Збор подпісаў у актывістаў БХД праходзіць нягладка
Уладзіміра Рамановіча, які балатуецца ў Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў і самастойна збірае подпісы, не пусцілі ў інтэрнат №3 Віцебскага тэхналагічнага універсітэта. Дзяжурная па інтэрнаце не дазволіла яму прайсці ў будынак, спаслаўшыся на забарону сваёй непасрэднай начальніцы, загадчыцы інтэрнатам. Сама загадчыца не змагла растлумачыць Рамановічу, на якіх законных падставах яна забараняе збор подпісаў у інтэрнаце. Пасля гэтага інцыдэнту малады палітык накіраваў скаргу ў Цэнтральную камісію па выбарах Рэспублікі Беларусь.
Адна з заснавальніц БХД Анастасія Сотнікава атрымала з Пракуратуры Віцебскай вобласці адказ на скаргу на парушэнне сябрамі Віцебскай гарадской выбарчай камісіі яе правоў і законных інтарэсаў.
У лісце за подпісам аднаго з намеснікаў пракурора вобласці гаворыцца, што зварот А. Сотнікавай перанакіраваная для разгляду і прыняцця меращ рэагавання. Кіраўніцтва Віцебскай гарадской выбарчай камісіі павінна высветліць, хто з сябраў камісіі спрабаваў уздзейнічаць на выбар Анастасіі вылучацца ў дэпутаты Віцебскага гарадскога Савета. Аднак для ўзбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да сябраў выбарчай камісіі недастаткова звестак і падставаў, патлумачылі ў пракуратуры.
Хрысціянская дэмакратка не верыць, што даб’ецца справядлівасці ў праваахоўных органах, але, тым не менш, інтэнсіўна збірае подпісы для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.