Выбары: байкот з адтэрміноўкай

Источник материала:  
Выбары: байкот з адтэрміноўкайНа гэтым тыдні Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вызначаць, якімі будуць іхныя далейшыя дзеяньні на выбарах — байкот ці працяг удзелу ў кампаніі. Рашэньне залежыць ад таго, якімі будуць вынікі рэгістрацыі кандыдатаў. Сёньня – апошні дзень, калі вылучэнцы могуць здаць у выбарчыя камісіі неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты.MAГІЛЁЎШЧЫНА

“Мандаты атрымаюць усе, бо такі сцэнар гульні з апазыцыяй”

На Магілёўшчыне каля чатырох дзясяткаў апазыцыянэраў рэгіструюцца кандыдатамі на дэпутацтва. Бальшыня зь іх упэўненая, што атрымае мандат кандыдата.

У партыйным сьпісе абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі — пяцёра вылучэнцаў. Яшчэ двое вылучаюцца шляхам збору подпісаў.

Уладзімер Шанцаў
“Мандат кандыдата ў дэпутаты атрымаюць усе. Гульня, распачатая з апазыцыяй, адбываецца паводле такога сцэнару. Далей будзе тое ж самае, што й з вылучэньнем ва ўчастковыя камісіі. Туды не ўзялі наагул нікога па Магілёўскай вобласьці”, — заяўляе кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Ўладзімер Шанцаў.

Партыец не выключае магчымасьці байкатаваньня выбараў нават у выпадку рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты вылучэнцаў ад АГП. Такое рашэньне, аднак, павінен прыняць партыйны зьезд. Ён адбудзецца 21 сакавіка.

“Мандат кандыдата не гарантуе месца ў савеце”

Трое з чатырох вылучэнцаў ад абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” ужо атрымалі мандат кандыдата ў дэпутаты. Так сьцьвярджае кіраўнік арганізацыі Валер Беразіенка. Партыец, аднак, упэўнены, што ніхто зь іх не атрымае месца ў саветах.

Валер Беразіенка
“Мы так і будзем гаварыць, што мы ведаем, што мы ня пройдзем, але мы хочам сказаць выбарцам, што робіцца ў нашай краіне. Ці яны прыйдуць на выбары, ці ня прыйдуць, — вынік ужо даўно вядомы. Я магу вам загадзя напісаць сьпіс людзей, якія будуць дэпутатамі”.

Каля трох дзясяткаў грамадзкіх і партыйных актывістаў на Магілёўшчыне вылучаюцца шляхам збору подпісаў.

Юры Новікаў
Каардынатар абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юры Новікаў упэўнены, што большую частку зь іх зарэгіструюць кандыдатамі. Аднак шанцаў на тое, што нехта стане дэпутатам, няма. Улада ідзе нават на парушэньне тых законаў, якія сама й прымала, дык што тады чакаць апазыцыі, — заяўляе Новікаў:

“Ёсьць участковыя камісіі, у складзе якіх няма нават адной траціны прадстаўнікоў ад прадзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Калі ў складзе камісіі 15 чалавек, дык толькі 2—3 чалавекі ад БРСМ ці ад “Белай Русі”. Нават гэтая прапорцыя парушаная”.

ВІЦЕБШЧЫНА

Некалькі прыхільнікаў БХД адмовіліся балятавацца

На Віцебшчыне актыўна дзейнічаюць актывісты стваранай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Але з прычыны ціску ўлады і яны мусяць сыходзіць з дыстанцыі.

Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец распавяла, што некалькі патэнцыйных кандыдатаў адмовіліся рэгістравацца і браць удзел у выбарах. Адзін зь іх — гэта малады будаўнік зь Віцебску Максім Анфілаў, у якога ў гарсавеце месяц таму не хацелі браць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Яму сказалі, што ён “усяго толькі маляр-тынкоўшчык” і яму ня варта прэтэндаваць на месца ў гарсавеце. Урэшце групу зарэгістравалі, але балятавацца ён не наважваецца і нават не бярэ тэлефонную слухаўку, распавядае Тацяна Севярынец:

“Не адказвае на тэлефанаваньні, а калі прыходжу да яго, то ніяк не магу засьпець дома. Але зь ім, з Максімам Анфілавым, — тут зразумела: ён зрабіў крок, а потым спалохаўся дужа. Бо адразу пачаў пытацца: а цяпер ня будуць чапляцца да маці? А да мяне? А да сваякоў? Карацей, у яго было шмат пытаньняў такога кшталту”.

“Малады хлопец ня вытрымаў моцнага маральнага ціску”

Тацяна Севярынец уваходзіла ў ініцыятыўную групу Максіма Анфілава. І лічыць, што на яго яшчэ на пачатку выбарчай кампаніі быў аказаны моцны маральны ціск, якога малады хлопец проста ня вытрымаў. Верагодна, ён баіцца за сваю будучыню — Максім выхоўваўся бяз бацькі, і ў сям’і цяжкае матэрыяльнае становішча.

