Нацбанк Беларусi рэкамендуе банкам знiжаць працэнтныя стаўкi на 0,5-1 працэнтны пункт штомесяц
Аб гэтым гаворыцца ў дакладзе старшынi праўлення Нацбанка Пятра Пракаповiча, тэкст якога размешчаны ў ведамасным часопiсе "Банковский вестник", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Плануецца, што стаўка рэфiнансавання ў Беларусi да канца 2010 года павiнна скласцi 9—12 працэнтаў. "Аднак, улiчваючы цяперашнiя макраэканамiчныя ўмовы i дынамiку iнфляцыi, на паказчык 12 працэнтаў неабходна выходзiць ужо ў другiм квартале. Гэта звязана з тым, што запланаваны эканамiчны рост не можа мець месца пры высокiх працэнтных стаўках", — лiчыць Пётр Пракаповiч.
Цяпер пытаннi крэдытавання дзяржаўных i буйных прадпрыемстваў вырашаюцца шляхам патаннення працэнтных ставак за кошт бюджэту. На гэта выдзелены вялiкiя рэсурсы. Інакш iдзе справа з крэдытаваннем насельнiцтва, малога i сярэдняга бiзнэсу. Гэтыя катэгорыi пазычальнiкаў у поўным аб'ёме адчулi на сабе ўдар росту працэнтных ставак. "У нас ёсць магчымасць для таго, каб забяспечыць iх паступовае знiжэнне i выйсцi да канца другога квартала на ўзровень стаўкi рэфiнансавання 12 працэнтаў, стаўкi па крэдытах — 15 працэнтаў, стаўкi па дэпазiтах — 11—13 працэнтаў гадавых, — падкрэслiў Пётр Пракаповiч.
Для забеспячэння неабходнай гiбкасцi рэагавання абменнага курсу на змяненне сiтуацыi на знешнiх рынках будзе выкарыстоўвацца калiдор ваганняў кошту кошыка валют ± 10 працэнтаў ад кошту кошыка, што склаўся да пачатку 2010 года. "У гэтым годзе рэзкiх ваганняў курсу беларускага рубля не прадбачыцца, для гэтага няма нiякiх падстаў. Пры гэтым у цэлым па году можа мець месца нязначнае ўмацаванне рубля", — адзначыў Пётр Пракаповiч.
Старшыня праўлення Нацбанка ў лiку важнейшых задач на гэты год назваў таксама павелiчэнне золатавалютных рэзерваў краiны. "За 2010 год золатавалютныя рэзервы павiнны ўзрасцi ў памеры ад $500 млн да $1,8 млрд, — сказаў Пётр Пракаповiч. — Аднак неабходна iмкнуцца да таго, каб да канца гэтага года яны дасягнулi не менш як $10 млрд. Сума нашых рэзерваў павiнна адпавядаць трохмесячнаму аб'ёму iмпарту".