка сцвярджалі, што не ведаюць, калі адбудзецца паседжанне.
На інфармацыйным стэндзе ў вестыбюлі райвыканкама ні 9 сакавіка да 18-55, ні на наступны дзень, з 9.00 раніцы, так і не з'яўлялася ніякіх аб'яў аб даце правядзення паседжання райвыканкама.
Пры гэтым Святлана Ўласава 9 сакавіка ўласнаручна запісала на паперы нібы свой нумар тэлефона, па якім прапанавала патэлефанаваць Міхаілу Васільеву раніцай 10 сакавіка, паабяцаўшы адказаць на хвалюючае яго пытанне. Як высвятлілася, тэлефон, запісаны чыноўніцай, на самой справе належаў Барысаўскаму вузлу сувязі і, натуральна, аб часе паседжання райвыканкама на тым канцы провада не ведалі і ведаць не маглі. Папера з уласнаручна запісаным нумарам, а таксама яе фотакопіі захоўваюцца ў Міхаіла Васільева.
Інфармацыйныя стэнды, на якіх адсутнічалі паведамленні аб часе паседжання Барысаўскага райвыканкама, былі зафіксаваныя лічбавым фотаапаратам (адзначаная дата і час здымкаў) Міхаіла Васільева.
Аповяд аб анекдатычных высілках барысаўскіх чыноўнікаў з'явіўся ў многіх электронных сродках масавай інфармацыі, Але Лідзіі Ярмошынай знаёміцца з імі няма калі, і яна не сумнеючыся падпісвае адказ, у якім у прыватнасці, напісана:
"Як растлумачылі супрацоўнікі райвыканкама, грамадзяніну Васільеву М.У. быў прадстаўлены кантактны тэлефон для ўдакладнення месца і часу паседжання выканаўчага камітэта па пытанні стварэння ўчастковых камісій, а 10 сакавіка, да паседжання выканкама, вывешаная на стэндзе інфармацыя аб часе паседжання. Аднак прадстаўленымі магчымасцямі для ўдакладнення часу паседжання, а затым з просьбай аб азнаямленні з тэкстам прынятага рашэння ніхто з Вас не звяртаўся.
Такім чынам, сцвярджэнне аб тым, што Ваша права на атрыманне неабходнай інфармацыі абмежавана, несапраўднае".
Вядома ж, і як заўсёды спадарыня Ярмошына не хлусіць. Хлусіць хтосьці іншы…