Выпадкі ціску на прыхільнікаў БХД на Віцебшчыне не адзінкавыя, працягвае Тацяна Севярынец:

Тацяна Севярынец
“У Навалукомлі два выпадкі — патэнцыйныя кандыдаты Белавус і Валасач. На іх “наехалі” на працы вельмі моцна, і нават з Цэнтравыбаркаму, Ярмошына нібыта тэлефанавала ў Навалукомль і казала, каб людзей пакінулі ў спакоі, раз ужо яны наважыліся… Але самі людзі ведаюць, што ўсё адно ім спакою не дадуць”.

Міхаіл Валасач і Сьвятлана Белавус адмовіліся здаваць подпісы і вылучацца на кандыдатаў.

“Даводзіцца папраўляць камісіі, каб не дакучалі нашым людзям незаконнымі патрабаваньнямі”

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі “Справядлівы сьвет” Мікалай Селівашка распавёў, што ўсе яго аднапартыйцы, ахвотныя ісьці ў кандыдаты, цяпер здаюць дакумэнты. Вылучаюцца гэтыя прэтэндэнты непасрэдна ад партыі. Але ў камісій, якія займаюцца рэгістрацыяй, чамусьці зьяўляюцца не абумоўленыя заканадаўствам патрабаваньні. Спадар Селівашка, сябар абласной выбарчай камісіі, асабіста мусіў разьбіраць некалькі такіх выпадкаў:

Мікалай Селівашка
“Вось у некаторых месцах сказалі, што павінны быць завераны копіі партыйных дакумэнтаў. Маўляў, ідзіце да натарыюса і г.д. У заканадаўстве не сказана, што трэба нешта завяраць. Я ў пятніцу дзяжурыў, і давялося ўмешвацца — папраўляць камісіі, каб яны ня мучылі людзей дарма патрабаваньнямі, якіх няма ў заканадаўстве”.

У Полацку ў партыйца запатрабавалі далучыць да дакумэнтаў фатаздымак — можа, каб адразу выпісаць пасьведчаньне дэпутата, жартуе Мікалай Селівашка. І адзначае, што ў камісіях працуюць недастаткова кампэтэнтныя людзі, хаця пры іх фармаваньні выканкамы цьвердзілі, што абіраюць толькі самых-найсамых дасьведчаных.

Праз такую некампэтэнтнасьць могуць надарыцца яшчэ нейкія праблемы ў патэнцыйных кандыдатаў, асабліва сёньня, у апошні дзень падачы дакумэнтаў. Таму спадар Селівашка падкрэсьлівае: рыхтаваліся да ўдзелу ў выбарах 35 партыйных кандыдатаў, але колькі іх зарэгіструюць — сказаць цяжка.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

“Спачатку павіншавалі, а потым выключылі са складу камісій…”

Сем прадстаўнікоў дэмакратычных партый, якіх зацьвердзілі ў склад участковых камісіяў на паседжаньні Сьвіслацкага райвыканкаму, раптам былі выключаныя зь іх без тлумачэньня прычынаў.

Віктар Дзясяцік, які прысутнічаў на паседжаньні камісіі, сказаў нашаму радыё, што ён і ягоныя калегі папросту ў шоку ад такіх навінаў.

“Мы ўсе ў шоку, такога інцыдэнту не было за ўсю гісторыю выбараў: людзей уключылі ў камісію, павіншавалі, сказалі, што будзем разам працаваць, а тут выйшла раённая газэта — і нашых прозьвішчаў няма. Я такога не разумею, нібыта ў вочы плюнулі”.

Сёньня Віктар Дзясяцік напісаў скаргу ў акруговую камісію. Ён кажа, што сёньня здаў подпісы за вылучэньне яго ў кандыдаты, але ці будзе надалей удзельнічаць у выбарчай кампаніі, пакуль ня ведае. Маўляў, вырашым гэта на партыйным сходзе.

Нагадаю, што партыя БСДГ вылучыла ва ўчастковыя камісіі 4-х сваіх сябраў — Мікалая Лукшу, Міхаіла Казака, Аляксандра Палубінскага і Дзьмітрыя Бузука.

Яшчэ тры мясцовыя грамадзка-палітычныя актывісты вылучаліся шляхам збору подпісаў. Са слоў Віктара Дзясяціка, падчас фармаваньня камісій у выканкаме прозьвішчы сяброў камісіяў не агучваліся, аднак афіцыйна было заяўлена, што ўсе дэмакратычныя вылучэнцы ўвайшлі ў іх склад.

У наступныя дні вылучаным партыйцам і грамадзка-палітычным актывістам тэлефанавалі з выканкаму і паведамлялі пра тое, што яны ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісій. Вынік, аднак, аказаўся зусім нечаканым.
←Блеф есть блеф, или СССР-2

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика